У перадачы бяруць удзел былыя вязьні ды палітвязьні, а таксама тыя, хто абараняе такіх людзей.
«Проста сышліся зоркі»
Сталы ўдзельнік нашых праграмаў, у мінулым неаднойчы судзімы Зьміцер Вольны, якія працяглы час жыве за межамі краіны, перакананы: калі б не прафэсіяналізм ягонага адваката, сядзець бы яму і дагэтуль у беларускай вязьніцы, а сёньняшняе жыцьцё законапаслухмянага грамадзяніна іншай краіны ён ня мог бы сабе ўявіць нават у марах.
Зьміцер напісаў нам, што для сьледзтва па ягонай апошняй справе ён, неаднойчы судзімы, быў вельмі прыдатнай пэрсонай, каб навесіць на яго ўсе эпізоды, і такім чынам даваў магчымасьць сьледчым хутка раскрыць адно рэзананснае злачынства. Бо сёньня галоўная задача сьледзтва ў нашай краіне — не ўстанавіць сапраўдных злачынцаў, а менавіта раскрыць злачынства максымальна ў хуткія тэрміны. Ад Зьмітра патрабавалі прызнальных паказаньняў. Самымі рознымі шляхамі. Але ён не пагаджаўся.
У бальшыні выпадкаў у сучасным жыцьці адвакаты нічога ня могуць у гэтых умовах. Калі нават паглядзець статыстыку апраўдальных прысудаў, то колькасьць іх мізэрная, меней за адзін адсота.
«Мне пашчасьціла, — працягвае Зьміцер. — Адвакат знайшоў у маёй справе шмат нестыковак, абгрунтаваў недаказанасьць эпізодаў. Дзякуючы ягонаму прафэсіяналізму ўсё пайшло па-іншаму. У выніку мне тройчы адмянялі прысуд. Сышліся зоркі: прафэсіяналізм адваката, мая воля і воля маіх родных (і я, і яны ніколі ня трацілі надзеі), таксама дапамога праваабаронцаў, у тым ліку і міжнародных. Ведаю нямала людзей, якія атрымалі суровыя пакараньні ў выніку таго, што сьледчыя ў іх рознымі шляхамі выцягнулі прызнальныя паказаньні, а потым пракуратура па традыцыі зарыентавалася на абвінавачаньні сьледзтва, абвінавачанаму ў выніку прапанавалі прызнаць віну, каб атрымаць мінімальны, а не максымальны тэрмін. У бальшыні выпадкаў у сучасным жыцьці адвакаты нічога ня могуць у гэтых умовах. Калі нават паглядзець статыстыку апраўдальных прысудаў, то колькасьць іх мізэрная, меней за адзін адсотак».
«Кішэнныя адвакаты», або Калі адмаўляесься ад спрошчанага працэсу
А цяпер пра іншы лёс. Дзесяць гадоў таму ў Расеі два беларускія гастарбайтэры, жыхары Баранавічаў Вячаслаў Бялевіч і Сяргей Хітрык атрымалі адпаведна чатырнаццаць і пятнаццаць гадоў калёніі строгага рэжыму за злачынства (згвалтаваньне з забойствам), якога не ўчынялі. Абодва адседзелі па пяць гадоў, а потым іх вызвалілі і апраўдалі судом другой інстанцыі. Маскоўскія сьледчыя знайшлі сапраўднага злачынцу.
Абодва беларусы страцілі за гэтыя пяць гадоў здароўе, сямейныя сувязі, па сутнасьці — усё. Толькі таму, што падзеі адбываліся ў іншай дзяржаве, яны змаглі, не баючыся наступстваў, расказаць усю праўду пра тое самаўпраўства, якое зазналі з боку расейскай праваахоўнай сыстэмы і правасудзьдзя, уключна з адвакатурай.
Вячаслаў і Сяргей рабілі на будоўлі ў Падмаскоўі. Побач зь месцам, дзе яны жылі, забілі ды згвалтавалі маладую жанчыну. Адзін з гастарбайтараў паказаў на іх. Выключна паводле ягоных сьведчаньняў супраць баранавіцкіх хлопцаў была распачатая крымінальная справа.
