Заканадаўства пра аборты ў Беларусі і Польшчы: неба і зямля

Ці прымуць у Беларусі закон аб поўнай забароне абортаў на ўзор Польшчы? Удзельнікі: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Дракахруст: Дэпутаты польскага парлямэнту на мінулым тыдні прынялі ў першым чытаньні законапраект, які цалкам забараняе аборты ў краіне і ўводзіць крымінальную адказнасьць для кожнага, уключна з маці, хто прычыніцца да сьмерці зачатага дзіцяці.

Адначасова Сэйм, у якім большасьць маюць дэпутаты кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць», адхіліў канкурэнтны законапраект апазыцыі, які прапанаваў лібэралізацыю дзейнага закону аб дапушчальнасьці абортаў.

У Польшчы законапраект наконт забароны абортаў выклікаў масавыя рашучыя пратэсты.

Польшча не самотная ў такім катэгарычным рашэньні. У сьвеце шмат краінаў, дзе аборты забароненыя цалкам — гэта, напрыклад, Ірляндыя, Чылі, Эгіпэт, Філіпіны, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — як бачым, і Лацінская Амэрыка, і Афрыка, і Азія.

А якая з гэтым сытуацыя ў Беларусі? У краіне адно з самых лібэральных заканадаўстваў у сьвеце ў гэтым пытаньні. Аборт праводзіцца на жаданьне жанчыны пры тэрміне цяжарнасьці да 12 тыдняў, па сацыяльных паказаньнях — пры тэрміне цяжарнасьці да 22 тыдняў, а пры наяўнасьці мэдычных паказаньняў і згодзе жанчыны — незалежна ад тэрміну цяжарнасьці.

Пры гэтым, паводле зьвестак міністэрства аховы здароўя, за 20 гадоў колькасьць абортаў, якія робяць беларускі, зьнізілася амаль у 10 разоў: 218 тысячаў у 1993 годзе і 25 тысячаў у 2014 годзе.

За 20 гадоў колькасьць абортаў, якія робяць беларускі, зьнізілася амаль у 10 разоў.

Нягледзячы на гэта шмат беларусаў і беларусак цэняць безумоўнае права на аборт. Паводле апытаньня НІСЭПД у 2009 годзе 47% апытаных выказваліся за захаваньне цяперашняга стану, 21% — за абмежаваньне гэтага права выключна мэдычнымі паказаньнямі, і столькі ж — за тое, каб цалкам забараніць аборты. Пры гэтым цікава, што сярод прыхільнікаў Лукашэнкі прыхільнікаў забароны абортаў — 30%, сярод праціўнікаў — 8%. Варта адзначыць, што ў Беларусі праблема права на аборт ня робіцца палітычнай, вакол яе ня ломяцца палітычныя дзіды, як гэта адбываецца, скажам, у Польшчы або ЗША. Здаецца, толькі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя вылучае прынцып абмежаваньня гэтага права як сваё праграмнае палажэньне. Цікава, што Лукашэнка за 22 гады свайго кіраваньня выказаўся, здаецца, па ўсіх магчымых пытаньнях. Але не па гэтым.

Адзін з самых распаўсюджаных у грамадзтве аргумэнтаў супраць абортаў — рэлігійны, гэта грэх перад Богам. Сярод беларускіх праціўнікаў абортаў больш за палову спасылаецца менавіта на гэты аргумэнт. Ну а паколькі беларускае грамадзтва ня надта рэлігійнае, то ў выніку адносная большасьць выказваецца за захаваньне цяперашняга парадку рэчаў у гэтым пытаньні.

Арытмэтычна і апанэнтаў гэтага парадку хапае — у той або іншай ступені за абмежаваньне права на аборт выступае каля 40%. Але паколькі ўлада ў гэтым пытаньні — з большасьцю, то і асаблівага палітычнага руху ў гэтым пытаньні не назіраецца. Балазе, колькасьць абортаў за апошнія дзесяцігодзьдзі ўсё ж істотна скарацілася.

Так што ў гэтым пытаньні ня варта чакаць, што Беларусь пойдзе за Польшчай.

Карбалевіч: Што тычыцца самой Польшчы, то там сапраўды існуе самы строгі ў Эўропе закон наконт абортаў. Цяпер іх зьбіраюцца ўвогуле забараніць. Што выклікала пратэсты і вулічную акцыю.

Хачу нагадаць, што ў СССР у часы Сталіна таксама былі забароненыя аборты. Іх дазвол зьвязаны з постсталінскай лібэралізацыяй.

