Беларускі калегіюм адкрыў набор на чарговы год. Праграма навучаньня

Валянцін Акудовіч

Сёлета Беларускі калегіюм будзе адзначаць сваё дваццацігодзьдзе.

Гэта найстарэйшая ў краіне плятформа нефармальнае адукацыі, чые адукацыйныя праграмы не дублююць курсаў, што выкладаюцца ў дзяржаўных і недзяржаўных унівэрсытэтах. За гады працы Беларускі калегіюм прапусьціў празь сябе больш за тысячу чалавек. Навучаньне бясплатнае.

Навучэнцам калегіюму могуць стаць асобы з вышэйшай адукацыяй або студэнты старэйшых курсаў. Набор абмяжоўваецца 20-25 кандыдатамі ў групу (цягам году зазвычай адбываецца пэўны адсеў, і да выпуску даходзіць значна меншая колькасьць).

Сёлета ў Беларускім калегіюме адкрыты набор на чатыры аддзяленьні: філязофіі і літаратуры, журналістыкі, найноўшай гісторыі і эўрапейскай палітыкі, грамадзтва, культуры.

Супраца паміж выкладчыкамі, навучэнцамі і выпускнікамі спрыяе разьвіцьцю беларускай інтэлектуальнай супольнасьці, заяўляюць у калегіюме. Практычна кожны навучэнец мае шанец знайсьці сваё мейсца ў сучаснай беларускай інтэлектуальнай і культурнай прафэсійнай прасторы.

Аддзяленьне філязофіі і літаратуры вядзе вядомы беларускі мысьляр Валянцін Акудовіч. Выкладаюць вядомыя ў краіне і сьвеце інтэлектуалы і творцы. Кожны навучэнец будзе мець магчымасьць індывідуальных заняткаў для ўдасканаленьня сваіх тэкстаў — як філязофскіх, так і літаратурных. Праграма аддзяленьня разьлічаная на 2 або 3 гады. Слухачы 2-га і 3-га году могуць рабіць уласныя праекты, а таксама супольна выдаваць студэнцкі часопіс «Паміж». Студэнты і выпускнікі аддзяленьня пішуць і публікуюць свае работы, выдаюць кнігі і часта становяцца намінантамі і ляўрэатамі розных літаратурных конкурсаў і прэмій.

Праграма аддзяленьня журналістыкі разьлічаная на 2 гады. У першы год прапануецца пачатковы курс, які навучыць адрозьніваць прафэсійную журналістыку ад яе падмены агітацыяй і прапагандай, пашыранай у сёньняшняй Беларусі, а таксама прапануе сыстэмныя веды, неабходныя сучаснаму высокакляснаму журналісту. Другі год — гэта асноўны курс, засяроджаны на актуальных мэдыяпрактыках і паглыбленьні журналісцкіх спэцыялізацыяў. Абодва курсы прынясуць карысьць і пачаткоўцам, і адмыслоўцам. Вядзе аддзяленьне журналістка Тацяна Мельнічук. Шчыльная супраца з Беларускай асацыяцый журналістаў дае слухачам дадатковы бонус для ўваходу ў прафэсію. Навучэнцы калегіюму актыўна публікуюцца ў СМІ. За мінулы акадэмічны год студэнты аддзяленьня журналістыкі ўзбагацілі беларускую мэдыяпрастору больш як сотняй публікацый у папяровых і электронных выданьнях.

На аддзяленьні найноўшай гісторыі студэнты атрымліваюць веды пра такую важную і лёсавызначальную, але такую маладасьледаваную гісторыю Беларусі ХХ стагодзьдзя, яе трагічны і ўзьнёслы лёс. Заняткі вядуць найлепшыя беларускія гісторыкі, якія прэзэнтуюць вынікі сваіх апошніх дасьледаваньняў і сучасныя мэтадалёгіі ды практыкі гістарычнай навукі — тое, без чаго немагчыма кваліфікавана займацца гісторыяй. Шмат увагі надаецца практычным заняткам. Выкладчыкі аддзяленьня рыхтуюць гістарычныя вандроўкі і навуковыя падарожжы па Менску і Беларусі. Навучэнцы маюць магчымасьць прайсьці архіўную практыку. Апякуецца аддзяленьнем Аляксей Ластоўскі.

Аддзяленьне «Эўрапейская палітыка, грамадзтва, культура» прапануе ўнікальную для Беларусі адукацыйную праграму, якая дае паглыбленыя веды пра палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя ды культурныя працэсы ў Эўрапейскім зьвязе і Ўсходняй Эўропе. Праграма дае выдатны старт прафэсійнай кар’еры для маладых навукоўцаў і аналітыкаў, а таксама дапамагае ўсім зацікаўленым разабрацца з складанасьцямі сёньняшніх міжнародных рэалій. Аддзяленьнем кіруюць дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і палітоляг Вадзім Смок.