Штодня былі допыты са зьбіцьцём, катаваньнем электрычным токам, вывазам у лес і імітацыяй расстрэлу на паляне. Усё дзеля таго, каб выбіць паказаньні. Зь Вячаслава іх выбіць не ўдалося. А вось Сяргей — ня вытрымаў, паказаў супраць сябе і супраць сябра. Праўда, потым у судзе адмовіўся ад паказаньняў і папрасіў у Вячаслава прабачэньня.
У судзе першай інстанцыі пракурор пабудаваў свае абвінавачаньні на тых матэрыялах, якія атрымаў ад сьледчага. Сама судзьдзя падчас працэсу, паводле словаў Сяргея, прапанавала: «Прызнайцеся — і атрымаеце па мінімуму». (Гэта распаўсюджаная прынамсі ў Расеі практыка так званых паскораных ды спрошчаных працэсаў, калі паміж абвінавачаным і сьледчым заключаецца зьдзелка аб прызнаньні віны і ў выніку прызначаецца мінімальны тэрмін пакараньня. У такім выпадку ў судзе не патрабуецца разгляду доказаў. Дастаткова паказаньняў самога абвінавачанага, які пасьля такой згоды ня можа абскардзіць свой прысуд.)
І Сяргей, і Вячаслаў, аднак, ад судзейскай прапановы адмовіліся і ў адказ пачулі: «Ну, тады атрымлівайце па поўнай».
Што адвакат? Паводле Сяргея Хітрыка, ён (а гэта быў адвакат па прызначэньні) больш-менш працягла размаўляў са сваім падабаронным толькі аднойчы. Калі трэба было закрыць і падпісаць справу: «Усё роўна табе сядзець, а таму падпісвай. Калі дасі 30 тысяч даляраў, дык пастараюся нешта зрабіць!» Такіх грошай у Хітрыка, зразумела, не было. (Для параўнаньня: паслугі адваката ў судзе другой інстанцыі, якога нанялі хлопцу родныя, каштавалі ў даляравым эквіваленце тры тысячы даляраў.)
Вядомы расейскі адвакат Генрых Падва бачыць у гісторыі баранавіцкіх хлопцаў адну з найвастрэйшых праблемаў расейскай (дый ня толькі расейскай) адвакатуры. Размова ідзе пра так званых кішэнных адвакатаў. Паводле ягоных словаў, «гэтыя кішэнныя адвакаты адмыслова выклікаюцца сьледчымі ды судзьдзямі для таго, каб яны не перашкаджалі „працаваць“ правасудзьдзю. Такія адвакаты ўсё пацьвярджаюць, усё падпісваюць, яны не абараняюць, затое вымагаюць вялікія грошы».
«За кожны год — тысяча даляраў»
Былы палітвязень Сяргей Скрабец не знаходзіць добрых слоў для беларускіх адвакатаў. Ён мяркуе, што адвакаты, судзьдзі, пракуроры — насамрэч адзіная сыстэма, і трэба яе мяняць усю, бо яна выконвае «запыты ўлады» і робіць усё, «каб чалавека задушыць».
У кароткай размове былы палітвязень некалькі разоў ужывае слова «жах»:
«У мяне былі два адвакаты, — успамінае ён. — Такі жах. Чалавек прыходзіць і кажа мне: вы што крычалі на сьледчага?! Вы павінны яму ўсю праўду расказаць. І тады гэта можа вам залічыцца, калі будуць даваць тэрмін. Я кажу: дык мая віна яшчэ не даказаная, яшчэ не было суду. Не, ужо ўсё даказана, вы атрымаеце дзесяць гадоў. Гэта нашы адвакаты. Іх там трэба ўсіх выганяць у шыю. Ботам пад зад, каб і знаку не было. Усіх адвакатаў, якія атрымалі ліцэнзію, усіх. Бо там такія цынікі! Яму грошы плацяць, а ён майму брату сказаў: ведаеце, Саша, мне з вамі непрыемна працаваць, бо я прывык зь людзьмі працаваць, якія невінаватыя. Гэта значыць, адвакат ужо, хоць суду не было, кажа, што ты вінаваты і павінен тэрмін атрымаць.
