Сэнатар Даян Файнштэйн і сябра Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Адам Шыф заявілі, што «на падставе атрыманых паведамленьняў мы прыйшлі да высновы, што расейскія спэцслужбы прыкладаюць сур’ёзныя і ўзгодненыя намаганьні для ўплыву на выбары ў ЗША».
«Мы ня бачым ніякага іншага абгрунтаваньня паводзінаў расейцаў», — дадалі кангрэсмэны і заклікалі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна «загадаць спыніць гэтую дзейнасьць».
Паводле паведамленьня Reuters, адміністрацыя Абамы лічыць, што дзьве расейскія спэцслужбы, вайсковае Галоўнае выведнае ўпраўленьне і Фэдэральная служба бясьпекі стаяць за апошнімі кібэратакамі, якія сталі больш частымі і больш нахабнымі.
Разнастайнасьць хакерскіх нападаў, мэтай якіх зьяўляецца як Нацыянальны камітэт Дэмакратычнай партыі, так і арыентаваныя на рэспубліканцаў былыя дыпляматы, прымусіла амэрыканскіх чыноўнікаў зрабіць выснову, што мэта Расеі заключаецца ня проста ў прасоўваньні якога-небудзь з кандыдатаў на выбарах 8 лістапада, але ў дыскрэдытацыі выбараў і дэмакратыі, адзначае Reuters.