Што азначае 120-e месца Беларусі ў рэйтынгу роўню ўстойлівага разьвіцьця?

Чаму Беларусь мае нізкія рэйтыгі па ўзроўню мэдычнага разьвіцьця? У чым прычыны алькагалізму ў Беларусі? Чаму беларусы сталі схільнымі да самагубства? Удзельнікі: Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі і Валер Карбалевіч.

Глод: Я адразу ўдакладняю, што гэты рэйтынг ахоплівае толькі мэдычную сфэру. Але ён уключае ў сябе аж 33 індыкатары. Яны былі прынятыя год таму на Генэральнай сэсіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Таму гэта шматбаковае і міжнародна прызнанае дасьледаваньне. Склаў рэйтынг аўтарытэтны мэдычны часопіс The Lancet. Але паколькі дасьледаваньне праводзілася ў рамках ААНаўскай праграмы вымярэньня роўню ўстойлівага разьвіцьця, то яно і атрымала такую назву.

Два паказьнікі з гэтага рэйтынгу адразу могуць увесьці беларусаў у шок. Высьвятляецца, што ў рэйтынгу здароўя Беларусь горшая за ўсе іншыя рэспублікі былога СССР. Гэта — першае. І другое — са 188 дзяржаў Беларусь на 120 месцы.

Чаму краіна, улады якой так шмат гавораць пра гарантаваныя мэдычныя паслугі кожнаму яе жыхару, апынулася на такім нізкім месцы?

Адразу ўзьнікаюць пытаньні: чаму краіна, улады якой так шмат гавораць пра гарантаваныя мэдычныя паслугі кожнаму яе жыхару, апынулася на такім нізкім месцы? Як жа гэта атрымліваецца, што краіна, кіраўніцтва якой заяўляе, што наша мэдыцына адна з найлепшых ва ўсім сьвеце, насамрэч мае такі нізкі рэйтынг? Вывучэньне матэрыялаў паказвае — усяму віной надзвычай высокае ўжываньне алькаголю і частыя самагубствы. Яны і пацягнулі Беларусь моцна ўніз. Паводле некаторых іншых крытэраў, якія ўлічваліся пры складаньні гэтай табліцы — напрыклад, дзіцячая сьмяротнасьць, сьмяротнасьць у дарожна-транспартных здарэньнях, залішняя вага дзяцей, захворвальнасьць на ВІЧ — Беларусь знаходзіцца ў першай палове рэйтынгу.

У канчатковым выніку на адным роўні з намі апынуліся Эгіпет, Балівія, астраўная афрыканская дзяржава Кабу-Вэрдэ і Ўсходні Тымор — дзяржава ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Наперадзе — Сырыя, Украіна, Расея, якія ваююць; ззаду — Гватэмала, Лібія, Філіпіны.

Першае месца ў рэйтынгу заняла Ісьляндыя. Сярод найлепшых таксама — Сынгапур, Швэцыя, Андора, Вялікая Брытанія. Апошняе, 188-е месца заняла Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, дзе зафіксаваны найгоршы стан рэчаў з захаваньнем гігіены і вельмі высокая сьмяротнасьць ад войнаў і малярыі.

Калі параўноўваць рэйтынг Беларусі з рэйтынгамі краін, зь якімі мы маем агульную дзяржаўную мяжу, то Расея на 119 месцы, Украіна — на 118, Літва — на 47, Латвія — на 45 і Польшча — на 39.

Дык вось, давайце, калегі вернемся да двух паказьнікаў, якія пацягнулі Беларусь уніз. Як вы думаеце, чаму беларусы п’юць болей за іншых жыхароў сьвету і чаму беларусы сталі схільнымі да самагубства? Мне падаецца, што ад добрага жыцьця ня будзеш піць абы-што і тым болей не палезеш у пятлю.

Каліноўскі: Вельмі шмат рэйтынгаў складаецца па ўсім сьвеце. Можна ў сувязі з гэтым прыгадаць рэйтынг аўстралійскага праваабаронцы, які налічыў на Беларусі дзясяткі тысячаў рабоў, прыняўшы за іх тых грамадзян, якія ўдзельнічаюць у суботніках.