І гэта былі лепшыя адвакаты. Наймалі такіх, якія з галавой дружылі. І разумелі, што адбываецца ў нашай краіне. Таму іх усіх пастроіць і выгнаць к чортавай мацеры».
Сам былы палітвязень разумее, чаму адвакаты такія, якія ёсьць:
Пры гэтай уладзе не атрымаеш ліцэнзіі, калі ты ня будзеш падонак. Ты ня станеш адвакатам, вось і ўсё. На самой справе ты не абараняеш падсьледнага, а ты стаіш на другім баку.
«Пры гэтай уладзе не атрымаеш ліцэнзіі, калі ты ня будзеш падонак. Ты ня станеш адвакатам, вось і ўсё. На самой справе ты не абараняеш падсьледнага, а ты стаіш на другім баку. Гэта нават у галаве не зьмяшчаецца, што такое можа быць. І толькі давай ім грошы. Мала таго, там жа карупцыя страшэнная. Мне расказвалі людзі, ды так і было, калі былі пад сьледзтвам. Да цябе прыходзіць адвакат і кажа: табе дадуць дзесяць гадоў, але за кожны год — тысяча даляраў. Даеш пяць тысяч, табе даюць пяць гадоў, з трэцяй часткі перакваліфікуюць у першую, і гэтак далей.
Дык мала таго, чалавек атрымлівае замест пяці, што яму абяцалі, дзесяць, ды яшчэ патрабуюць, каб ён заплаціў, патрабуюць удзячнасьці: а маглі ж даць пятнаццаць! Усё, што там атрымліваецца ў гэтай закрытай сыстэме, пракурор — адвакат — суд, — гэта жах.
Іх усіх гнаць паганай мятлой. Ну, калі ўлада зьменіцца, канечне».
«Адмаўляцца ад інстытуту адвакатуры заўчасна»
Грамадзкая арганізацыя «Рэгіён 119» абараняе правы грамадзянаў, якія парушаныя падчас затрыманьняў, арыштаў, у СІЗА, судах, калёніях ды турмах. Яе кіраўніца, удава асуджанага Алёна Красоўская-Касьпяровіч кажа, што юрыстам ды адвакатам, якія супрацоўнічаюць з «Рэгіёнам», даводзіцца мець справу часам з самай неабароненай часткай грамадзтва. Так званымі «малымі людзьмі», чые гісторыі не выклікаюць вялікага рэзанансу ў СМІ, а самі фігуранты ня маюць ані гучнага імя, ані грошай
Алёна бывае на самых розных судовых паседжаньнях, і яна лічыць, што, адрозна ад працэсаў па рэзанансных справах, на так званых «ціхіх» судах можна назіраць некарэктнае, грубае, ажно да крыку, стаўленьне да абвінавачаных ды сьведак. Ведае Алёна і пра «кішэнных» адвакатаў, і пра прэтэнзіі да дзяжурных або прызначаных дзяржавай абаронцаў, якія губяць справу на самым пачатковым этапе, патрабуючы ад падабаронных прызнальных паказаньняў і г.д. Як і ў кожнай галіне, у гэтай сфэры таксама ёсьць карупцыя...
«Але ўсё гэта зьвязана з выпадковымі людзьмі ў прафэсіі, — мяркуе сп-ня Красоўская-Касьпяровіч. — Сапраўдныя адвакаты ёсьць. Але калі над прадстаўнікамі гэтай прафэсіі дамоклавым мячом вісіць пагроза пазбаўленьня ліцэнзіі, а самых розных фармальных падставаў для гэтага шмат, усё гэта ня робіць адвакатаў больш свабоднымі. І ўсе яны пра гэта думаюць. І гэта не выпадковыя людзі, а тыя, хто сьвядома зьвязаў сваё жыцьцё з гэтай прафэсіяй і жыве ёю. Яны пастаўленыя ў вельмі жорсткія рамкі, бо іх у кожны момант могуць пазбавіць ліцэнзіі».
