Дэбаты Клінтан і Трампа пабілі рэкорд колькасьці гледачоў

Дональд Трамп і Гілары Клінтан

Дэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША Гілары Клінтан і Дональда Трампа на амэрыканскім тэлебачаньні паглядзелі рэкордныя 84 млн чалавек, паведамляе BBC.

Папярэдні рэкорд быў усталяваны 36 гадоў таму. Прэзыдэнцкія дэбаты Джымі Картэра і Рональда Рэйгана ў 1980 годзе прыцягнулі да экрана 80,6 млн гледачоў.

У статыстыцы былі ўлічаныя толькі тыя, хто глядзеў дэбаты на адным з 13 амэрыканскіх тэлеканалаў у простым эфіры. Такім чынам, рэальная колькасьць гледачоў можа быць значна большай.

Акрамя таго, мільёны людзей ва ўсім сьвеце глядзелі выступ Клінтан і Трампа праз інтэрнэт або ў барах і на вечарынах. Сацыялягічная кампанія Nielsen паведаміла, што людзі ў асноўным не пераключалі каналы падчас 98-хвілінных дэбатаў.

У аўторак Трамп сказаў прыхільнікам, што чакаў падобнай увагі да дэбатаў.

Клінтан і Трампа чакаюць яшчэ два раўнды дэбатаў — 9 і 19 кастрычніка. Прэзыдэнцкія выбары ў ЗША пройдуць 8 лістапада.

У ходзе першых дэбатаў у Нью-Ёрку кандыдаты абмяркоўвалі шырокі спэктар тэмаў — ад расавай упярэджанасьці паліцыянтаў і зьмены падатковай сыстэмы да кібэратакі на амэрыканскія ўстановы, вайны з экстрэмістамі, асабістых якасьцяў кандыдатаў і іх стаўленьня да меншасьцяў і жанчын.

Абое згадвалі скандальныя эпізоды біяграфіяў суперніка. Так, Гілары Клінтан абвінаваціла Дональда Трампа ў тым, што ён не зрабіў здабыткам публікі свае падатковыя дэклярацыі, на што Трамп паабяцаў зрабіць гэта, калі Клінтан апублікуе ўсё сваё электроннае ліставаньне таго часу, калі яна ўзначальвала Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.