Думаю, Беларусі гэта не пагражае. Бо ў сфэры сямейных адносінаў Беларусь, можа, найбольш лібэральная і найменш кансэрватыўная краіна. Напрыклад, па колькасьці разводаў, распаду шлюбаў Беларусь займае адно з самых высокіх месцаў у сьвеце. Хоць, здавалася б, аўтарытарны рэжым і свабодныя норавы мала сумяшчальныя. Бо любы аўтарытарны рэжым завернуты на тэме маралі. Заўзята працуе камісія па маралі на чале з Мікалаем Чаргінцом. Афіцыйныя асобы, на чале з Лукашэнкам увесь час цьвердзяць пра традыцыйныя каштоўнасьці. Але гэтая «традыцыйнасьць» тычыцца ў асноўным адмоўнага стаўленьня да сэксуальных меншасьцяў.

У сфэры сямейных адносінаў Беларусь, можа, найбольш лібэральная і найменш кансэрватыўная краіна.

І на гэтым тле вялізная доля распаду шлюбаў, адносна вялікая колькасьць абортаў. Гэты парадокс я тлумачу тым, што фармаваньне аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі супала па часе з спажывецкім бумам, можа, нават спажывецкай рэвалюцыяй і сэксуальнай рэвалюцыяй. Тое, што Захад перажыў, на што перахварэў яшчэ ў 1960-ыя гады, тут гэта здарылася пасьля распаду камуністычнай сыстэмы.

Да таго ж, беларускае грамадзтва застаецца атэістычным. Рэлігійны рэнэсанс, які ахапіў усю постсавецкую прастору пасьля краху камуністычнага рэжыму, неяк хутка прайшоў, ня моцна захапіўшы асноўную масу грамадзтва. Для большасьці беларусаў стаўленьне да рэлігіі больш рытуальнае, сымбалічнае — пахрысьціць дзіця, павянчацца, і ўсё. Хрысьціянскія каштоўнасьці ня моцна ўкарэненыя ў грамадзтве.

Цыганкоў: Калі мы казалі пра тыя дзьве краіны ў Эўропе, якія маюць самае жорсткае падобнае заканадаўства, ажно да поўнай забароны абортаў, Ірляндыя і Польшча, дык гэта адны з самых рэлігійных краінаў у Эўропе і ў сьвеце.

Уплыў каталіцкай царквы ў Ірляндыі вельмі магутны. Польшча перажыла пэрыяд рэлігійнага рэнэсансу, пра які казаў Валер, пасьля развалу сацыялістычнага блёку, і пазыцыі касьцёлу там узмацніліся. Менавіта гэтым рэлігійным чыньнікам можна тлумачыць такое жорсткае заканадаўства ў гэтых краінах, і тое, чаму ў Беларусі гэтае пытаньне не гучыць на дзяржаўным узроўні.

Рэлігійнасьць беларусаў вельмі ўмоўная.

Рэлігійнасьць беларусаў вельмі ўмоўная, актыўнымі вернікамі, якія ходзяць штотыдзень у царкву ці ў касьцёл, зьяўляюцца некалькі працэнтаў, пераважна з пратэстанцкіх і каталіцкай грамадаў. Большасьць людзей, хоць і называе сябе падчас апытаньняў вернікамі, актыўна ніяк не выяўляе сваю рэлігійнасьць і нават ня ведае асноўных ўстояў праваслаўнай царквы. Калі браць палітычна і сацыяльна актыўных людзей, то там апошні тыдзень пасьля польскага рашэньня гэта самая гарачая тэма. Гэтае пытаньне кранае экзыстэнцыйныя асновы жыцьця — што азначае жыцьцё, зь якога моманту пачынаецца жыцьцё чалавека, як ставіцца да свабоды, да абавязкаў? Людзі сварацца з-за гэтага, выдаляюць адно аднаго зь сяброў. Гэта такі клубок праблемаў, віруе надзвычайная дыскусія. У афіцыйных жа СМІ ніякай дыскусіі на гэты конт не вядзецца.

Вельмі аптымістычна прагучала тая лічба, што колькасьць абортаў зьнізілася амаль у 10 разоў у Беларусі. Гэта кажа пра падвышэньне і культуры насельніцтва, і мэдыцыны, і стаўленьня да адказнасьці, ужываньня кантрацэпцыі і разуменьня, што аборт — гэта ў любым выпадку драма, нэгатыўная зьява.