Зразумела, адвакат не чарадзей — чакаць, што ў выніку ягонай працы, тым больш добра аплачанай, з залі суду адразу пасьля працэсу выйдзе на волю любы абвінавачаны, нельга. Але ж калі пад пагрозай пазбаўленьня ліцэнзіі адвакат зьвязаны ў сваёй дзейнасьці па руках і нагах (і гэта амаль пры поўнай адсутнасьці апраўдальных і мностве несправядлівых або нацягнутых прысудаў), то на што здатны такі абаронца? Ці ёсьць увогуле сэнс захоўваць беларускі інстытут адвакатуры?
Красоўская-Касьпяровіч: «Маё меркаваньне: інстытут адвакатуры сябе далёка ня вычарпаў. Мы не настолькі валодаем юрыдычнымі ведамі, каб самастойна сябе абараняць. Тым больш што ёсьць сытуацыі ды моманты, калі толькі ўдзел адваката можа ўратаваць чалавека. Цяпер шмат даходзіць інфармацыі пра тое, што кагосьці білі, кагосьці да чагосьці прымушалі на этапе папярэдняга сьледзтва... І ў гэтым сэнсе прысутнасьць адваката, які знаходзіцца ў сталым кантакце з сваім падабаронным, выключае ціск такога роду. Таксама адвакат, калі ён удзельнічае ў допыце, можа паўплываць на правядзеньне допыту і даць юрыдычна кваліфікаваныя парады свайму падабароннаму. Асабліва гэта важна для чалавека, які ўпершыню трапіў у падобную сытуацыю...»
Наша агульная праблема ў тым, што адвакацкія паслугі каштуюць дорага. Я ведаю многіх падсудных, якія адмаўляюцца ад паслугаў адвакатаў паводле пагадненьня, каб не пусьціць з торбай па сьвеце сваіх родных.
«Наша агульная праблема, — працягвае кіраўніца „Рэгіёну“, — у тым, што адвакацкія паслугі каштуюць дорага. Прычым нерэальна дорага. Пры заробку ў 300 даляраў, што па цяперашніх беларускіх мерках шмат, грошай хапае толькі на аплату трох судовых пасяджэньняў. То бок за адзін дзень у судзе адвакаты просяць ад двух мільёнаў рублёў (недамінаваных) і вышэй. Але яшчэ ёсьць шмат сьледчых мерапрыемстваў, за ўдзел у якіх адвакат бярэ грошы. Калі працэс ды дасудовае дазнаньне цягнуцца не адзін месяц, то гэта тысячы даляраў. Я ведаю многіх падсудных, якія адмаўляюцца ад паслугаў адвакатаў паводле пагадненьня, каб не пусьціць з торбай па сьвеце сваіх родных.
Акрамя адваката паводле пагадненьня, або нанятага адваката, ёсьць яшчэ адвакаты паводле прызначэньня, або дзяжурныя адвакаты. Іх таксама называюць „бясплатнымі“. Хоць насамрэч плаціць трэба і за іх паслугі.
Гэта ўжо ня два мільёны, а недзе 230 тысяч рублёў за дзень працы. Адпачатку гэтыя грошы плаціць адвакату дзяржава, і потым падабаронны вяртае гэтыя грошы таксама дзяржаве. Пасьля суду рахунак за адвакацкія паслугі ідзе за тым жа асуджаным ужо ў калёнію... Зразумела, расцэнкі дзяжурных адвакатаў больш даступныя, аднак да саміх такіх абаронцаў ёсьць шмат прэтэнзіяў. Галоўным чынам за фармальнае стаўленьне да прафэсійных абавязкаў».
Ці патрэбныя сёньня спасовічы?
Былы палітвязень і юрыст паводле адукацыі Алесь Міхалевіч кажа, што пакуль ён на волі, ён можа абараніць сябе сам. Аднак калі размова ідзе пра знаходжаньне ў СІЗА, дык тут адвакат неабходны, бо ён выконвае перш за ўсё функцыю камунікатара, пасярэдніка паміж абвінавачаным і ягонай сям’ёй.
