Блогеры даказваюць удзел авіяцыі Сырыі і Расеі ў атацы на канвой ААН

Рэжым спыненьня агню ў Сырыі, дасягнуты ў выніку пагадненьня Масквы і Вашынгтона, разбураецца на вачах.

21 верасьня стала вядома пра яшчэ адзін авіяўдар каля Алепа, у раёне, дзе дзейнічаюць толькі сырыйская і расейская авіяцыя, у выніку якога былі забітыя чатыры мэдычныя работнікі і дзевяць паўстанцаў. ЗША зноў заявілі, што менавіта бамбавікі Су-24 ВПС Расеі ў панядзелак нанесьлі ўдар па канвою ААН у Сырыі, які прывёў да гібелі 20 чалавек і зьнішчэньня 18 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай. Гэтага ж меркаваньня прытрымліваюцца і блогеры незалежнай групы Conflict Intelligence Team, якія неаднаразова знаходзілі важную інфармацыю пра дэталі вайны ў Сырыі.

Мінабароны Расеі распаўсюдзіла відэакадры, зьнятыя з беспілотніка, на якіх відаць, што канвой ААН, які падвергнуўся авіяўдару ў панядзелак, суправаджала машына сырыйскіх паўстанцаў з цяжкім мінамётам на прычэпе. Раней расейскія вайскоўцы заявілі, што ніякай бамбардзіроўкі не было наогул і што гэты канвой проста загарэўся.

Нягледзячы на ўсё, Вашынгтон заяўляе, што пагадненьне з Масквой аб спыненьні агню «яшчэ не мёртвае». У ноч з 20 на 21 верасьня ў выніку яшчэ аднаго авіяўдару па мэдычнай установе ў горадзе Хан-Тумен на поўдзень ад Алепа, былі забітыя 13 чалавек. «Сырыйскі цэнтр маніторынгу правоў чалавека», які месьціцца ў Брытаніі, паведаміў, што, акрамя дзевяці баевікоў з розных груповак, у тым ліку з арганізацыі «Джэбхат Фатах аш-Шам» (раней звалася «Фронт ан-Нусра», зьвязаная з «Аль-Каідай»), загінулі таксама чатыры мэдсястры. Хан-Тумен знаходзіцца недалёка ад месца авіяўдару па грузавіках з гуманітарнай дапамогай ААН і сховішча, дзе 19 верасьня загінулі каля 20 цывільных асобаў.

Наступствы новага авіяналёту, 21 верасьня, на бальніцу ў прыгарадзе Алепа



Амэрыканскія экспэрты прыйшлі да папярэдняй высновы, што калёну ААН і «Чырвонага паўмесяца», якая дастаўляла гуманітарныя грузы ў раён Алепа, які кантралюецца апазыцыяй, 19 верасьня бамбавала расейская авіяцыя. Намесьнік дарадцы прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Бэн Родс афіцыйна заявіў, што гэты паветраны налёт мог быць зьдзейсьнены толькі расейскімі або асадаўскімі ВПС:

«Мы ў кожным выпадку ўскладаем адказнасьць за гэтыя авіяўдары на расейскі ўрад, улічваючы ўзятыя ім на сябе абавязацельствы спыніць паветраныя апэрацыі падчас дастаўкі гуманітарнай дапамогі».

У інтэрвію CNN Бэн Родс назваў гэтую атаку «брыдкай» акцыяй, якая ставіць пад сумнеў пагадненьне аб перамір’і. А генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун ахарактарызаваў напад на калёну з гуманітарнай дапамогай «дзікай і, відаць, наўмыснай». Па дадзеных амэрыканскіх радараў спадарожнікавай выведкі, толькі расейскія самалёты маглі знаходзіцца ў той момант у раёне паветранага налёту.

Па словах міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, расейская авіяцыя не бамбіла канвой, а сырыйская і не магла — бо ня мела тэхнічных магчымасьцяў:

«Нашы вайскоўцы ўжо зрабілі адпаведныя заявы, што наша авіяцыя там не працавала. Сырыйская авіяцыя працаваць не магла, таму што атака на канвой адбылася ў цёмны час сутак, сырыйскія ВПС у гэты час не лётаюць, у іх такіх магчымасьцяў няма, і атака адбылася ў момант, калі гуманітарны груз разгружаўся ўжо ва ўсходнім Алепа», — заявіў Лаўроў у эфіры тэлеканала «Расея 1».

Рэшткі гуманітарнай дапамогі са знішчанага 19 верасьня канвою ААН



Паводле высноў, зробленым экспэртамі групы Conflict Intelligence Team (CIT), у налёце маглі ўдзельнічаць як расейскія самалёты, гэтак і авіяцыя арміі прэзыдэнта Сырыі Башара Асада. Актывіст CIT Кірыл Міхайлаў распавёў у інтэрвію Радыё Свабода пра вынікі расьсьледаваньня, падкрэсьліўшы, сярод іншага, вельмі слабую, на ягоную думку, каардынацыю дзеяньняў расейскіх і сырыйскіх вайскоўцаў:

Мы ня мелі мэтай сабраць нейкія сьведчаньні, якія так ці інакш абвінавачваюць у гэтым налёце Расейскую Фэдэрацыю. Але ў нас зьявілася досыць інфармацыі аб тым, што да авіяўдару датычная як авіяцыя Башара Асада, гэтак і Ваенна-касьмічныя сілы РФ. Калі пачаць з авіяцыі Асада, па-першае, пра гэта заяўляў непасрэдна супрацоўнік сырыйска-іранскай абароны, так званых «Белых касак» (арганізацыя добраахвотнікаў-ратавальнікаў, якую Мінабароны Расеі абвінавачвае ў сувязях з тэрарыстамі. — РС), якая прысутнічала на месцы і давала камэнтары на ангельскай мове. Ён сказаў, што верталёты арміі Асада скінулі на гуманітарны канвой чатыры так званыя «бачковыя» бомбы. Пасьля гэтага ён таксама, аглядаючы месца здарэньня, выявіў крышку ад такой бомбы, якая ўяўляе сабой трубу, завараную абрэзаным сталёвым лістом. Фрагмэнт гэтага сталёвага ліста прысутнічае на відэа.

Што тычыцца расейскага авіяўдару, дык, па-першае, трэба ўдакладніць, што іх было два. Дакладней, дзьве групы авіяўдараў, другая — ужо па выратавальніках. Маецца фотаздымак наступстваў авіяўдару, зроблены ўчора, і на ім бачны прадмет, які нагадвае хваставы стабілізатар авіябомбы, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў Сырыі расейскімі самалётамі. Мы выявілі, што адзін з прыхільнікаў Асада ў «Твітэры» ў 20:15, літаральна на працягу гадзіны пасьля бамбаваньня напісаў, што, паводле інфармацыі, атрыманай ім ад байцоў праасадаўскага апалчэньня «Брыгады «Баас», расейская авіяцыя зьнішчыла калёну тэрарыстаў «Джэбхат Фатах аш-Шам» з баепрыпасамі і зброяй менавіта на захад ад Алепа.

Больш падрабязна — тут.