Міжнародная сьледчая група пад кіраўніцтвам пракуратуры Нідэрляндаў заявіла сёньня, што Боінг 777 Малайзійскіх авіяліній, які пацярпеў крушэньне пад Данецкам у ліпені 2014 году, быў зьбіты ракетай з расейскага зэнітна-ракетнага комплексу «Бук».
Сьледзтва ўстанавіла, што ракета была запушчаная з населенага пункту Першамайскае, які быў пад кантролем сэпаратыстаў. Зэнітна-ракетны комплекс «Бук», зь якога была выпушчаная фатальная для Боінга ракета, быў дастаўлены з Расеі. Сьледчыя паказалі анімацыйную рэканструкцыю руху комплексу «Бук» з Расеі, пацьвярджаючы яе адпаведнымі відэазапісамі і фатаграфіямі ад сьведкаў ды аўдыёзапісамі з праслухоўваньня тэлефонных размоваў сэпаратыстаў.
Пасьля выпуску ракеты каля Першамайскага комплекс «Бук» вярнуўся ў Расею. У сьледзтва ёсьць запіс адпаведнай тэлефоннай размовы ад 18 ліпеня 2014 году, у якой паведамляецца, што «машына даўно ў Расеі».
Міжнародная сьледчая група таксама заявіла сваякам загінулых, што ім вядомыя імёны прыкладана 100 асобаў, датычных да гібелі лайнэра.
Сьледчыя заявілі, што яны разглядалі вэрсіі няшчаснага выпадку, тэракту або атакі з паветра, але доказаў гэтых вэрсій не знайшлі.
Як было заяўлена сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, сьледзтва шмат разоў зьвярталася да расейскага боку: «На некаторыя пытаньні атрымалі адказы, на галоўныя – не». Да гэтага часу Масква не дала сьледзтву здымкі з радараў. Разам з тым, сьледзтва атрымала доступ да нерассакрэчаных здымкаў з космасу, зробленых амэрыканцамі.