«Беларуская талерантнасьць — гэта міт» — у Менску зьбіраюць цёплыя рэчы для ўцекачоў з Чачні

Iрына Арахоўская раскладвае рэчы для ўцекачоў

Праваабарончая ініцыятыва Human Constanta арганізавала збор гуманітарнай дапамогі для чачэнцаў, якія ўжо некалькі месяцаў жывуць у Берасьці і кожны дзень спрабуюць атрымаць прытулак у Польшчы.

Многія зь іх начуюць проста на вакзале. Людзі бягуць з Чачні па розных прычынах, але з надыходам халадоў усіх аб’ядноўвае адна праблема — бракуе цёплых рэчаў.

У Менску ў будынку былога заводу на вуліцы Кастрычніцкай месьціцца крэатыўная прастора «Цэх». Менавіта сюды актывісты праз Фэйсбук заклікалі прыносіць швэдры, коўдры, абутак і ўсё, што можа спатрэбіцца ўцекачам. Пачатак дабрачыннай акцыі быў прымеркаваны да 17:00. Ужо праз паўгадзіны на падлозе стаяла некалькі вялізных торбаў з рэчамі.

Мікола прынёс кажух і тры джэмпэры:

Мiкола кажа, што выступае супраць любой дыскрымiнацыi

«Убачыў паведамленьне пра падзею ў стужцы ў Фэйсбуку і вырашыў адгукнуцца, — распавядае хлопец. — Сярод мігрантаў я не вылучаю для сябе чачэнцаў, бо выступаю супраць любой дыскрымінацыі, у тым ліку па нацыянальнай прыкмеце. Аднак, чытаючы навіны, я ведаю, што ў Чачні фактычна працягваецца вайна. Замест адкрытай яна стала прыхаванай — цяпер гэта вайна ўладаў з народам. Ніхто не застрахаваны ад вайны, таму я не магу заставацца абыякавым».

Алена захацела ахвяраваць вопратку, зь якой вырасла яе дачка:

«Нам старыя рэчы ўжо не патрэбныя — маленькая хутка расьце, даводзіцца купляць новае. Я чула пра тысячы ўцекачоў у Берасьці, але дакладна ня ведаю, чаму яны зьбеглі з Чачні. Проста лепш дапамагчы камусьці, чым выкінуць рэчы на сьметнік. Калі там мерзнуць дзеці, як можна не зьвяртаць увагі?»

Торбы з рэчамi

За апошні месяц на старонцы Human Constantа зьяўляліся і нэгатыўныя камэнтары ад беларусаў, якія займаюць антымігранцкую пазыцыю.

Тацяна прынесла некалькі параў дзіцячага абутку і куртачку. Жанчына сказала, што нядаўна зьбірала гуманітарку для ўкраінцаў разам зь вядомым валянтэрам Андрэем Стрыжаком і пасьпела сутыкнуцца з адмоўнай рэакцыяй беларусаў на ўцекачоў:

Тацяна распавядае журналiстам, што прымусiла яе дапамагчы ўцекачам

«Так званая беларуская талерантнасьць — гэта суцэльны міт. Беларусы ня здольныя прыняць чужую культуру, бо вельмі рэдка зь ёй сутыкаюцца ў штодзённым жыцьці. Праўда, гэта можна патлумачыць чалавечай прыродай — нас заўжды пужае нешта незразумелае».

6 верасьня праваабаронцы разгарнулі палявую місію ў Берасьці. Іх дзейнасьць мае два асноўныя напрамкі: кансультацыя і суправаджэньне чачэнцаў у Тэрэспаль, а таксама збор гуманітарнай дапамогі ў Беларусі. Праваабаронца Настасься Лойка працуе валянтэркай на беларуска-польскай мяжы ад пачатку місіі.

«Мы правялі анкетаваньне, апыталі 30 чачэнскіх сем’яў. Асноўныя пытаньні: колькі часу яны правялі ў Берасьці і колькі зрабілі спробаў праехаць празь мяжу. Некаторыя людзі тлумачаць, чаму былі вымушаныя пакінуць радзіму. Сярод „берасьцейскіх“ мігрантаў шмат дагестанцаў, трапляюцца і грамадзяне краінаў Сярэдняй Азіі. Мы суправаджаем сем’і ў цягніку Берасьце — Тэрэспаль і афіцыйна прадстаўляем іх інтарэсы ў перамовах з польскімі памежнікамі. Часам бывае так, што за дзень не прапускаюць нікога, і некалькі сотняў чалавек вяртаюцца назад на тым жа цягніку. Група валянтэраў мусіць зьмяняцца кожныя чатыры дні праз эмацыйнае выгараньне».

Мiсiя праваабаронцаў у Берасьцi

Карэспандэнт выданьня «Наша Ніва» Ірына Арахоўская далучылася да ініцыятывы Human Constanta. Дзяўчына правяла некалькі дзён з праваабаронцамі ў якасьці валянтэркі, нават трапіла ў ізалятар на КПП у Тэрэспалі.

«Палякі рабілі ўсё магчымае, каб разьяднаць нас з падапечнымі, каб мы не маглі патрабаваць разгляду справы кожнага чачэнца. Я ўзяла з сабой камэру, але так і не наважылася зрабіць ніводнага здымку. Бо вядомыя трывожныя выпадкі: родныя тых, чые фота ў СМІ, атрымлівалі пагрозы ад чачэнскіх уладаў».

***

Рэчы, сабраныя на дабрачыннай акцыі ў «Цэху», перададуць уцекачам на гэтым тыдні. Адначасова Human Constanta ладзіць адукацыйныя лекцыі і прагляд дакумэнтальных фільмаў пра сёньняшнія рэаліі Чачні для жыхароў Берасьця.

Паводле падлікаў журналістаў, цяпер у памежным горадзе знаходзяцца да трох тысяч мігрантаў. Міністар унутраных справаў Польшчы Марыюш Блашчак назваў сытуацыю «спробай стварыць прыток мусульманаў у Эўропу». Кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў заявіў, што ўцекачы «пакінулі дом не праз пагрозы, а ў пошуку лёгкага жыцьця» і што ён гатовы «накіраваць у Берасьце тэхніку, каб прывезьці іх дадому».