27-гадовы Іван Яравы з пазыўным «Пушкін», які ваяваў на Данбасе на баку сэпаратыстаў з лістапада 2014-га, стаў вядомай асобай у Беларусі ў лютым сёлета.
У кастрычніку 2015 году Іван Яравы быў затрыманы ў Воршы. Пра затрыманьне «Пушкіна» паведаміла газэта Адміністрацыі прэзыдэнта «СБ. Беларусь сегодня» ў артыкуле «Гастарбайтеры вайны» (нумар ад 11 лютага 2016 году).
Неўзабаве Свабода зьвязалася з «Пушкіным» (на той момант ён ужо знаходзіўся ў Растоўскай вобласьці), і ён пацьвердзіў факты, выкладзеныя ў публікацыі «СБ». Акрамя таго, Яравы расказаў, што сьледчы ставіўся да яго «па-чалавечы»: прыносіў ежу і цыгарэты, дазваляў гуляць у кампутарныя гульні. Паводле словаў Івана, праз тыдзень яго выпусьцілі зь СІЗА, папярэдзіўшы пра крымінальную адказнасьць за наёмніцтва, пасьля чаго «Пушкін» зноў паехаў на вайну. «Вярнуся, калі ў Беларусі пачнецца майдан, буду разганяць. Я супраць усіх вось гэтых... хто па-беларуску размаўляе. Нічога добрага зь імі ня будзе», — сказаў ён у размове са Свабодай у ліпені, знаходзячыся ў той момант на фронце.
Гісторыя з затрыманьнем і вызваленьнем Івана Яравога набыла вялікі рэзананс у беларускай мэдыяпрасторы. Блогер Антон Матолька неаднаразова зьвяртаўся да праваахоўнікаў з мэтай высьветліць, чаму летась тыя спачатку затрымалі, а пасьля адпусьцілі беларуса — баевіка «ЛНР». Але ніводзін з праваахоўных органаў адказнасьць за затрыманьне Івана Яравога на сябе так і ня ўзяў.
Тым часам у красавіку ў Беларусі былі прынятыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія дазваляюць прыцягнуць да адказнасьці фактычна любога беларуса, калі той браў удзел у ваенных дзеяньнях на тэрыторыі іншай краіны — незалежна ад таго, атрымліваў ён за гэта грошы ці не. Цяпер за ўдзел у ваенным канфлікце суд зможа пакараць 5 гадамі зьняволеньня, а за вэрбаваньне добраахвотнікаў — 10 гадамі.
«Абрыдла ламаць, буду будаваць»
У верасьні Свабода даведалася, што Іван Яравы вярнуўся ў Беларусь.
«15 жніўня я павесіў аўтамат на цьвік, усё, — напісаў баявік карэспандэнту Свабоды ў сацыяльнай сетцы. — Усіх прычын не скажу... Скажу адно: я сваё адбыў там. Будуць укры наступаць, вярнуся, а цяпер мне і тут нядрэнна, сабой займуся. Абрыдла ламаць, буду будаваць».
Свабода дамовілася з «Пушкіным», што 23 верасьня ён прыедзе на інтэрвію ў Менск. Але далей падзеі разьвіваліся амаль як у дэтэктыўным сцэнары.
Яравы павінен быў прыехаць на цягніку Ворша — Менск. Ужо ў дарозе, прыкладна за 2 гадзіны да прыбыцьця ў сталіцу, баевік тэлефанаваў карэспандэнту Свабоды з электрычкі, яшчэ раз дамовіўшыся, што журналісты сустрэнуць яго адразу на плятформе станцыі «Інстытут культуры». Але ў прызначаны час зь цягніка Іван Яравы ня выйшаў. Цягам содняў ягонае месцазнаходжаньне заставалася невядомым.
На наступны дзень «Пушкін» вярнуўся дадому, у Круглае, пра што Свабода даведалася ад яго родных. Журналісты Свабоды некалькі разоў тэлефанавалі на ягоны хатні нумар і запрашалі Івана Яравога да тэлефона, але кожны раз сваякі перадавалі, што ён ня хоча размаўляць. На паведамленьні «ВКонтакте» ён таксама перастаў адказваць.
