У панядзелак у прыгарадзе Нью-Ёрку ва ўнівэрсытэце Хофстра прайшлі першыя з трох дэбатаў кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША дэмакрата Гілары Клінтан і рэспубліканца Дональда Трампа.
Дэбаты разглядаліся як вельмі важная, патэнцыйна вырашальная падзея прэзыдэнцкай кампаніі, паколькі, паводле апытаньняў, разрыў паміж двума кандыдатамі скараціўся ў сярэднім да двух працэнтных пунктаў. Пры гэтым усяго толькі некалькі тыдняў таму лідэрства Гілары Клінтан выглядала непераадольным для Трампа.
Вы можаце паглядзець запіс іх прамой трансьляцыі з сынхронным перакладам, якую вялі нашы калегі з «Голасу Амэрыкі».
Паўтарагадзінныя дэбаты былі прысьвечаны абмеркаваньню трох важных, на думку іх арганізатараў, тэм: эканамічных цяжкасьцяў, зь якім сутыкнуўся сярэдняя кляса, праблеме расавых адносін і бясьпекі краіны. Як і чакалася, погляды і рэкамэндацыі кандыдатаў рэзка разышліся.
Самыя заможныя павінны рабіць унёсак у дабрабыт усіх, пераконвае электарат Клінтан.
Гілары Клінтан, якой неабходна прыцягнуць на свой бок тых, хто ўсё яшчэ вагаецца зь ліку традыцыйнага электарату дэмакратычнай партыі, у тым ліку, этнічныя меншасьці і моладзь, прапанавала выбаршчыкам бачаньне эканомікі, якая, паводле яе, «працуе для ўсіх». Яна паабяцала падняць мінімальную заработную плату, забясьпечыць бясплатную або вельмі танную вышэйшую адукацыю для дзяцей зь сем’яў зь нізкімі даходамі. Яна таксама абвясьціла, што мае намер фінансаваць больш высокі ўзровень жыцьця сярэдняй клясы, падвысіўшы падаткі на амэрыканцаў з самымі высокімі даходамі. Самыя заможныя павінны рабіць унёсак у дабрабыт усіх, пераконвае электарат Клінтан.
Трамп прапанаваў сябе ў якасьці лідэра, які гарантуе вяршэнства «закону і парадку».
Дональд Трамп, які зьвяртаецца да выбарнікаў, якія страцілі працу ў выніку адтоку амэрыканскіх працоўных месцаў за мяжу, намаляваў карціну эканамічнага згасаньня Злучаных Штатаў пад кіраўніцтвам дэмакратаў і назваў прычыну гэтай праблемы: Мэксыка, Кітай і іншыя краіны «крадуць амэрыканскія працоўныя месцы». Ён абяцае перакрэсьліць несправядлівыя, паводле яго слоў, дамовы, увесьці тарыфы з тым, каб амэрыканскім кампаніям стала нявыгадным пераносіць штаб-кватэры за мяжу. Трамп прапанаваў сябе ў якасьці лідэра, які гарантуе вяршэнства «закону і парадку», які падтрымае намаганьні паліцыі і зможа забясьпечыць бясьпеку ў раёнах з высокім узроўнем злачыннасьці дзе, як правіла, пражываюць афраамэрыканцы, якія, па словах рэспубліканскага кандыдата, жывуць «у пякельных умовах».
Як і чакалася, Клінтан старалася не ўступаць у сварку з Трампам, ад якога сыходзілі рэзкія, часам на мяжы паліткарэктнасьці заявы. Яна спрабавала прадставіць сябе палітыкам, глыбока дасьведчаным у найважнейшых для краіны праблемах, які валодае рэцэптамі іх рашэньняў. Пасьля аднаго з эмацыйных нападаў Дональда Трампа Гілары Клінтан вытрымала паўзу і пад аплядысмэнты залі, якая, згодна з умовамі дэбатаў, не павінен была даваць волю эмоцыям, сказала: «Так, я рыхтавалася да гэтых дэбатаў, і я гатовая заступіць на пасаду прэзыдэнта».
Калі гаворка пайшла пра бясьпеку краіны, Клінтан ўсклала адказнасьць за кібэратакі на сэрвэры Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі на Расею і абвінаваціла Трампа ў тым, што той заклікаў расейскіх хакераў выкрадаць дакумэнты з кампутараў амэрыканцаў. На што Трамп адказаў, што за узломам амэрыканскіх кампутарных сетак маглі стаяць не расейцы, а кітайцы або іранцы, але абараняцца ад кібэратак, вядома ж, неабходна.
