Кнігіня ў крышталёвым садзе

Абсалютная свабода ад умоўнасьцяў — такая рэдкая зьява, што сутыкаючыся з ёю, бянтэжысься.

Кацярына Лях

«Горад Мілаград» ― апатэоз унутранай разьняволенасьці, якая выліваецца ў неапісальным захапленьні жыцьцём. Між радкоў чытаеш яшчэ й абыякавасьць аўтаркі да меркаваньняў занудлівых крытыкаў. Нават чытач тут ― элемэнт неабавязковы. Песьня нарадзілася ― і ўсё на тым. Нехта пачуў? Добра. Пры тым што гэтае добра не аўтарцы, а таму, хто пачуў. Ёй і так хораша.

Гэта кніга, у якой першасныя ня вершы, а сам аўтар, унікальнае сьветабачаньне.

Вядома: мастака ад рамесьніка-пачаткоўца адрозьнівае ступень разьняволенасьці. Ёсьць такія творы, дзе ўсё роўна і гладка. Радкі падагнаныя, рыфмы дакладныя. Пад шкло і любавацца. Праўда, любавацца чамусь не хочацца. Бо ёсьць у няправільнасьці (умоўнай, вядома, бо што такое правільна?) нешта ад таямніцы сусьвету. Радкі, «быццам гук вандроўнай ліры, лёгкі, як уздых зямлі».

Дзіця танцуе так, быццам ніхто яго ня бачыць. Людка Сільнова гэтаксама высноўвае паэзію. Яе дзіцячасьць паўстае дзяцінствам чалавецтва, яго сьветлай парой, калі ўсё было цудам, калі кожны, без пасрэдніцтва «спэцыяліста», мог размаўляць з Найвышэйшым (няважна — чым менавіта), дзе кожны быў шаман і творца. Незакасьнелы погляд на сьвет зачароўвае і нават трошку палохае, бо ты выходзіш за межы лягічнай сувымернасьці рэчаў, мусіш даверыцца інтуіцыі, ісьці наўсьлеп, арыентуючыся адно на голас аўтара.

Падганяць вершы Людкі Сільновай пад адну характарыстыку значыць паводзіцца несумленна.

Падганяць вершы Людкі Сільновай пад адну характарыстыку значыць паводзіцца несумленна. Альбомныя накіды і балядныя стылізацыі, оды побытавым радасьцям і лірычныя шчырасьці, жаночыя споведы побач з мітамі ды казкамі ― здавалася б, дэструктыўная для зборніка сумесь. І ўсё ж суседзтва такіх твораў больш чым гарманічнае: яны вырастаюць з аднаго мітатворчага кораню.

Міталягічнае мысьленьне Людкі Сільновай — зьява ўнікальная. Зазвычай аўтар, які прагне казкі, вяртаецца ў мінуўшчыну, адпрэчвае выгоды сёньняшняга часу на карысьць цудам сівой даўніны. Людка Сільнова перавярнула звыклую схему дагары нагамі: безь вяртаньня ў старадаўні час перакройвае сучаснасьць. Сёньняшні Менск робіцца такім жа загадкавым, як суворыя замкі сярэднявечча, як ваўчыная Вільня, як велічны Полацк часоў нараджэньня княства. Вокладка дае ўяўленьне пра Мілаград як пра горад мітычны, фэнтэзійны. Зьмест раскрывае адваротнае: Мілаград ― сучасны горад, убачаны вачыма чалавека па-за часам.

Так, гэта кніга пра наш час, напісаная госьцяй з мінуўшчыны (ці іншай плянэты?). Так меркаваць пра аўтарку дазваляе яе адмысловы сьветапогляд. Казачнасьць — але не інфантыльнасьць, што прыводзіць да эскапізму. Жыцьцё ў сваім міталягізаваным вымярэньні для аўтаркі не эскапізм, а цалкам натуральная рэч. Што само па сабе — фантастыка.

Усьведамленьне такога дзіва адварочвае ўсякае жаданьне разважаць пра літаратурныя якасьці зборніка і абстрактны мастацкі ўзровень. Зразумела, у любым зборніку любога аўтара, без выключэньняў, будуць творы-вяршыні і прахадныя тэксты.

