Завочныя веды пра Іран збольшага замыкаюцца ў трохкутніку стэрэатыпаў: адгароджаная ад сьвету і ня самая дружалюбная краіна, якая цішком распрацоўвае сваю ядзерную праграму; паўсюдная галеча як вынік заходніх санкцыяў; рэальная тэрарыстычная пагроза. Аднак зь вялікай доляй упэўненасьці можна казаць: турысты нічога гэтага не заўважаць.
Хутчэй наадварот: калі загадзя не паклапаціцца, дазвол на ўезд «ляпнуць» у пашпарт проста ў аэрапорце; за тыдзень падарожжа на вочы ня трапіўся ніводзін «санкцыйны» жабрак; не было падставаў засумнявацца і бясьпецы, хоць у суседзяў па пэрымэтры сапраўды грыміць. Паколькі віза тыднёвая, не хапіла часу наведацца ў суседні з Аўганістанам і Пакістанам рэгіён Белуджыстан, дзе здараюцца разборкі наркадылераў — але папярэднікі кажуць, што пачувалі сябе спакойна нават там. Адна з прычын агульнага ўзроўню бясьпекі — у тым, што цябе не паб’юць сп’яна: у Іране алькаголь забаронены.
Дарожны трафік у Тэгеране
Your browser doesn’t support HTML5
Для беларусаў іранская віза ў параўнаньні з шэнгенскай амаль нічога не каштуе — 15 эўра. З улікам наяўнасьці ў Менску кансуляту Ісламскай рэспублікі адкрыць яе нескладана, хіба што для асобных прафэсійных катэгорыяў тэрмін прысутнасьці будзе абмежаваны — напрыклад, для журналістаў. Дакладваць па прыезьдзе ў сілавыя структуры, як у Беларусі, пра факт свайго гасьцяваньня ня трэба. Ніхто не патрабуе станавіцца на ўлік у міграцыйных службах ды яшчэ плаціць пошліну.
Праўда, яшчэ на этапе збораў усё можа разьбіцца аб хцівасьць беларускага авіяманапаліста «Белавія» — квіток у адзін бок каштуе 300 даляраў на чалавека. Але як трапіш у старажытную Пэрсію, выдаткі адыходзяць на другі плян.
Галоўнае багацьце Ірану — яго жыхары. У масе сваёй адкрытыя, зычлівыя, цікаўныя. У Беларусі нават цяжка ўявіць, каб хто зь мясцовых падышоў да замежніка, пачаў цікавіцца, адкуль ён і якія ў яго ўражаньні ад краіны. Для Ірану гэта норма — на дзень па два дзясяткі разоў адказваць на пытаньне «Where are you from?». Вельмі любяць фатаграфавацца і ніколі не адмаўляюць, калі просіш зрабіць разам сэлфі.
Дастаткова крыху затармазіць на скрыжаваньні, каб зарыентавацца на мясцовасьці, як цябе тут жа акружыць цэлая кампанія ахвотнікаў дапамагчы. Неяк надвячоркам спагадлівы студэнт нават спыніў пасярод дарогі аўтобус, каб вывезьці нас з паўночнага Тэгерану. На выхадзе заплаціў і праводзіў да мэтро. Праўда, калі жонка працягнула руку, каб падзякаваць і разьвітацца, малады чалавек адскочыў, як ад удару токам — ручкацца з жанчынай забараняюць традыцыі.
Зрэшты, раз на раз не прыходзіцца. Напачатку зарыентавацца ў тэгеранскіх «джунглях» дапамагаў Салех Сэд — асьпірант Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Чатыры гады ён адвучыўся ў «цэнтры Эўропы», трымаецца сьвецкага ладу жыцьця, рэлігійным сябе ня лічыць, нават ня ходзіць у мячэт. Праўда, па-ранейшаму пад бацькоўскай апекай — да стварэньня ўласнай сям’і нават хлопцам забаронена жыць асобна.
Іран — маладая краіна, сярэдні ўзрост жыхароў — 27 гадоў. З гэтай прычыны тут вялізная колькасьць студэнтаў, а значыць, здаровая канкурэнцыя — каб добра вучыцца і потым заняць годнае становішча ў грамадзтве.
Горадам студэнцкай моладзі небеспадстаўна лічыцца Ісфаган — былая сталіца Пэрсіі, горад, які быў стратэгічным зьвяном на гандлёвым Вялікім шаўковым шляху і спаборнічаў у велічнасьці са Стамбулам. Тут сканцэнтравана паўтара дзясятка навучальных установаў, якія рыхтуюць спэцыялістаў у самых розных галінах — ад мастацтва да мэдыцыны.