За паўтары гадзіны дэбатаў кандыдаты, хутчэй за ўсё, не падманулі чаканьняў сваіх прыхільнікаў, але ці прыцягнулі яны на свой бок новых прыхільнікаў, будзе вядома толькі пасьля правядзеньня апытаньняў грамадзкай думкі. Яны відавочна не нанесьлі адзін аднаму накаўтуючых удараў. Хоць спрабавалі. Трамп скончыў дэбаты такім заклікам: «Так, у яе ёсьць вопыт, але гэта нэгатыўны вопыт. Краіна ня можа дазволіць сабе на наступныя чатыры гады лідэра, у якога такі досьвед».
Суразмоўцу Радыё Свабода, прафэсара дэнвэрскага ўнівэрсытэту Джонатана Адэлмана гэты аргумэнт не пераконвае:
— На мой погляд, няма сумневаў, што для Дональда Трампа гэта былі няўдалыя дэбаты. Ён не разумее, што сабой уяўляюць дэбаты. У яго няма зусім ніякага вопыту працы ў галіне дзяржаўнага кіраваньня, міжнародных адносін. Ён бізнэсмэн, і гэта было ярка прадэманстравана падчас дэбатаў. На гэты раз ён здолеў сябе кантраляваць, але Клінтан была ў пастаяннай атацы, і яна разьбіла яго па ўсіх пунктах. Я мяркую, што гэтыя дэбаты могуць дапамагчы ёй перамагчы на выбарах. Так, сёе-тое са сказанага Трампам мае сэнс, напрыклад, яго погляд на эканамічную сытуацыю. Але ён зусім быў не здольны, як мне здаецца, згуляць на слабасьцях Гілары Клінтан, якая, паводле апытаньняў, не падабаецца 65 працэнтам амэрыканцаў.
Прафэсар Х’юстанскага ўнівэрсытэту Пол Грэгары таксама лічыць, што Гілары Клінтан выглядала мацней, але заклікае не сьпяшацца з высновамі:
— Дональд Трамп, і гэта відавочна, быў менш дасьведчаны ў розных пытаньнях, якія абмяркоўваліся падчас дэбатаў, ён не адчуваў сябе камфортна. Яму, як мне падалося, было неверагодна цяжка нанесьці Клінтан адчувальны ўдар. Але мушу прызнаць, што падобныя пачуцьці ў мяне складваліся і пасьля дэбатаў падчас першасных выбараў, калі значная частка рэспубліканскага электарату знаходзіла ў заявах Трампа сугучныя ім матывы. Ня выключана, што нешта падобнае адбудзецца і цяпер. Так што я б ня вельмі прыслухоўваўся да меркаваньня экспэртаў, а дачакаўся б водгукаў выбаршчыкаў.
Палітоляг Эрык Шыраеў з унівэрсытэту імя Джорджа Мэйсана лічыць, што дэбаты скончыліся нічыёй:
— Клінтан хацела ня страціць галасы выбаршчыкаў, Трамп хацеў набыць два-тры працэнты галасоў. Думаю, яны са сваёй задачай справіліся. Гляджу цяпер лібэральныя сродкі інфармацыі — яны прадказваюць перамогу Клінтан, кансэрватыўныя лічаць, што гэта была нічыя, Трамп, можа, паказаў сябе лепш.
— Цікава, што расейская тэма прайшла амаль непрыкметна падчас дэбатаў?
— Расея прагучала мімаходзь, мімалётам, між іншым. Хутчэй за ўсё, гэтая тэма будзе заплянавана на другія-трэція дэбаты.
Ключавыя моманты выступленняў
Пра хакераў і Расею
Гілары Клінтан: Думаю, кібэрнэтычная бясьпека і кібэрвайна — гэта самая вялікая праблема для будучага прэзыдэнта. Ясна, што перад намі два цалкам розныя праціўнікі. Незалежныя групы хакераў, якія робяць гэта ў асноўным з камэрцыйных меркаваньняў, спрабуючы выкрасьці інфармацыю для ўзбагачэньня. І ўсё больш частыя атакі з боку дзяржаў, дзяржаўных органаў. Самы апошні прыклад і найбольш трывожны — Расея.
Няма сумневу, што Расея выкарыстоўвала кібэрнэтычныя напады супраць цэлага шэрагу арганізацый у нашай краіне, і гэта выклікае ў мяне вялікую занепакоенасьць. Я ведаю, што Дональд лічыць Пуціна годным пахвалы, але Пуцін ужо даўно гуляе тут у свае жорсткія гульні, і адна з рэчаў, якую ён зрабіў, — ён дазволіў гэтым хакерам ўлезьці ва ўрадавыя дасье, у асабістыя файлы, узламаць сыстэму Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі. Мы высьветлілі нядаўна, што гэта — адзін з упадабаных мэтадаў спарадзіць хаос і сабраць інфармацыю.
