Учора, 18 верасьня, у Расеі адбыліся парлямэнцкія выбары. Паводле папярэдніх зьвестак, кіроўная партыя «Единая Россия» атрымлівае 54,21% галасоў па партыйных сьпісах і 203 з 225 мандатаў па аднамандатных акругах. Такім чынам, больш за 76% дэпутатаў новай Дзяржаўнай Думы будуць прадстаўляць «Единую Россию».
Таксама ў Думу праходзяць тры партыі з так званай сыстэмнай апазыцыі — КПРФ, ЛДПР і «Справедливая Россия». Акрамя таго, па аднамандатных акругах праходзяць па адным прадстаўніку ад партыяў «Родина» і «Гражданская платформа».
Ніводзін кандыдат ад «несыстэмнай» апазыцыі ў расейскі парлямэнт не праходзіць.
Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра шматлікія парушэньні на выбарах у Расеі, у тым ліку «карусэлі» і ўкіды бюлетэняў.
За тыдзень да выбараў у Расеі, 11 верасьня, у Беларусі адбыліся выбары ў Палату прадстаўнікоў. З пункту гледжаньня назіральнікаў, беларускія выбары не адпавядалі ключавым міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў.
Лабковіч: «У Расеі вынікаў выбараў даводзіцца дамагацца больш творчымі мэтадамі»
Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч лічыць, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі і ў Расеі шмат у чым падобныя, але ў выбарчай практыцы дзьвюх гэтых краін ёсьць і істотныя адрозьненьні.
«І ў Беларусі, і ў Расеі збудаваная сыстэма фальсыфікацыі выбараў. Але паміж гэтымі сыстэмамі ёсьць шмат адрозьненьняў, што яскрава відаць, калі назіраеш за гэтымі дзьвюма парлямэнцкімі кампаніямі», — кажа ён.
«Па-першае, у Расеі значна больш празрыстае заканадаўства, якое дае назіральнікам і грамадзкасьці больш магчымасьцяў, каб сачыць за выбарчымі працэдурамі. У Расеі на фэдэральным узроўні забаронена датэрміновае галасаваньне, а ў Беларусі датэрміновае галасаваньне — адзін з асноўных інструмэнтаў фальсыфікацыі. У Расеі грамадзтва гэта разумела і дамаглося, каб гэты інструмэнт не ўжываўся, і датэрміновага галасаваньня няма.
Па-другое, гэта сытуацыя з падлікам галасоў — у Расеі гэтая працэдура значна больш празрыстая. Падчас падліку галасоў у Расеі ўсім назіральнікам дэманструецца кожны бюлетэнь.
Па-трэцяе, партыі, якія бяруць удзел у выбарах, могуць накіраваць па адным прадстаўніку з правам дарадчага голасу ў выбарчыя камісіі ўчастковага ўзроўню, што ў Беларусі немагчыма — у нас можна накіроўваць сваіх прадстаўнікоў толькі ў акруговыя камісіі, якія на этапе галасаваньня ўжо нічога не вырашаюць», — кажа Лабковіч.
Праваабаронца таксама зьвяртае ўвагу, што расейскае грамадзтва мае больш магчымасьцяў, каб фіксаваць парушэньні на выбарчых участках, а галоўнае — ёсьць надзея, што зафіксаваныя парушэньні ня будуць праігнараваныя ўладамі.
«Трэба адзначыць, што на гэты момант ЦВК Расеі зафіксавала чатыры выпадкі ўкідаў бюлетэняў, назваўшы іх відавочнымі і паабяцаўшы, што ў сувязі з гэтым будуць узбуджацца крымінальныя справы. У Беларусі такое фактычна немагчыма», — дадае ён.
«Калі ў Беларусі вынікі выбараў забясьпечваюцца поўным, татальным адміністратыўным кантролем, які непразрысты, незразумелы і таемны, то ў Расеі вынікаў выбараў даводзіцца дамагацца больш творчымі мэтадамі —маніпуляцыямі падчас агітацыйнай кампаніі, карусэлямі, укідамі бюлетэняў. Можна сказаць, што сёньняшні расейскі рэжым, маючы вялікую падтрымку сярод грамадзтва, можа сябе дазволіць праводзіць больш чыстыя выбары, разьлічваючы на электаральную падтрымку, а не на адміністратыўныя фальсыфікацыі. У Беларусі ж улады ні ў якім разе не дапускаюць нават мінімальнай магчымасьці адмовіцца ад гэтых адміністратыўных практык поўнага, татальнага кантролю за выбарамі», — рэзюмуе Лабковіч.
Класкоўскі: «Аўтарытарысты карыстаюцца тым, што насельніцтва ня мае досьведу дэмакратыі»
Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі ў інтэрвію Свабодзе кажа, што ў пляне выбарчай практыкі паміж выбарамі ў Палату прадстаўнікоў і Дзярждуму можна знайсьці шмат адрозьненьняў, але ня гэта тут галоўнае.
