Невядомая цытата з Быкава і дыктат эмбрыёнаў

Добры вечар! Ну вось, дачакаліся Пазьняк з Навумчыкам: паводле колішняга міністра замежных справаў Івана Антановіча, нават Васіль Быкаў казаў у свой час, што незалежнасьць звалілася Беларусі на галаву, «як перасьпелы плод».

ДЫПЛЯМАТЫЧНЫ ЎЗРОВЕНЬ БЕЛАРУСІ Ў ЗША. У Нью-Ёрку міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей абмеркаваў з Майклам Карпэнтэрам пытаньні арганізацыі супрацы краінаў у вайсковай сфэры і ўзаемадзеяньня «ва ўмовах нарастаньня напружанасьці ва Ўсходнеэўрапейскім рэгіёне». Майкл Карпэнтэр – намесьнік памочніка міністра абароны ЗША. Будзе ўжо гадоў восем, як Беларусь выдварыла амэрыканскага амбасадара зь Менску.

МАСКВА СЬЛЯЗАМ НЯ ВЕРЫЦЬ? «Рассельгаснагляд» заявіў, што Беларусь у 2016 годзе ўвезла ў Расею больш харчоў, чым летась. То бок ніякага блякаваньня, на якое напярэдадні наракаў Аляксандар Лукашэнка, няма. А Лукашэнка скардзіўся яшчэ і на іншае, якое рэгулярна ўсплывае напрыканцы амаль кожнага году: «Мы целяпаемся (інакш ня скажаш) і ўжо некалькі месяцаў ня можам дамовіцца па цане на газ. У сувязі з гэтым Расея зьнізіла пастаўкі нафты ў Беларусь» – з болем сказаў ён дзяржаўнаму сакратару Саюзнай дзяржавы Рыгору Рапоту.

БАРТОСІКА НЕ ПУСЬЦІЛІ Ў ДУБРОВУ. Нашаму рэдакцыйнаму калегу Зьмітру Бартосіку начальніца аддзелу ідэалягічнай працы Асіповіцкага райвыканкаму Ірына Раманчук не дазволіла выступіць у вёсцы Дуброва, дзе 23 верасьня мае адбыцца адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку ў гонар мэцэнаткі беларускай культуры Магдалены Радзівіл. Нібыта наш калега выступае «не на тых» пляцоўках, што трэба. А Бартосіку ж дазваляюць выступаць нават у сярэдніх школах!

НАСТА НЕ ПЕРАСТАЕ ДАВАЦЬ ЖАРУ. «Эмацыйны гвалт квітнее на ўсіх узроўнях сыстэмы аховы здароўя і дзяржаўнай улады ўвогуле» – піша наша блогерка Наста Захарэвіч. І яшчэ адна затраўка: «Жыцьцё жанчыны — нішто, эмбрыёны — усё!». Гэтым разам – блог Насты пра аборты.

Падпісацца праз электронную пошту.