Ужо некалькі тыдняў паўтара дзясятка кілямэтраў дарогі ад Гомеля праз урочышча Клёнкі і далей да ліцэю Міністэрства надзвычайных сытуацыяў сталі аб’ектам пільнай увагі мясцовых уладаў. Дарожнікі сьпешна перакладвалі асфальт у найбольш праблемных месцах, чыгуначнікі рамантавалі пераезд Клёнкі-Раманавічы. Камунальнікі з аграрнікамі як апантаныя і цяпер чысьцяць узбочыны дарогі і прылеглыя да яе лапікі зямлі.
Рыбак Васіль, які ідзе ад рэчкі Іпуць у горад, зь непрыхаванай усьмешкай камэнтуе стараньні мясцовага начальства:
«Прыгладжваюць, баяцца, што Лукашэнка павыганяе».
Размовы пра наведваньне Лукашэнкам ліцэю МНС цыркулююць у Гомелі недзе ад пачатку верасьня. Зь яго візытам людзкая пагалоска і зьвязвае шчыраваньні шматлікіх службаў на дарозе, пачынаючы ад вуліцы Скарыны ў бок Клёнак і Веткі.
Камунальнікі ўкладваюць бардзюры, парадчаць зьезды да прыватнага сэктару, кінуўшы недаробленай блізкую адсюль вуліцу Валадарскага, жыхары якой адмаўляліся нават ісьці на выбары 11 верасьня.
Перад рэчкай Іпуць і пасьля яе на дадатак да рэклямных шчытоў будаўнічых матэрыялаў усталяваныя жоўтыя білборды з павучальнымі надпісамі па-беларуску, праўда, зь некаторымі памылкамі: «Будзь моцным — данясі смецце да урны!», «Вучыце дзяцей добрым манерам!». Білборды, аказваецца, вырабленыя на замову Гомельскага камітэту аховы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, пра што паведамляецца ўнізе драбнейшымі літарамі, напісанымі чамусьці на расейскай мове.
Ад разгалінаваньня дарог у бок піянэрлягеру «Рамантыка» і райцэнтру Ветка ва ўсю шчыруюць рабочыя Раманавіцкага лясьніцтва Гомельскага лясгасу. Ужо высечаны і сьпілаваны прыдарожны хмызьняк. Цяпер ад шашы ўглыб лесу пракладваюць шырокія прасекі. Тутэйшыя дачнікі пацяшаюцца:
«Партызанаў апасаюцца, ці што?»
«Можа, наадварот, лінію абароны рыхтуюць, як маладафронтаўцы», — выказвае меркаваньне абазнаны ў грамадзкім жыцьці дачнік Алег, маючы на ўвазе, што акурат за ліцэем МНС, у лесе паблізу вёскі Рудня-Споніцкая, актывісты Зьміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі рылі на пачатку верасьня патрыятычны акоп, каб ратавацца ад магчымай расейскай агрэсіі, накшталт той, што разгорнутая ва Ўкраіне.
Гамельчукі даўно заўважылі: візытам Аляксандра Лукашэнкі ў рэгіён заўсёды папярэднічаюць аўралы. У чэрвені жыхары абласнога цэнтру гадалі,чаму гэта чыноўнікі ў сьпешным парадку арганізавалі ўкладваньне пліткі каля вакзалу і асфальту на вуліцах Савецкай, Камсамольскай, Хатаевіча — блізу абласнога дзіцячага шпіталю і кандытарскай фабрыкі «Спартак»? Шчыравалі ў тры зьмены, днём і ноччу. Чуткі пацьвердзіліся: 18 чэрвеня кіраўнік дзяржавы наведаў і дзіцячы шпіталь, і «Спартак». А калі Лукашэнка зьехаў, асфальт на Савецкай ад вуліцы Жаркоўскага да Камсамольскай зрэзалі, каб пракласьці камунікацыі, і заліць новым.
Афіцыйнага пацьверджаньня візыту Аляксандра Лукашэнкі ў ліцэй МНС пакуль няма, але ажыятаж вакол шляху ад Гомеля да ліцэю, указвае на імавернасьць такога разьвіцьця падзеяў. Акурат, як у трасянкамоўнай песьні ансамблю «Крынічанька» зь вёскі Новыя Мілевічы Жыткавіцкага раёну: «А нам званят, што едзе Лукашэнка».
«А Лукашэнка ўсё рабіць умее, Умее жаць, умее і пахаць, Сваей душой, сваім ласкавым сэрцам Людзей к труду умее прыўлякаць».