Мы павінны ясна паказаць Расеі, Кітаю, Ірану і ўсім астатнім, што Злучаныя Штаты валодаюць нашмат больш магутнымі магчымасьцямі, і мы не зьбіраемся сядзець бяз працы і глядзець, як іншыя дзяржавы палююць за нашай інфармацыяй — прыватнага сэктару або дзяржаўнай. Нам трэба будзе паказаць, што мы ня хочам выкарыстоўваць тыя рычагі, якія ў нас ёсьць, мы ня хочам увязвацца ў падобнага роду ваенныя дзеяньні, але мы абаронім грамадзян нашай краіны, і расейскаму боку ддавядзецца гэта зразумець.
Я думаю, яны прамацвалі — як далёка змогуць зайсьці, як мы адкажам. Менавіта таму я была ў шоку, калі Дональд публічна запрасіў Пуціна узломваць сэрвэры амэрыканцаў. Гэта непрымальна. Менавіта таму 50 афіцэраў бясьпекі, якія працавалі ў рэспубліканскіх адміністрацыях, заявілі, што Дональд не гатовы стаць галоўнакамандуючым. З-за такіх яго выказваньняў.
Дональд Трамп: Ня думаю, што нехта ведае дакладна, што менавіта Расея ўлезла ў сыстэму НКД. Яна кажа: Расея, Расея, Расея. Можа быць. Гэта магла быць Расея, а мог быць і Кітай. Гэта магла быць маса іншых людзей, гэта мог быць і нехта ў сваім ложку вагой у 400 футаў, так? Я ня ведаю, хто ўзламаў.
Your browser doesn’t support HTML5
Пра НАТО
Гілары Клінтан: У абароннага саюзу НАТО ёсьць нешта, што завецца 5 артыкул, які абвяшчае літаральна наступнае. Напад на аднаго зьяўляецца нападам на ўсіх. І ведаеце, у які адзіны момант гісторыі ён быў выкарыстаны? Пасьля 11 верасьня, калі 28 дзяржаў-членаў НАТО заявілі, што далучацца да нас у Аўганістане для барацьбы з тэрарызмам. Яны робяць гэта дагэтуль поруч з намі.
Дональд Трамп: Мы аплачваем прыблізна 73 адсотка бюджэту НАТО. Гэта шмат грошай на тое, каб ахоўваць іншых людзей. Але я цалкам за НАТО. Але павінен сказаць, што і яны павінны сканцэнтраваць увагу на тэрарызьме. І яны гэта зробяць. І гэта адбудзецца — паверце — ня ўпэўнены, што пачую за гэта словы падзякі — але гэта адбудзецца шмат у чым дзякуючы таму, што я казаў, дзякуючы маёй крытыцы НАТО.
Your browser doesn’t support HTML5
Пра Ісламскую дзяржаву
Дональд Трамп: Ведаеце, бяз розьніцы, яна кажа вам, як ваяваць з ІДзІЛ, проста ідзяце на яе старонку ў інтэрнэце, яна распавядае пра тое, як ваяваць з ІДзІЛ на сваёй старонцы. Ня думаю, што генэралу Дугласу Макартуру гэта б спадабалася.
Гілары Клінтан: Прынамсі, у мяне ёсьць плян, як ваяваць з ІДзІЛ.
Дональд Трамп: Не-не. Вы расказваеце суперніку ўсё, што зьбіраецеся рабіць.
Гілары Клінтан: Не, не расказваем, не расказваем.
і Вось бачыце, вы кажаце суперніку ўсё, што вы зьбіраецеся рабіць. Ня дзіўна, што вы змагаецеся... ня дзіўна, што вы змагаецеся з ІдзІЛ усё сваё сьвядомае жыцьцё.
Гілары Клінтан: Ну... Праверце факты. Займіцеся справай.
Пра тэмпэрамэнт
Гілары Клінтан: Абыякавае стаўленьне [Трампа] да ядзернай зброі выклікае вялікую занепакоенасьць. Гэта — самая вялікая небясьпека, якая ёсьць у сьвеце. І яна стане яшчэ больш сур’ёзнай, калі хоць нейкія ядзерныя матэрыялы патрапяць у рукі тэрарыстаў. Так што чалавек, якога разьюшвае пасланьне ў Твітэры, ня можа нават блізка падыходзіць да ядзерных кодаў, што, як я думаю, разумее любы разважны чалавек.
Дональд Трамп: Я даю нашмат больш цьвярозыя ацэнкі, чым яна. Ніякіх сумневаў. І тэмпэрамэнт у мяне лепш, чым у яе, ведаеце? Думаю, мой тэмпэрамэнт — гэта ў значнай меры мая самая моцная бок. У мяне характар пераможцы. Я ведаю, як перамагаць.