Навумчык: Днямі Інтэрнэт абляцеў здымак, на якім міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сфатаграфаваны побач з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам, і некаторым гэта дало падставы казаць пра нібыта «прарыў» у беларуска-амэрыканскіх адносінах. Ну, што да гэтага фота, дык на генэральнай асамблеі ААН амэрыканскі прэзыдэнт традыцыйна робіць здымкі з кіраўнікамі дэлегацый, мы бачылі такое фота і з Лукашэнкам і ягоным сынам, гэта пратакольны момант, тут нічога надзвычайнага няма.
Але ў часе амэрыканскага візыту Ўладзімера Макея былі іншыя сустрэчы, якія якраз калі і не дазваляюць казаць пра «прарыў», дык дакладна могуць быць індыкатарам пэўнага пацяпленьня паміж Менскам і Вашынгтонам. Я маю на ўвазе сустрэчы кіраўніка беларускага зьнешнепалітычнага ведамства з намесьнікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпэнтэрам і з памочнікам Дзяржаўнага сакратара ЗША Вікторыяй Нуланд. На першай абмяркоўвалі пытаньні арганізацыі супрацы краінаў у вайсковай сфэры, на другой — неабходнасьць захаваньня станоўчай дынамікі ў беларуска-амэрыканскіх адносінах. Магчыма, будуць і іншыя сустрэчы.
Беларуска-амэрыканскія адносіны маюць няпростую гісторыю. У іх быў апагей — візыт у пачатку 94-га году ў Менск прэзыдэнта Клінтана, — і былі пэрыяды халодныя, калі, фактычна, быў выдалены амбасадар ЗША у Беларусі
Беларуска-амэрыканскія адносіны маюць няпростую гісторыю. У іх быў апагей — візыт у пачатку 94-га году ў Менск прэзыдэнта Клінтана, — і былі пэрыяды халодныя, калі, фактычна, быў выдалены амбасадар ЗША у Беларусі і істотна быў скарочаны штат дыпкорпусу амэрыканскай амбасады (адпаведна, скарочаны быў склад і дыпмісіі Беларусі ў Вашынгтоне). Можна прыгадаць, што заўсёды Амэрыка, пачынаючы літаральна зь першых крокаў Лукашэнкі ў бок аўтарытарызму, займала больш жорсткую пазыцыю, чым Эўразьвяз. Скажам, была рэакцыя дзярждэпартамэнту ЗША на зьбіцьцё дэпутатаў БНФ у залі парлямэнту ў 1995 годзе, тады як эўрапейскія краіны прамаўчалі (прагучалі толькі асобныя заявы асобных дэпутатаў). У 1996 годзе ЗША фактычна кардынальна перагледзелі сваё стаўленьне да афіцыйнага Менску, прадставіўшы палітычны прытулак лідэру БНФ Зянону Пазьняку, жорстка выказалася ў тым жа годзе пра рэфэрэндум аб зьмене Канстытуцыі. Мы памятаем Акт аб дэмакратыя ў Беларусі, прыняты Кангрэсам, і гэтак далей.
І вось цяпер мы бачым пацяпленьне.
Мае калегі скажуць пра розныя аспэкты гэтай зьявы, я ж хачу зьвярнуць увагу на адзін нюанс.
Што б там ні казалі пра эканамічны крызіс, пра крызіс даверу да палітычнай эліты ў самой Амэрыцы — ЗША застаюцца самай магутнай дзяржавай, у эканамічным і ў вайсковым сэнсе. Але ў пляне аўтарытэту, міжнароднага аўтарытэту гэта ўжо іншая краіна, чым у 1991-м, калі Беларусь дамаглася незалежнасьці, ці чым у 1996-м, калі беларуска-расейскія адносіны пачалі істотна пагаршацца.
У 90-я слова Вашынгтону важыла шмат. Сытуацыя ж вакол Украіны выявіла, што яно ўжо важыць зусім інакш.
Украіна і Беларусь падпісалі Будапэшцкі мэмарандум, дзе Амэрыка ў ліку іншых вядучых дзяржаваў абавязалася выступаць гарантам сувэрэнітэту, і мы ведаем, якая была рэакцыя ЗША пасьля анэксіі Крыму і вайны на ўсходзе Ўкраіны. На думку назіральнікаў, гэта была ня тая рэакцыя, на якую справядліва мог бы разьлічваць Кіеў. Вывад ядзернай зброі з тэрыторыі краіны, дабраахвотная адмова краіны ад ядзернай зброі, што б ні казалі — але гэта ахвяра ў палітычным і вайсковым сэнсе. І такая краіна мае поўнае маральнае права ўзамен, пры неабходнасьці, разьлічваць на іншую ахвяру — ахвяру з боку таго, хто прасіў зрабіць такі крок, хто даў гарантыі.
