Карней: 22 верасьня адзначаецца Ўсясьветны дзень без аўтамабіля. Што замінае прадэманстраваць эўрапейскую салідарнасьць — абыякавасьць ці проста бракуе ўзроўню культуры?
У Эўропе акцыя аднаго дня без аўтамабіля шырока ладзіцца ад канца 1990-х. Сёньня ўлады паўсотні краінаў зноў наклалі часовы мараторый на перасоўваньне чатырохколавым транспартам.
А вось да Беларусі слушная ідэя даходзіць са скрыпам: сем папярэдніх спробаў — а першы «Дзень без аўтамабіля» у Менску здарыўся ў 2008 годзе — засьведчылі, што эўрапейская аўтасалідарнасьць суправаджаецца традыцыйнымі заторамі. Ня буду зьдзіўлены, калі ў раённых цэнтрах пра такую ініцыятыву ня чулі ўвогуле. Таму цікава ў гэтым зьвязку паслухаць Сяргея Навумчыка — якая карціна сёньня на вуліцах той жа Прагі?
Што тычыцца сталіцы, то ня можа зламаць негалосны пратэст і адмысловая прынада — бясплатны праезд грамадзкім транспартам для кіроўцаў
Што тычыцца сталіцы, то ня можа зламаць негалосны пратэст і адмысловая прынада — бясплатны праезд грамадзкім транспартам для кіроўцаў (дзеля гэтага трэба паказаць кандуктару пасьведчаньне кіроўцы і тэхпашпарт на аўтамабіль). Прынамсі сёньня раніцай ехаў у мэтро і ніякага ажыятажу на ўваходзе на плятформу не назіраў: у адказ на пытаньне — дзе ахвотныя пабыць легальнымі зайцамі — кантралёрка толькі махнула рукой. Да таго ж, паўдаляра эканоміі па дарозе на працу і назад — практычна незаўважна для сямейнага бюджэту.
Згодна са статыстыкай, беларускі аўтапарк налічвае больш за 3 мільёны 200 тысяч грузавых машынаў, легкавікоў і матацыклаў. Штогод гэтая лічба павялічваецца яшчэ на 3-4%. Двойчы ў апошнія гады прырост быў яшчэ больш радыкальны — з-за чаканьня высокай «растаможкі» пасьля ўступленьня ў Мытны саюз беларусы ўвезьлі аўтамабіляў удвая больш, чым звычайна. Яшчэ адзін віток актыўнасьці справакаваў абвал расейскага рубля.
Уся гэтая аўтамабільная маса, паводле Міністэрства прыродных рэсурсаў, перавышае 75% сумарных выкідаў шкодных рэчываў у атмасфэру. За дзень разам з адпрацаванымі газамі ў паветра трапляе ў сярэднім каля 3300 тон рознай атруты. Дарэчы, зьніжэньне нафтавых коштаў спрыяльна адбілася на цэнах на паліва: яшчэ нядаўна бэнзін і салярка былі ў раёне даляра за літар, цяпер — амаль удвая меней. Гэта таксама аргумэнт на карысьць аўтатранспарту.
Такім чынам, заторы на дарогах 22 верасьня ў ранейшыя гады як былі звыклай зьявай, так і засталіся. Чаму спробы правядзеньня «Дня без аўтамабіля» у Беларусі сьведчаць пра абыякавасьць большасьці аўтааматараў да таго, каб хоць раз на год устрымлівацца ад паездак на ўласным транспарце?
Нават у Дзяржаўтаінспэкцыі вымушаныя прызнаць, што многія беларусы ня маюць рэальнай альтэрнатывы аўтатранспарту. Хтосьці можа дайсьці да офісу пешкі, але шмат каму даводзіцца езьдзіць на працу ў іншы горад ці раён. У выніку нават той, хто зробіць аднадзённы перапынак, рызыкуе ня ўціснуцца ў перапоўнены грамадзкі транспарт.