Што здарылася з Іванам Яравым па дарозе з Воршы ў Менск і чаму баявік, які без усялякіх угавораў пагадзіўся на сустрэчу, раптам перастаў выходзіць на сувязь, застаецца загадкай.
«А я яшчэ пытаюся: калі вы яго адпусьціце, нам бульбу капаць трэба»
Незадоўга да таго, як Іван Яравы павінен быў наведаць Менск, карэспандэнты Свабоды прыяжджалі да яго на месца жыхарства — у горад Круглае.
Дом Яравых разьмешчаны ў прыватным сэктары, на самой ускраіне Круглага. Жывуць яны вельмі сьціпла.
Самога «Пушкіна» ў момант візыту журналістаў Свабоды дома не было. Затое ягоная маці, Натальля Іванаўна, прыняла нечаканых гасьцей вельмі ветліва.
«Ён нармальны чалавек, добры хлопец. Добра вучыўся. Але потым нешта такое здараецца... Пасьля 9-й клясы пайшоў у ПТВ, будаўнічы каледж. Недавучыўся. За месяц да заканчэньня вучылішча ён паехаў у Расею на заробкі. Потым вярнуўся і сказаў, што пойдзе ў вячэрнюю школу... Ён жа сам ня ведае, што яму трэба. Туды ён не пайшоў — заробак малы, сюды не пайшоў — заробак малы. Адкуль можа быць вялікі заробак? Няма ж ні стажу, ні адукацыі. А потым паехаў на працу... і апынуўся на Данбасе», — скардзіцца Натальля Іванаўна.
Бацька Івана — расеец, маці — беларуска. Нарадзіўся «Пушкін» у Растове. Калі Івану было 6 гадоў, маці сышла ад ягонага бацькі, забрала сына і зьехала на радзіму, у Беларусь.
Усяго ў Натальлі Іванаўны чацьвёра дзяцей, адно зь якіх прыёмнае. Але праблемы яна мае толькі з Іванам:
«Мы ня ведалі, што ён туды (на Данбас. — РС) зьбіраўся. А потым сам патэлефанаваў, паведаміў, дзе ён. Сказаў, усё ў яго ў парадку. Хваляваліся, вядома. Усё ж такі вайна. Ён, трэба прызнаць, званіў. А потым прыехаў сюды».
Натальля Іванаўна расказвае, што з Данбасу Іван прыяжджаў дадому ўжо тройчы — восеньню 2015 году (на зваротным шляху быў затрыманы на чыгуначным вакзале ў Воршы), вясной 2016-га (ужо пасьля таго, як ягоная гісторыя стала вядомая СМІ) і цяпер, у жніўні.
З таго часу, калі Іван Яравы ўпершыню зьехаў на Данбас, у ягоным доме ўжо 4 разы праходзілі ператрусы. Прычым апошні раз, кажа Натальля Іванаўна, ператрус адбыўся 9 верасьня. Яе сына пасьля адвозілі ў мясцовы РАУС, але хутка адпусьцілі. Як і ў мінулыя разы, праваахоўнікі нічога не знайшлі і нічога не канфіскавалі.
— У мяне 4 ператрусы былі. Я ўжо так стамілася ад іх. Я кажу: вы хоць папярэджвайце. Я хоць гарбаты прыгатую, піражкоў напяку.
— А што шукаюць?
— Зброю, буйныя сумы грошай, наркотыкі. А я кажу: калі знойдзеце, дайце паглядзець. Апошнім разам, калі перад выбарамі ператрус быў, яны яго забралі ў абед, а вечарам вярнулі. Гэта значыць, тут у Круглым гэта было.
— А хто прыходзіць з ператрусамі? КДБ, ГУБАЗіК?