Мяне цікавіць іншае. Чаму так узрушваюць гэтыя вершы, часам камічныя, часам узвышаныя, часам амаль дзіцячыя? І, здаецца, справа вось у чым. Большасьць паэтаў (вызначэньне ўмоўнае і ўзятае дзеля зручнасьці), выбітных, геніяльных, вытанчаных, а зь імі — натоўп эпігонаў, глядзіць на сьвет з аднаго ракурсу ці хоць бы прыкладна на адным узроўні. Яны бачаць адну і тую ж карцінку і сілу таленту прыкладаюць на тое, каб па-свойму яе апісаць. Любяць ці не любяць рыфму, расстаўляюць у рознай чарговасьці паняткі «Бог — любоў — Радзіма — паэт», зьвяртаюцца да набыткаў папярэднікаў ці ідуць на злом галавы ― у выніку мы бачым адзін і той жа сьвет. Сільнова нейкім чынам не патрапіла на гэтую сярэднестатыстычную лінію агляду. Ракурс яе бачаньня зусім іншы.

Тут як з урокамі плаваньня: вам не тлумачаць, як навучыцца, не расьпісваюць рухі ў тэорыі — вывозяць на сярэдзіну ракі і кідаюць на хвалі. Плыві!

Творчасьць паэткі звышсугестыўная. Дасягаецца такі эфэкт проста: яна наўпрост пераносіць чытача ў свой сьвет замест таго, каб тлумачыць, як жа яго адкрыць. Тут як з урокамі плаваньня: вам не тлумачаць, як навучыцца, не расьпісваюць рухі ў тэорыі — вывозяць на сярэдзіну ракі і кідаюць на хвалі. Плыві!

Ёсьць у вершах Сільновай нешта ад паэзіі «блажэнных». На розум прыходзіць выказваньне Ахматавай пра «сор», зь якога растуць вершы. Але датычна кнігі Сільновай яно будзе жудасна несправядлівым: у яе сьвеце «сору» папросту не існуе. Ёсьць рэчы без ацэнкі, і кожную ты бачыш нібы ўпершыню. Людка Сільнова абнуляе звыклую шкалу каштоўнасьцяў і наноў называе рэчы, надаючы кожнай абсалютную вартасьць.

Усё гэта магло б павярнуцца творчай катастрофай, калі б не выключная натуральнасьць гучаньня верша, надзвычайнае валоданьне аўтаркі гукапісам. Непадробнасьць гэтая адчуваецца інстынктыўна. Тут як у Станіслаўскага: верыш альбо не. То бок, верыш.

У Насты Кудасавай, якая таксама перастварае сьвет вэрбальна, ёсьць вершы замовы, народжаныя пачуцьцём і жаданьнем яго абараніць. У Сільновай жа замовы — стыль расповеду. Кожная рэч — ад гораду ў цэлым да асобнай кветкі ― сьцьвярджаецца ў рэальнасьці праз магічны сьпеў. Людка Сільнова прыроджаны містык.

Твайго мяча
Жалезныя карункі
Зазналі сьмерць
У часу пацалунках...
Куды цяпер
Набор крывых манэт?..
Крану рукой
Шурпаты твой партрэт.

Баляда пра спачылага героя? Сьпеў засмучанай каханкі?

Усяго толькі паход у музэй. Без пазнакі аўтарства асобныя тэксты можна лёгка прыняць за адаптаваныя для сучаснага чытача старажытныя хваласьпевы.

Любую падзею яна апявае нароўні з вялікай бітвай ці іншым пераломным момантам у біяграфіі чалавецтва. Акром жартаў: прагляд тэлевізара перад сном па гучаньні не саступае асобным фрагмэнтам «Песьні песьняў». Бібліятэка — месца працы ― ператвараецца ў кніжнае княства таемнасьці, дзе сама Сільнова — кнігіня. З такім патасам паэты даўніны ўсхвалялі Александрыю, ці старажытную Трою, ці Дэльфы. І ўсё гэта — без адценьня іроніі. І ўсяму верыш.

Цэласнасьць фантастычнага сьвету Сільновай пацьвярджаецца яшчэ і тым, што горад у яе не супрацьпастаўляецца прыродзе: ён лягічны працяг сьветастварэньня.

Трамвай ружовы, як трускалкі
(Што са сьцябліны — і да каўкі
Днём дачным, вольным, залатым!),
Імчыць: «Ты-тым, ты-тым, ты-тым».
І немінуча
Усё гэта:
Свабода, будучыня,
Лета.
Яно, гарачае, ляціць.
Зьвініць! Грукоча! Стракаціць!
І забірае з паплавоў
Чаканьня тых, хто быў гатоў...

(зь верша «Залатая горка»)

Зборнік жыве адзіным рытмам (многія вершы паўтараюць адзін і той жа памер), што сьведчыць, аднак, не пра творчую зашоранасьць аўтара ці абмежаваныя тэхнічныя магчымасьці, а пра суцэльнасьць яе творчага сьвету. Адна суцэльная песьня, «адвечная песьня» ― але не барацьбы чалавека за існаваньне, а гармоніі са сьветам і Часам.