Як і ў іншых месцах, сапраўднае жыцьцё тут пачынаецца толькі ўвечары. Пасьля 40-градуснай сьпякоты, якая амаль нязьменна трымаецца ад траўня да кастрычніка, людзі выходзяць на прамэнад і закупы пасьля працоўнага дня. Гарадзкія вуліцы — гэта суцэльны базар, усе першыя паверхі і ходнікі акупаваныя гандлярамі. Каб не было лішніх натоўпаў, існуе спэцыялізацыя: адны кварталы гандлююць аўтазапчасткамі, другія — электронікай, трэція — ювэлірнымі вырабамі, далей — харчамі.
Паўсюль кавярні нацыянальнай кухні. Мэню разнастайнае, але на званьне заканадаўцаў кулінарнай моды нашчадкі пэрсаў яўна не прэтэндуюць. За выключэньнем хіба страваў з бараніны і ягняціны, адно што нават кебаб будзе дробнага памолу. Асноўны складнік кухні па ўсёй краіне — рыс, які падаецца да ўсяго і ў вялізнай колькасьці. Ужо на трэці дзень хочацца адпачыць ад такога гвалту, і пачынаеш шукаць стравы, дзе гарнір не фігуруе. І цуд: патэльня рысу — у падарунак! Нацыянальны прысмак мае нават запазычаная клясыка: «італьянская піца» аказалася праснаком, прысыпаным каўбасным фаршам. Дарэчы, адзін з самых папулярных фаст-фудаў — вялізнага памеру батон, напханы мясам і гароднінай — ганарова завецца сэндвічам.
Кавярня ў нацыянальным стылі, Шыраз
Your browser doesn’t support HTML5
Затое па-за канкурэнцыяй разнастайныя слодычы: нуга, бахлава, шэрбет, кексы, садавінныя джэмы, залітыя нэктарам фісташкі ды процьма іншых экзатычных прысмакаў.
Галоўныя месцы збору публікі ў Ісфагане, які небеспадстаўна лічыцца адным з найпрыгажэйшых гарадоў сьвету, — плошча Нагш-э-Джаган (пасьля ісламскай рэвалюцыі — плошча Імама) і каменныя арачныя масты, якія цудоўна захаваліся да нашых дзён.
Паўкілямэтровая плошча «Партрэт Сьвету», закладзеная ў XVIІ стагодзьдзі шахам Абасам І Вялікім, дагэтуль уваходзіць у лік самых вялікіх у сьвеце і да нядаўняга часу была недаступная для простых гараджанаў. Але цяпер гэта ўлюбёнае месца ня толькі для шопінгу (у прахалодзе каменных зводаў па ўсім пэрымэтры раскінуліся гандлёвыя рады), але і для адпачынку. Відовішча нечаканае, але прыемнае: сотні чалавек цэлымі сем’ямі сэрвіруюць дываны, кінутыя паўзьверх траўніка, гатуюць бульбу і рыс на пераносных фаерках, дзеці гуляюць у мяч і катаюцца на роварах. Гэта прыблізна як арганізаваць пікнік на тэрыторыі праваслаўнага комплексу па вуліцы Прытыцкага ў Менску. І там, і там — рэлігійны аб’ект.
З паўднёвага боку над плошчай узвышаецца комплекс Шаскага мячэту з 50-мэтровымі мінарэтамі і яшчэ большым купалам, з унікальным росьпісам і мазаікай. Ва ўсходняй частцы — яшчэ адзін помнік пэрсыдзкай архітэктуры, мячэт Шэйха Лютфулы. Насупраць — калёны палаца Алі-Капу. На поўначы — уваход у традыцыйны ўсходні базар, які захоўвае нязьменны выгляд больш за чатыры стагодзьдзі.
Базар — асобная гісторыя, тут і гандлёвыя рады, і майстэрні. Як своеасаблівы майстар-кляс: ткуць дываны, ствараюць ювэлірныя шэдэўры, вырабляюць медны посуд, расьпісваюць і інкрустуюць мэталічныя талеркі майстры тут жа, недалёка ад прылаўка.
Іншае знакавае месца Ісфагану — 100-мэтровы каменны мост Хаджу праз паўнаводную раку Заяндэ, збудаваны ў эпоху росквіту гораду, у 1650 годзе. У свой час ён выконваў цэлы набор функцыяў. Па-першае, 15-мэтровая шырыня пралёту дазваляла без праблемаў перабірацца на іншы бераг вялікай колькасьці купцоў; па-другое, шлюзы рэгулявалі ўзровень вады, што спрыяла ірыгацыі; па-трэцяе, галерэі першага паверху выкарыстоўваліся для «воднага» адпачынку шахавай сям’і.
