Музычны партал Tuzin.fm абвясьціў пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў «Засьпявай 3.0». Вызначаныя журы пераможцы падзеляць прызавы фонд у 1500 эўра.
Выніковы канцэрт з удзелам сёлетніх пераможцаў і гурту Navi (пераможцы мінулага конкурсу), цырымонія ўзнагароджаньня, а таксама абвяшчэньне пераможцаў глядацкага галасаваньня пройдзе 22 кастрычніка ў менскім клюбе Coyote.
Сёлета ў конкурсе вызначаліся пераможцы ў трох намінацыях:
— Сьпяваная паэзія. Перамагла сьпявачка Pauline зь песьняй «Людзі, дзе вы?» на верш Ірыны Багдановіч «Смутак горада».
— Беларускі кавэр. Перамог гурт Leibonik з кавэрам на песьню «Я рок-музыкант» гурту «Мроя» (з дадатковым куплетам ад Leibonik).
— Замежны пераклад. Перамог пераклад песьні Эраса Рамацоці «Più Che Puoi» за аўтарствам Мікіты Найдзёнава, які выканалі Дзьмітры Нікановіч і Вольга Сацюк.