Наша размова з Алесем Міхалевічам пачынаецца з узгадкі «караля» расейскай адвакатуры, прафэсара Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту, нашага земляка Ўладзімера Спасовіча (1829, Рэчыца Менскай губэрні — 1906, Варшава). Гэтае імя знаёмае беларускім юрыстам яшчэ са студэнцкай лавы. Ва ўсіх падручніках можна прачытаць пра навуковы падыход Спасовіча да адвакацкай працы, а таксама пра ягоныя яркія доказныя прамовы. Спасовіч часта аспрэчваў сумнеўныя сьцьвярджэньні экспэртаў, бо валодаў глыбокімі ведамі ў многіх спэцыяльных дысцыплінах (у прыватнасьці, у судовай мэдыцыне). Як адвакат ён абараняў і багатых, і бедных. Апошніх бясплатна. Запомніўся і бліскучай працай на палітычных працэсах. Ці магчыма адвакату нашых дзён выйграць справу, як у тым 19 стагодзьдзі, выключна дзякуючы высокаму прафэсіяналізму? Ці патрэбныя ўвогуле Беларусі сучасныя спасовічы?
Алесь Міхалевіч: «Безумоўна, на прафэсіяналізьме і сёньня можна выйграць справу. У любым выпадку, прафэсіянал лепш, чым непрафэсіянал. Аднак сёньня магчымасьці для манэўраў у адваката нашмат меншыя. Уладзімер Спасовіч усё ж дзейнічаў у царскай сыстэме, у сыстэме Расейскай імпэрыі, якая з гледзішча фармальна-прававой, з гледзішча вяршэнства закону была больш набліжаная да нармальных стандартаў. Бо тады і суд быў больш незалежны, і адвакату, як Спасовіч, больш удавалася рабіць. Плюс яго ніхто не пазбаўляў ліцэнзіі. Яго пазбавілі на нейкі момант прафэсуры, магчымасьці выкладаць ва ўнівэрсытэце, аднак ніхто не пазбаўляў ліцэнзіі за тое, што ён даваў камэнтары прэсе пра свае справы. А ў нас ужо ёсьць шэраг адвакатаў, якіх пазбавілі ліцэнзіі за тое, што яны публічна камэнтавалі справы — і іх абвінавацілі ў тым, што яны аказвалі ціск на суд. На вялікі жаль, у Беларусі няма адвакатаў, для якіх адмовіцца ад падпіскі аб неразгалошваньні было б нормай. У Расеі да гэтага часу ёсьць такія адвакаты. Узгадаем тых, хто абараняў Надзею Саўчанку. Частка зь іх адмаўлялася ад падпіскі і мела гэтую публічнасьць, гэта значыць — магчымасьць камэнтаваць, магчымасьць распавядаць пра справу, пра ўтрыманьне зьняволенай і яе стан за кратамі..
У Беларусі на сёньняшні дзень, на вялікі жаль, адвакаты, якія засталіся, вымушаныя граць па правілах беларускіх уладаў, і прафэсіяналізм выяўляецца толькі ў нязначнай колькасьці прафэсійных момантаў, калі адвакат можа знайсьці нейкія нестыкоўкі ды неадпаведнасьці, абсалютна нязначныя парушэньні, якія часам могуць дапамагчы выйграць. Але я цяпер кажу пра справы, якія не зьяўляюцца публічнымі ці палітычнымі».
«Свабода ў турмах»: Калі ўзяць расейскую статыстыку, то яна сьведчыць пра істотнае зьніжэньне зваротаў грамадзянаў па адвакацкія паслугі. Кажуць, у Беларусі падобная сытуацыя...
