Ад імя ўраду Злучаных Штатаў Амэрыкі дакумэнт падпісаў старшыня Камісіі ЗША па ахове і захаваньні культурных каштоўнасьцяў Лэсьлі Ўайс.
Кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства ў сваім выступе падкрэсьліў, што падпісаная дамова стварае трывалую юрыдычную аснову для міжурадавага супрацоўніцтва Беларусі і ЗША ў галіне аховы і абароны культурных каштоўнасьцяў. Гэта абумоўлена тым, што многія славутыя амэрыканцы маюць беларускія карані і шмат якія беларусы пакінулі свой сьлед у амэрыканскай гісторыі, паведамляе прэсавая служба МЗС Беларусі.
Уладзімер Макей адзначыў, што пагадненьне сьведчыць пра паляпшэньне палітычных адносінаў паміж дзьвюма краінамі, прымаючы пад увагу, што Беларусь і ЗША не заключалі міжурадавых пагадненьняў на працягу апошніх двух дзесяцігодзьдзяў.
Камісія ЗША па ахове і захаваньні культурных каштоўнасьцяў зьяўляецца ўстановай ураду ЗША. Камісія займаецца пошукам і падрыхтоўкай дакладаў аб пахаваньнях, манумэнтах і гістарычных будынках ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, зьвязаных са спадчынай грамадзян ЗША, а таксама ва ўзаемадзеяньні зь дзяржавамі гэтага рэгіёну аказвае садзейнічаньне па абароне і захаваньні гэтай уласнасьці.
Беларусь стала 25-й краінай, зь якой падпісанае Пагадненьне аб абароне і захаваньні некаторых культурных каштоўнасьцяў.