У бальшыні заходніх краінаў праблему вырашае, бадай, самы дэмакратычны сродак перасоўваньня — ровар. У Беларусі ж неабходная інфраструктура практычна адсутнічае. Веладарожкі пачалі будаваць нядаўна і «кропкава». Закладзеныя пад папярэднія «Дні без аўтамабіля» некалькі велапарковак, як правіла, пустуюць — няма ніякай гарантыі, што пакінуты ровар застанецца там да прыходу гаспадара.
Няма асабістага прыкладу з боку чыноўнікаў розных узроўняў: калі ў заходніх краінах мэры гарадоў і чальцы ўраду і без верасьнёўскай нагоды езьдзяць на працу роварам, то беларускія функцыянэры аддаюць перавагу службоваму аўтамабілю. А гэта сьведчыць на адсутнасьць агульнага разуменьня неабходнасьці экалягічнай разгрузкі для месца, у якім ты жывеш.
Навумчык: Напэўна, я расчарую Ігара. Я сёньня сам дабіраўся на працу на аўто, і не заўважыў, каб трафік на праскіх аўтастрадах быў меншы, чым у іншыя дні. Мне падаецца, што вось такія акцыі аднадзённыя — гэта як дзень без вады, у мэтах эканоміі водных рэсурсаў. Ну, не папілі адзін дзень вады, нібыта зэканомілі крыху, затое ў астатнія 364 дні гэтая вада цячэ з усіх кранаў. Вада — гэта біялягічная патрэба чалавека.
Вада — гэта біялягічная патрэба чалавека. Сёньня аўтамабіль, фактычна, зрабіўся ня меншай патрэбай, з сучасным рытмам жыцьця. І экалягічная карысьць за адзін дзень з 365 дзён вельмі нязначная
Сёньня аўтамабіль, фактычна, зрабіўся ня меншай патрэбай, з сучасным рытмам жыцьця. І экалягічная карысьць за адзін дзень з 365 дзён вельмі нязначная. Гэтую праблему трэба вырашаць комплексна, перарабляючы рухавікі з паліўных на электрычныя. Між іншым, электрамабіляў усё больш робіцца ў Эўропе. Але гэта істотна закранае інтарэсы нафтавых кампаній і іх уладальнікаў. Затое ёсьць іншая, штодзённая традыцыя: у той жа Празе сьмецьце выкідаецца ў розныя кантэйнэры, плястык-асобна, папера — асобна, шкло — асобна, я, напрыклад, толькі так і раблю, даўно ўжо прызвычаіўся. Штодня так робяць мільёны людзей. І гэта — больш сур’ёзная карысьць для экалёгіі.
Глод: Мабыць, не ва ўсіх гарадах Эўропы сёньня сытуацыя такая, як у Менску і Празе. У іншых сталіцах становішча, можа, лепшае. Я так спадзяюся.
Але на маю думку, мае рацыю Сяргей Навумчык, калі кажа, што аднадзённая акцыя ня можа зьмяніць сытуацыю кардынальна. Сапраўды, што такое адзін дзень, калі іх 365 цягам году. І ўсё ж такія кропкавыя акцыі патрэбна неяк разьвіваць. Думаю, на Захадзе будзе рабіцца ў гэтым пляне больш.
Так будзе ў Эўропе. Але ж Лукашэнка казаў, што ён свой народ за цывілізаваным сьветам не павядзе. Але ж цывілізаваны сьвет — гэта ня толькі прыватная эканоміка, правы чалавека, але і культура і пэўнае стаўленьне да гуманітарных праблем.
я не магу ўявіць, каб нехта з беларускіх чыноўнікаў такога рангу прыехаў бы сёньня роварам у Дом ураду альбо Адміністрацыю прэзыдэнта
Вось Ігар Карней казаў, што сёньня ў Эўропе высокія чыноўнікі перасаджваюцца на ровары. А я не магу ўявіць, каб нехта з беларускіх чыноўнікаў такога рангу прыехаў бы сёньня роварам у Дом ураду альбо Адміністрацыю прэзыдэнта. Немагчыма пакуль гэта. Бо для іх аўтамабіль гэта фактычна іх твар. Чым лепшае аўто, тым большую пасаду ён займае. І гэта ўсе разумеюць. І вось гэтая адарванасьць ад Эўропы не дае мне аптымізму".