Міхалевіч: «Я думаю, што вельмі шмат людзей у нас не зьвяртаюцца да адвакатаў таму, што мусяць заплаціць за нейкую паслугу без гарантыі таго, што яна ў нечым дапаможа. Ты плаціш, а верагоднасьць таго, што гэта хоць нечым дапаможа, вельмі малая. Хоць, безумоўна, бываюць выпадкі, калі дапамагаюць, бо часта адвакат, напрыклад, вучыўся з кімсьці з судзьдзяў разам, можа там дзесьці кагосьці папрасіць. У прынцыпе, могуць з гэтага быць плюсы. Як і ў расейскай сытуацыі, думаю, у нас таксама ўсё менш зьвяртаюцца да адвакатаў як да людзей, у дапамогу якіх вераць».
«Свабода ў турмах»: Тыя, каму даводзілася прысутнічаць на працэсах з удзелам дзяжурных адвакатаў часам зьвяртаюць увагу на абыякавасьць гэтых людзей да сваіх падабаронных — адны малююць нейкія караблікі, другія пазяхаюць, толькі што ня спяць... Калі адвакату плацяць мала, у межах дзяжурнай стаўкі, ён мае права нічога не рабіць?
Міхалевіч: «Асабіста мой досьвед зь дзяжурнымі адвакатамі быў вельмі пазытыўны. Бо той адвакат, якога выклікалі пры маім першым допыце ў КДБ, адмовіўся даваць падпіску аб неразгалошваньні. Сказаў: я нічога падпісваць ня буду! Ён мае на гэта права, і гэта быў сапраўды грамадзянскі ўчынак. Я ня памятаю прозьвішча гэтага чалавека. Памятаю, што ён быў з Кастрычніцкай кансультацыі. Мяне гэты ўчынак вельмі ўразіў.
Мы ўсе цудоўна разумеем, што трэба рабіць нейкую працу, запатрабоўваць і шукаць нейкія дакумэнты, пісаць нейкія заявы. І гэта ўсё ты мусіш рабіць за тыя нейкія капейкі, якія табе выплачваюцца. Я ў чымсьці разумею тых адвакатаў, якія проста падчас працэсу выконваюць дзяжурную ролю. Бо тыя тарыфы, якія дзяржава ім плаціць, і нават ня плаціць, а проста ўскладае дадатковыя абавязкі ўзамен за наяўнасьць ліцэнзіі, — гэта, я б сказаў, велізарная несправядлівасьць».
Калі незалежны адвакат робіцца залежным
У нашу праграму мы таксама меркавалі запрасіць дзейнага адваката. Адзін зь іх, чалавек кантактны, з дэмакратычнымі поглядамі, пагадзіўся даць інтэрвію нашай праграме. Але мусіў узгадніць са сваім начальствам. Яно згоды не дало, і ён быў вымушаны нам адмовіць. Гэта наконт незалежнасьці адвакатаў.
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка працяглы час быў пасьпяховым адвакатам. Але, паводле ягоных словаў, мусіў разьвітацца з прафэсіяй на патрабаваньне кіраўніцтва КДБ. Ці быў ён пазбаўлены ліцэнзіі? Паводле сп. Сапелкі, ніхто пра гэта не паведаміў, і ён так і не даведаўся. Але ў любым разе на дадзены момант тэрмін адвакацкай ліцэнзіі скончыўся, і ён ня мае ніякай магчымасьці займацца любімай справай.
Павал Сапелка: «Можна шмат гаварыць пра заканадаўчае рэгуляваньне дзейнасьці адваката і ўспамінаць палажэньні закону аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасьці ў Беларусі, якія прыводзяць мяне асабіста, і ня толькі мяне, да перакананьня ў тым, што пазыцыя адваката на сёньняшні дзень вельмі залежная. Але такія дробныя прыклады, калі вы хочаце паразмаўляць з адвакатам пра адвакатуру, а ён абавязаны спытацца на гэта дазволу, пераконваюць лепей, чым аналіз заканадаўства...Лічу, што такое недапушчальна.