— Тут і наша міліцыя была (з Круглага. — РС), і з Магілёва людзі прыяжджалі. Я ня ведаю, хто гэта быў з Магілёва канкрэтна. Хлопцы ветлівыя, добрыя, не хамілі. Прыяжджалі гэтыя хлопцы, і яны вельмі нават за яго. Нават я неяк пачынаю абароты набіраць (у сэнсе злавацца на сына, сварыцца на яго. — РС), а яны — да ну што вы, перастаньце. Ніводнага дрэннага слова пра іх сказаць не магу. Кажуць, гэта наша работа, вы ж разумееце.
А я яшчэ пытаюся: «Калі вы яго адпусьціце? Нам бульбу капаць трэба». А яны пасьмяяліся: «Зараз адпусьцім і яшчэ прыедзем праверыць, ці добра капае». Іван распавядаў, што тут наша міліцыя штосьці груба на яго сказала, а яны яшчэ іх прыструнілі.
— А вас распытвалі пра яго? Вы прызнавалі, што ён на вайне?
— Так, вядома. Я, калі першы раз яны прыходзілі, нават ім яго ўкраінскі нумар давала — маўляў, можаце ў яго спытаць, чаго ён туды паехаў. А што я магу сказаць?..
«Я думаю, спадабаўся яму гэты лад жыцьця»
У Круглым жыве каля 7,5 тысячы чалавек. Калі суседзяў Яравых упершыню падчас ператрусу запрасілі панятымі, неўзабаве пра баявы шлях Івана ведала ўжо палова Круглага. Мясцовыя жыхары спакойна адрэагавалі на тое, што іх зямляк ваяваў на Данбасе на баку сэпаратыстаў.
«Нічога не казалі (мясцовыя жыхары. — РС). Маўчаць. Цікавіліся, вядома. Пыталіся: ну як, праўда ці ня праўда? Але не асуджаюць», — дзеліцца Натальля Іванаўна.
Сама маці ні за адзін з бакоў канфлікту на Данбасе ў падтрымку не выказваецца, кажа, шкада ўсіх. Больш за ўсё жанчыну турбуе, што яе сын такі шалапутны і ніяк ня можа вызначыцца ў жыцьці, што яму трэба: «Ён жа добры хлопец. Кажу: „Іван, застанься. Дзе-небудзь што-небудзь будзе“. Сёньня размаўляем нармальна, а заўтра ён бярэ і зьяжджае. За адну хвіліну чалавек зьбіраецца і зьяжджае. Бяз грошай, без усяго... Я думаю, спадабаўся яму гэты лад жыцьця», — дадае яна.
Ужо вярнуўшыся ў жніўні з вайны, Іван Яравы ўладкаваўся на працу ў Круглянскі ПМК № 266, у адну брыгаду з айчымам. Але не адпрацаваў там і тыдня. «Ня тую рашчыну далі — ён псыхануў, сышоў», — кажа айчым.
— Табе Іван нешта расказваў пра вайну? — пытаюцца карэспандэнты Свабоды ў малодшага брата «Пушкіна», яшчэ падлетка.
— Так, трохі. Распавядаў, напрыклад, што хто не хацеў ісьці страляць, яны ім нешта калолі і тыя ішлі страляць, нібыта зомбі.
— А яму калолі?
— Ну ён казаў, што не.
— А ці плацілі яму на вайне?
— Абяцалі 15 тысяч расейскіх рублёў зарплату... Пару разоў нешта заплацілі. Купляў сабе тэлефон. Ды і ўсё, кажа.
«Ня мы»
Пасьля наведаньня дому Яравых журналісты вырашылі зьвярнуцца ў Круглянскі РАУС, куды, паводле словаў маці, пасьля апошняга ператрусу вазілі «Пушкіна». Але кіраўніцтва РАУС ад размовы з журналістамі адмовілася, параіўшы зьвярнуцца ў абласное ўпраўленьне ўнутраных справаў.
— Адно магу вам сказаць: ім (Іванам Яравым. — РС) займаліся ня мы, — неафіцыйна дадаў дзяжурны міліцыянт, разьвітваючыся з журналістамі.