«Насамрэч і там, і там выбары пад каўпаком, іх вынікі вельмі прагназаваныя, і яны пад кантролем. Менавіта гэта пры ўсіх нюансах яднае сам мэханізм правядзеньня электаральных кампаніяў у дзьвюх суседніх краінах. Гэта ўсё стыль аўтарытарных рэжымаў», — кажа ён.
Класкоўскі нагадвае, што ў Расеі выбары адбываюцца па зьмешанай сыстэме: і па партыйных сьпісах, і па аднамандатных акругах. Фармальна, паводле дадзеных на гэты момант, у Дзярждуму трапляюць прадстаўнікі 6 палітычных партыяў (чатыры партыі праходзяць па партыйных сьпісах, прадстаўнікі яшчэ дзьвюх — па аднамандатных акругах), што стварае ілюзію пэўнага палітычнага плюралізму, кажа экспэрт. У Беларусі ж выбараў па партыйных сьпісах наагул няма.
«Трэба адзначыць, што ў Расеі ўсё ж такі ўлады вядуць больш тонкую гульню. Але ўсё адно сыстэма недэмакратычная, і той самы Крэмль усё адно маніпулюе вынікамі выбараў і трымае пад поўным кантролем палітычную сытуацыю ў краіне», — кажа ён.
Класкоўскі таксама лічыць, што ў Беларусі і Расеі вельмі падобная сытуацыя ў пляне масавай палітычнай сьвядомасьці грамадзтва.
«Расейскія аналітыкі адзначаюць, што большасьць электарату — гэта публіка дэпалітызаваная, пасіўная, і гэта таксама рэсурс улады. Тое самае можна сказаць і пра Беларусь. Дарэчы, гэта вялікая праблема для апазыцыі і ў Беларусі, і ў Расеі. Вядома, розныя ўмовы існуюць, бо ў Расеі іншы склад апазыцыйнага спэктру. У Расеі ў масавай сьвядомасьці вельмі моцныя вялікадзяржаўныя, шавіністычныя настроі, чаго няма ў Беларусі. Але ў прынцыпе лібэральная ідэя непапулярная ў Расеі, і ў Беларусі таксама да апазыцыйных лёзунгаў вялікая колькасьць абывацеляў ставіцца халаднавата ці нават рэзка нэгатыўна пад уплывам таго, што адбылося ва Ўкраіне. І гэта вялікая праблема для большасьці постсавецкай прасторы.
Многія, напрыклад, кідаюць камяні ў апазыцыю ў Беларусі, кажуць, што яна слабая, раздробленая. Але гэта толькі адзін бок мэдаля. Другі бок у тым, што аўтарытарысты карыстаюцца тым, што насельніцтва ня мае досьведу дэмакратыі, ня мае смаку да палітычнага плюралізму. Ёсьць вельмі моцныя патэрналісцкія настроі і прага моцнай рукі, якая нібыта можа належным чынам вырашыць усе праблемы ў дзяржаве. Таму і ў Расеі, і ў Беларусі да дэмакратыі яшчэ доўгі, пакручасты і шмат у чым туманны шлях», — кажа палітычны аналітык.
«Пуцін пераймаў беларускі досьвед закручваньня гаек»
Што тычыцца значнасьці Палаты прадстаўнікоў і Дзярждумы ў беларускай і расейскай палітычнай сыстэме адпаведна, то, на думку Класкоўскага, у пуцінскай Расеі парлямэнту адводзіцца ўсё ж больш прыкметная роля:
«У Расеі падзел уладаў больш выразна падкрэсьлены, і часта менавіта рукамі Думы (нездарма Дума папярэдняга скліканьня атрымала зьедлівую мянушку „шалёны прынтэр“) прымаліся непапулярныя, нават рэакцыйныя або цемрашальніцкія заканадаўчыя рашэньні. Акрамя таго, праз Думу можна пракруціць нейкія спрэчныя пытаньні, дзеля таго каб паказаць, што нібыта існуе нейкая грамадзкая дыскусія, хоць гэтым абмеркаваньнем таксама можна кіраваць».
Тлумачыцца гэта больш багатымі парлямэнцкімі традыцыямі Расеі ў постсавецкі пэрыяд, лічыць аналітык.
«Усё ж трэба адзначыць, што Расея мела даволі працяглы пэрыяд адносна дэмакратычнага існаваньня ў постсавецкі час — больш, чым у Беларусі, дзе ўсё захлынулася ў 1994 годзе з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. У Расеі ўсё ж да прыходу Пуціна была значна больш дэмакратычная сыстэма — была сапраўдная палітычная барацьба, якая часам проста зашкальвала (мы памятаем крызіс 1993 году, калі танкі білі па Белым доме ў Маскве і расейскае грамадзтва стаяла амаль на мяжы грамадзянскай вайны). Таму Пуціну ў Расеі давялося доўга і асьцярожна адкручваць назад. У пэўнай ступені Пуцін пераймаў і беларускі досьвед закручваньня гаек», — кажа Класкоўскі.