Як шмат залежыць сёньня ад адваката? Гэта вызначаецца тым, у якіх справах ён удзельнічае. Калі спрэчка тычыцца грамадзян і суб’ектаў гаспадараньня, калі ня ўдзельнічаюць інтарэсы дзяржавы, то, у прынцыпе, больш-менш можна разьлічваць на нейкую справядлівасьць суду, я б так сказаў. Гэта значыць, суд будзе, хутчэй за ўсё, ставіцца аднолькава да абодвух бакоў працэсу. І ў гэтай сытуацыі роля адваката як знаўцы закону і чалавека, які ведае, як сфармаваць сваю пазыцыю па справе так, каб суд пераканаць у рацыі свайго кліента, істотна вышэйшая, чым у тых справах, калі па вызначэньні суд будзе стаяць на варце інтарэсаў выканаўчай галіны дзяржаўнай улады. А так будзе, таму што, на жаль, мы ня можам сёньня дэ- факта казаць, што наш суд свабодны як самастойная галіна ўлады».
Задача абаронцы — зьмякчыць віну падабароннага, нават калі ён вінаваты. А што можа адчуваць адвакат, абараняючы ў судзе забойцу? І калі ў яго ня можа быць да гэтага чалавека станоўчых пачуцьцяў?
Your browser doesn’t support HTML5
Судзьдзя ня чуе адваката
У нашых судах, асабліва калі сьведкамі выступаюць міліцыянты, бывае, што абаронца выдатна ўпраўляецца са сваімі абавязкамі, аднак судзьдзя не прымае пад увагу прыведзеныя довады, можна сказаць, ня чуе адваката.
Сапелка: «Гэта тое, пра што я казаў. Прафэсійная абарона адвакатам свайго кліента будзе мець вынік тады, калі гэта адбываецца на фоне поўнай незалежнасьці суду. Калі суд будзе хацець пачуць адваката, ён яго пачуе. На жаль, цяпер па некаторай катэгорыі спраў адвакату гаварыць што-небудзь амаль бессэнсоўна. Гаварыць пра тое, што чалавек, які правёў паўгода-год у папярэднім зьняволеньні, невінаваты, адвакату амаль ня мае сэнсу. Таму што на дзевяноста дзевяць адсоткаў прысуд будзе абвінаваўчы. Усе ведаюць гэтую тэорыю і практыку і ведаюць, чаму так адбываецца. Але тым ня менш свае ролі бакі працэсу граюць. Ну, а адваката, які ўсё зрабіў для свайго кліента, але не дасягнуў таго выніку, які хацеў бы дасягнуць, адзінае, што яго можа суцяшаць, гэта што ён ўсё зрабіў».
Існуе такая зьява: адвакат выступае як пасярэднік паміж кліентам і сьледчым, потым — паміж ім і судзьдзёй. Былыя зьняволеныя ацэньваюць гэта нэгатыўна: значыць, адвакат не на баку кліента! Але тыя зь беларусаў, хто трапляў у такую ж сытуацыю за мяжой, адзначалі гэтае пасярэдніцтва хутчэй як станоўчую зьяву. Чаму? Таму што абвінавачаны меў, напрыклад, рэальную карысьць ад таго, што пагаджаўся на прапанову, якую яму перадаў судзьдзя праз адваката. Як вы гледзіце на гэта?
Сапелка: «Адносна таго, што адвакат выступае свайго роду пасярэднікам паміж абвінаваўчым і сьледчым. Што я магу сказаць? Кожны прымярае і ўзвальвае на сябе тую ношу, якую здатны несьці. Калі адвакат ня можа прафэсійна ажыцьцяўляць абарону, калі ня можа падыходзіць да справы як прафэсіянал, рэальна ацаніць „стартавыя“ ўмовы і магчымы вынік справы, то яму застаецца займацца вось гэтай „практалёгіяй“. (У нейкім амэрыканскім фільме было: адвакаты па сямейных справах займаюць у герархіі адвакатаў тое ж месца, што практолягі ў мэдыцыне). Тым самым без таго невысокі прэстыж інстытуту адвакатуры апускаецца яшчэ ніжэй.
Калі адвакат схіляе абвінавачанага да прызнаньня віны і дзейнічае ў інтарэсах абвінавачаньня, гэта наагул парушэньне закону, і пра гэта ня хочацца гаварыць».