Добры вечар! Нібыта беларускія ўлады папрасілі Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця ацаніць прыватызацыйную вартасьць 5 прадпрыемстваў. Гэта беспамылковы знак, што краіне патрэбныя новыя заходнія крэдыты. Дарэчы, сёлета беларуская вонкавая запазычанасьць ўжо пасьпела вырасьці на 9 зь лішкам адсоткаў. Цяпер кожны зь беларусаў, і стары, і малы, незалежна ад ступені сваёй эканамічнай ангажаванасьці ў жыцьцё, завінаваціўся замежным банкірам 1500 даляраў.
ВІЦЕБСК – ГЭТА ВАМ НЕ БЕЛАСТОК. Віцябляне выйшлі пратэставаць супраць будаўніцтва копіі Сафійскага сабору ў горадзе. Маўляў, няма такой традыцыі, і да таго пабудова зьнішчыць гарадзкі парк. У Віцебску, які па колькасьці насельніцтва больш-менш роўны Беластоку, усяго некалькі цэркваў і касьцёлаў. А ў Беластоку 35 рыма-каталіцкіх і 12 праваслаўных парафій, і практычна кожная зь іх мае прынамсі адзін храм. І вернікі ўсё яшчэ даюць грошы на пабудову новых.
«ДАРМАЕДАЎ» ПАКУЛЬ ЗАПРАШАЮЦЬ. Падатковая інспэкцыя стала рассылаць патэнцыйным платнікам «падатку на дармаедаў» афіцыйныя паведамленьні пра неабходнасьць зьявіцца для тлумачэньняў наконт удзелу ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў. Выкрываньнем «дармаедаў» у Беларусі займаюцца КДБ, Сьледчы камітэт, Камітэт дзяржкантролю, Дзяржаўны памежны камітэт, Фонд сацыяльнай абароны, Міністэрства абароны, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях і Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў.
ФАНТОМНЫ БОЛЬ КЕБІЧА. «Мы былі сфармаваны ў сыстэме, якая надоўга і глыбока кожнага чалавека траўмавала сьветапоглядна, мэнтальна, каштоўнасна-духоўна. Для многіх людзей майго пакаленьня і для шасьцідзесяцігадовых дагэтуль гэты боль існуе. Я называю гэты стан фантомным болем» – так Генадзій Бурбуліс, адзін з аўтараў і падпісантаў Белавескіх пагадненьняў аб роспуску СССР, пракамэнтаваў нашай калезе Ганьне Соўсь шкадаваньне Вячаслава Кебіча аб тым, што былы прэм’ер-міністар Беларусі таксама апынуўся сярод падпісантаў тых пагадненьняў.
СКАЗАНА ЯК ЗЬВЯЗАНА. Здагадайцеся зь першага разу, пра якую краіну размова: «Унутры краіны няма прававога мэханізму даказаць фальсыфікацыю выбараў. Мы ня можам дамагчыся справядлівасьці ў мясцовых судах. У народу няма магчымасьці прававым шляхам супрацьстаяць фальсыфікацыі выбараў». Ну ясна, гэта ж пра Азэрбайджан.