Не заслужана Беларусь знаходзіцца за Расеяй паводле гэтых паказчыкаў.

Гэтаксама і тут рэйтынг вельмі суб’ектыўны, таму што паводле шэрагу паказчыкаў, якія фігуруюць у рэйтынгу — напрыклад, мацярынская і дзіцячая сьмяротнасьць, доступ да пітной вады, мэдычнай дапамогі, распаўсюд інфэкцыяў і гэтак далей — Беларусь знаходзіцца ў адным шэрагу з самымі разьвітымі краінамі. Вядома, у краіне высокі ўзровень алькагалізацыі, самагубстваў, але паводле большасьці паказчыкаў рэйтынгу беларускае становішча даволі добрае. У краіне няма эпідэміяў малярыі і іншых хваробаў. У цэлым добра кантралююцца стан навакольнага асяродзьдзя, санітарыя і гігіена. Таму незразумелае гэтае месца, не заслужана Беларусь знаходзіцца за Расеяй паводле гэтых паказчыкаў. У параўнаньні з Расеяй становішча са здароўем насельніцтва і тымі фактарамі, якія на яго ўплываюць, у Беларусі значна лепшае.

Наконт алькагалізацыі, што Беларусь ледзьве ня самая пітушчая нацыя, то тут я таксама паспрачаўся б. Але зразумела, што ёсьць тут і дзяржаўная палітыка — алькаголь прыносіць добрыя прыбыткі. Што да суіцыдаў — яны збольшага ад беспэрспэктыўнасьці, галечы, эканамічных праблемаў.

Карбалевіч: Найперш трэба адзначыць, што ўсе гэтыя ўсясьветныя рэйтынгі маюць вельмі адноснае значэньне. Ня думаю, што мэдыцына ў краінах, як раней казалі, трэцяга сьвету лепшая, чым у Беларусі.

У Беларусі разрыў у працягласьці жыцьця паміж мужчынамі і жанчынамі — адзін з самых вялікіх у сьвеце. Мужчыны жывуць значна менш.

Аднак відавочна, што сацыяльна-эканамічны крызіс закрануў і мэдыцыну. Увогуле, разбураецца сацыяльная сфэра. Гэты працэс адбіваецца і на ахове здароўя. Катастрафічна не хапае дактароў. Бо ў іх маленькія заробкі. Грошай на мэдыцыну не хапае. Вялікія чэргі ў паліклініках нават у Менску.

Варта адзначыць, што ў Беларусі разрыў у працягласьці жыцьця паміж мужчынамі і жанчынамі — адзін з самых вялікіх у сьвеце. Мужчыны жывуць значна менш. Тут шмат чыньнікаў. Думаю, вялікі адмоўны ўплыў Чарнобыльскай катастрофы.

Што да ўжываньня алькаголю. Зразумела, тут вялікая роля традыцыяў. Але на сытуацыю моцна ўплывае дзяржаўная палітыка. Усім памятная тая гісторыя, калі мінулым годам перад прэзыдэнцкімі выбарамі пасьля нарады ў Лукашэнкі былі адмененыя абмежаваньні на продаж алькаголю. Цяпер яго ў Менску можна купляць хоць круглыя суткі.

Ва ўсім сьвеце моцныя сьпіртныя напоі значна даражэйшыя, чым віно. І толькі на постсавецкай прасторы ўсё наадварот. У Беларусі вінаграднае віно каштуе адносна дорага, а гарэлка — адносна танна. І мяняць гэтую сытуацыю ўлады ня хочуць. Бо электарат Лукашэнкі не зразумее.

Наконт самагубстваў. Сацыёлягі і псыхолягі ня могуць знайсьці тут наўпроставую заканамернасьць, залежнасьць ад узроўню жыцьця, ад беднасьці. У самых бедных краінах, дзе існуюць праблемы голаду, самагубствы вельмі рэдкія. Гэта, хутчэй, больш залежыць ад мэнталітэту народу, рэлігійнасьці і іншых чыньнікаў.