Праблема, аднак, у тым, што калі ад адміністрацыяў Рэйгана ці ад Буша можна было разьлічваць на канкрэтны адказ, дык у сучасны пэрыяд такое пытаньне будзе пакінутае без адказу
І, кажучы публіцыстычна, Уладзімер Макей — ды які заўгодна беларускі міністар замежных спраў пры якім заўгодна прэзыдэнце, пры Лукашэнку, пры Пазьняку, ня мае значэньня — мае поўнае маральнае права паставіць перад сваім візаві ў Вашынгтоне пытаньне: якія батальёны амэрыканскіх узброеных сілаў, ці якія падразьдзяленьні НАТО выступяць на абарону Беларусі ў выпадку вайсковай агрэсіі супраць Беларусі? Праблема, аднак, у тым, што калі ад адміністрацыяў Рэйгана ці ад Буша можна было разьлічваць на канкрэтны адказ, дык у сучасны пэрыяд такое пытаньне будзе пакінутае без адказу.
Глод: Калі адказваць адным словам на пытаньне Сяргея Навумчыка, я скажу «не». У маім разуменьні пра сапраўдны прарыў у дачыненьнях паміж Менскам і Вашынгтонам можна было б казаць, калі б Уладзімер Макей сустрэўся са сваім калегам Джонам Кэры. Сустрэча кіраўнікоў двух зьнешнепалітычных ведамстваў давала б выразны сыгнал аб істотных пераменах. Але такой сустрэчы дагэтуль няма, хоць у дыпляматычных кулюарах Менску я некалькі разоў чуў пра тое, што Аляксандар Лукашэнка даручаў Макею правесьці перамовы менавіта з самім дзяржсакратаром ЗША.
Пакуль жа, як вядома, беларускі міністар сустракаўся з памочніцай Дзяржаўнага сакратара ЗША Вікторыяй Нуланд. І тут статусы неадпаведныя: уявіце сабе, што Джон Керы правёў бы перамовы ў Менску з памочнікам Уладзімера Макея. Хоць, я, канечне, разумею, што 100% аналёгію тут праводзіць нельга, бо структуру зьнешнепалітычнага ведамства Злучаных Штатаў нельга мэханічна пераносіць на структуру МЗС Беларусі. Спадарыня Нуланд — уплывовая чыноўніца, якая па сутнасьці курыруе ў сваім ведамстве ўсю СНД. І яе слова, канечне, шмат што азначае. І ўсё ж яна не кіраўнік ведамства як Макей.
З той інфармацыі пра размову Макея з Нуланд, якую распаўсюдзіла прэсавая служба МЗС Беларусі, бачна, што бакі адзначылі «неабходнасьць захаваньня станоўчай дынамікі ў беларуска-амэрыканскіх адносінах. Асобная ўвага на перамовах была нададзена абмеркаваньню мер, вельмі важных для поўнай нармалізацыі ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і ЗША».
З гэтага выцякаюць дзьве рэчы. Першая — і ў Вашынгтоне, і ў Менску лічаць, што дачыненьні ідуць са станоўчай дынамікай. І гэта сапраўды так
З гэтага выцякаюць дзьве рэчы. Першая — і ў Вашынгтоне, і ў Менску лічаць, што дачыненьні ідуць са станоўчай дынамікай. І гэта сапраўды так. Старт гэтаму працэсу быў дадзены пасьля падзеяў ва Ўкраіне ў сувязі з пазыцыяй Беларусі, з менскай пляцоўкай для перамоваў. Іншае пытаньне: наколькі гэты працэс хуткі альбо марудны?
І другая рэч — бакі думаюць вярнуцца да поўнай нармалізацыі. А яна, я нагадаю, была парушана ў 2008 годзе, калі афіцыйны Менск, крыўдуючы на санкцыі, якія ўвялі ЗША, настаяў на істотным скарачэньні складу дзьвюх амбасадаў і зьніжэньні статусу іх кіраўнікоў з амбасадара да часовага паверанага. З таго часу ў гэтым пытаньні істотных зьменаў не адбылося. Як адзначаюць экспэрты, у сувязі з выбарамі новага прэзыдэнта ЗША, вяртаньне амбасадараў найбольш верагодна толькі ў другой палове 2017 году. Таму, я думаю, толькі тады і можна будзе чакаць сапраўднага прарыву у афіцыйных дачыненьнях ЗША і Беларусі. Хоць за гэты час можа нешта і зьмяніцца. Для мяне, напрыклад, было дзіўна чуць нядаўна ад Лукашэнкі, што Злучаныя Штаты яшчэ не дарасьлі да абраньня прэзыдэнтам жанчыны. Неяк дзіўна атрымліваецца: да прэзыдэнта афраамэрыканца дарасьлі, а да прэзыдэнта жанчыны — не. А што, калі на амэрыканскіх выбарах пераможа Гілары Клінтан?
