25 верасьня ў Магілёве пахавалі актывіста кааліцыі «Эўрапейская Беларусь» Томаса Якавіцкага. Да свайго пяцідзесяцігодзьдзя Томас не дажыў месяц. У труне разам зь нябожчыкам ляжала бэйсболка з Пагоняю.
Томас жыў непрыкметным для грамадзтва жыцьцём, але дапамагаў усім, хто меў у гэтым патрэбу. Калі ў праваабаронцы Крысьціны Шацікавай дыягнаставалі анкалягічную хваробу, да сьмерці актывісткі Томас апекаваўся ёю. На ўласным аўта вазіў на працэдуры. Праводзіць у апошні шлях Томаса прыйшла маці Крысьціны Шацікавай.
«Крысьціне было дужа кепска, а ў нашых сваякоў былі, напэўна, дужа пільныя справы, і ніхто не адгукнуўся нам дапамагчы. А Томас, незаможны чалавек, колькі разоў вазіў дачку з Магілёва ў Бараўляны. Было такое, што патрэбная была машына ўначы, і ён прыяжджаў. Пакуль Томас дапамагаў нам, мы зь ім зрадніліся. Для нас сыход Томаса вялікая страта. Памёр харошы чалавек. Я буду маліцца па ім, каб у іншым сьвеце яму было лепей, чым на гэтым», — казала Сьвятлана Шацікава.
Быў адным з арганізатараў салютаў дзеля падтрымкі нявольнікаў магілёўскай калёніі Андрэя Саньнікава ды Зьмітра Бандарэнкі. Быў удзельнікам акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 верасьня 2010 году.
Нарадзіўся Томас Якавіцкі ў Магілёве 25 кастрычніка 1966 году ў сям’і патомных заўзятараў мотаспорту. Томас, як ягоныя бацька ды дзед, быў захоплены тэхнікай і мотаспортам, адзначае першы ягоны трэнэр па картынгу, а цяпер інструктар-мэтадыст па мотаспорце, судзьдзя рэспубліканскай катэгорыі Віктар Бланко. Віктар Міхайлавіч таксама прыйшоў правесьці свайго гадаванца ў апошні шлях.
«Усе Якавіцкія — выдатныя гоншчыкі, мэханікі. Цяпер пайшло іншае пакаленьне. Праехаць яны гатовыя, а рамантаваць тэхніку — няхай іншыя. Томас быў з таго пакаленьня гоншчыкаў, якое любіла працаваць з тэхнікай. Усё сваё жыцьцё ён быў зьвязаны з аўтамабільным транспартам. Рамантаваў машыны. Ягоны рамонт быў выдатнай якасьці», — кажа пра Томаса Віктар Бланко.
«У яго не было пахмурнага настрою. Гэта быў пазытыўны чалавек, — працягвае Віктар Міхайлавіч. — За многія гады знаёмства зь ім я ні разу не прыкмеціў нэгатыву ў яго. Томас пасталеў, у яго зьявілася сівізна, але ягоная дабрадушная ўсьмешка засталася зь дзяцінства. Яна была ягоным почыркам».
Праводзілі Томаса родныя, ягоныя сябры, суседзі. Паплечнікаў актывіста на пахаваньні не было. Апошні спачын Томас Якавіцкі знайшоў на Паўднёва-ўсходніх могілках Магілёва.