Газэта нагадвае, што вяртаньне 150 жаўнераў сілаў хуткага рэагаваньня на Готлянд было заплянаванае на восень 2017 года, але інфармацыя спэцслужбаў прымусіла зьмяніць дату на ранейшую. На разьмешчанай у Балтыйскім моры высьпе швэдзкае войска апошні раз прысутнічала на пастаяннай аснове ў часы «халоднай вайны». У 90-ыя гады адзінку ліквідавалі «з-за адсутнасьці пагрозы з усходу».
«Нечаканае вяртаньне войска на Готлянд — гэта выключная падзея. Падчас крызысаў у пэрыяд „халоднай вайны“ Швэцыя рэагавала павольна і асьцярожна» — гаворыць у інтэрвію «Dagens Nyheter» аналітык швэдзкай выведкі, прафэсар Люндзкага ўнівэрсытэту Вільгельм Агрэл.
Дзякуючы порту Сьлітэ на ўсходнім узьбярэжжы Готлянду было магчымае будаўніцтва нямецка-расейскага газапроваду Nord Stream на дне Балтыйскага мора. Гэтае месца хоча таксама выкарыстаць і інвэстар газапроваду Nord Stream-2.