Карней: Пэўна можна сказаць так: ёсьць дэклярацыі адносна нармалізацыі беларуска-амэрыканскіх адносінаў, аднак у практычнае рэчышча гэтыя заявы пакуль не скіраваныя. Каб спадар Макей скарыстаўся магчымасьцю і сустрэўся ў Нью-Ёрку зь беларусамі, якія там жывуць ужо не адно пакаленьне, магчыма, гэта мела б нават большы плён — людзі на месцах самі фармавалі б станоўчы вобраз беларускай улады. Што, у сваю чаргу, мусіла браць на ўвагу і кіраўніцтва ЗША.
Але пакуль даводзіцца канстатаваць, што на ўзроўні народнай актыўнасьці міждзяржаўныя стасункі слабыя. Адсутнасьць паўнавартасных дыпляматычных прадстаўніцтваў ускладняе працэдуры атрыманьня візаў, афармленьня дакумэнтаў, неабходных для наведваньня краінаў у абодвух кірунках. Мала за тое, што дарагія самі па сабе візы, накладаюцца дадатковыя выдаткі — для сумоўя трэба ехаць у Расею, Украіну, Польшчу ці Літву. Адпаведна, дарога, пражываньне.
Беларусы хацелі б адкрываць для сябе Амэрыку, у літаральным сэнсе — шмат хто гэта так ці інакш робіць, але масавасьці няма, паколькі няма перадумоваў
Зноў жа, шмат праграмаў абменаў — школьных, студэнцкіх, валянтэрскіх. Людзі гатовыя знаёміцца, выяжджаць адзін да аднаго. Думаю, тыя ж амэрыканцы не супраць наведаць Беларусь у якасьці турыстаў — для іх гэта экзатычная краіна, якая замарозілася ў савецкіх рэаліях. Беларусы хацелі б адкрываць для сябе Амэрыку, у літаральным сэнсе — шмат хто гэта так ці інакш робіць, але масавасьці няма, паколькі няма перадумоваў. Перш за ўсё тэхнічных.
Каб адкруціць сытуацыю назад, патрэбная палітычная воля вышэйшых кіраўнікоў. Аляксандар Лукашэнка на выбарчым участку 11 верасьня заявіў, што гэтае пытаньне будзе разглядацца ўжо з новым прэзыдэнтам ЗША. Гэта значыць, пэрспэктывы па-ранейшаму даволі неакрэсьленыя.
Наогул на ўзроўні палітычным хуткай адлігі чакаць наўрад ці даводзіцца. Скажам, па выніках парлямэнцкіх выбараў прадстаўнікоў Дзярждэпартамэнту Джон Кірбі адназначна заявіў, што кампанія не адпавядала міжнародным абавязаньням, узятым на сябе Беларусьсю ў правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў, што і знайшло адлюстраваньне у сумеснай заяве міжнародных назіральнікаў.
Ня варта забывацца, што ніхто не адмяняў санкцыйны сьпіс беларускіх дзяржаўных асобаў, якім дагэтуль забаронены ўезд і ўсялякая палітычная і дзелавая актыўнасьць на тэрыторыі ЗША. Гэта сам Аляксандар Лукашэнка і ягоны старэйшы сын Віктар, дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпецы, тут жа старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, людзі, якія не на пасадах, але ў кадравай абойме прэзыдэнта — Сьцяпан Сухарэнка, Віктар Галаванаў, Натальля Пяткевіч, а таксама сілавікі, якія маюць дачыненьне да зьнікненьня апанэнтаў рэжыму.
Відавочна, што беларускі бок хацеў бы выглядаць у вачах амэрыканскіх калегаў больш прэзэнтабэльна. Дзеля гэтага прапаганда падключае нават «ліпавых аналітыкаў» кшталту Стыва Самарына, якога выдае ў знанага заакіянскага экспэрта ў галіне выбарачых кампаній. На самой справе аказалася, што ўвесь ягоны амэрыканскі кавалак біяграфіі — гэта турма ў Флорыдзе, а сам «аналітык» працуе ў нейкім малавядомым цэнтры палітычных дасьледаваньняў.
Пакуль ідзе збольшага слоўная перапасоўка, якая можа скончыцца чым заўгодна — ці павольным рухам у бок замірэньня, ці кансэрвацыяй намераў на існуючым узроўні.