Яшчэ даўнейшы — амаль 300-мэтровы мост Сі-о-Се Поль, які складаецца з 33 арачных пралётаў. Цяпер гэта ўлюбёнае месца тусоўкі студэнтаў. Паколькі публічныя знаёмствы маладых людзей не вітаюцца, завесьці размову можна ў галерэях ніжняга ярусу. Тут рэальна сфатаграфавацца з цэлым букетам мясцовых дзяўчат, якія да замежнікаў выяўляюць проста надзвычайны інтарэс. А шмат хто проста сядзіць на беразе і любуецца прыгожым вечаровым падсьвятленьнем.
Калі Ісфаган патанае ў зеляніне і цешыць «прасунутасьцю» ды прагрэсіўнасьцю жыхароў, адваротнае ўражаньне пакідае іншае культавае месца — Язд. Магчыма, калісьці тут і быў урадлівы аазіс, але цяпер навокал выпаленая пустэча.
У Язьдзе разумееш, што праваліцца ў глыбіню стагодзьдзяў можна ў літаральным сэнсе. Цэнтар старадаўняга гораду — мудрагелістыя вузкія лябірынты паміж глінабітных дамкоў. Каб схаваць жыхароў ад няшчаднага сонца, цэлыя вуліцы хавалі пад дах. Нягледзячы на тое, што тут у лепшым выпадку могуць разьмінуцца два матацыклісты, рэха раз-пораз папярэджвае пра набліжэньне аўтамабіля. Ён займае ўсю прастору ад сьцяны да сьцяны, і тэрмінова даводзіцца шукаць ратавальную нішу. А калі яшчэ хто выедзе на сустрэчны курс, тут і затор. Машыны ў Язьдзе, як правіла, пабітыя, з пагнутымі бампэрамі і адарванымі люстэркамі.
Блукаючы па галерэях, варта зьвярнуць увагу на незвычайныя мэталічныя клямкі на дзьвярах ды брамах — адны даўгаватыя, іншыя акруглыя. Гэта яшчэ адна прыкмета полавага падзелу: госьць мужчынскага роду можа паведаміць пра свой прыход, бразгаючы жалезнай палкай, жаночага — кругляком.
Паколькі клімат у Язьдзе — адзін з самых сухіх у краіне, і плюс 42–45 градусаў для тутэйшых градусьнікаў — норма, пра прахалоду пачалі дбаць сотні гадоў таму. Так званыя бадгіры — прататыпы сучасных кандыцыянэраў. Гэтыя вежы ўзвышаюцца па ўсім Язьдзе і літаральна ловяць вецер. Па адмысловых трубах паветраныя масы накіроўваюцца ў памяшканьне і робяць тэмпэратуру больш камфортнай. Зь некаторых канструкцыяў тырчаць загадкавыя адгалінаваньні — аказалася, паміж імі нацягвалі «ветразі», каб зьбіраць яшчэ больш ветру.
Апроч таго, Язд вядомы тым, што яшчэ 2,5 тысячы гадоў таму тут давялі да дасканаласьці сыстэму здабычы, захоўваньня і разьмеркаваньня халоднай пітной вады. Дагэтуль захавалася багата сховішчаў, у якія па сыстэме камунікацыяў паступала вада з бліжэйшых гор. Бадгіры, толькі большага памеру, не давалі вадзе награвацца. Самы вялікі ў сьвеце «ветралоў» — у садзе Дулат Аба, занесеным у сьпіс гісторыка-культурных аб’ектаў пад эгідай ЮНЭСКА.
Само сабой, аповед пра Іран ня будзе поўным, калі не назваць чарговы мячэт-рэкардсмэн. Масджэд-э Кабір — Пятнічны мячэт — мае самыя высокія ў краіне мінарэты, якія ўзносяцца на 75-мэтровую вышыню. 1000-гадовыя сьцены традыцыйна аздобленыя багатым арнамэнтам.
Яшчэ адно культавае месца — мячэт Мір Чакмак, на плошчы перад якім адбываюцца ўсе культурна-масавыя імпрэзы. Якраз на адну з такіх давялося трапіць — падчас пампэзнай тэатральна-паэтычнай вечарыны з нагоды 35-й гадавіны іранска-ірацкай вайны пад адкрытым небам ушаноўваліся шагіды, якія загінулі за радзіму.
Дарэчы, іслам не адпускае нават у гатэлі: на столі ў нумарах намаляваная стрэлка-ўказальнік на Мэку (напачатку думалася, што так паказваюць аварыйны выхад), а ў шуфлядцы абавязкова будзе Каран і дыванок для малітвы.
Вакол Язду багата культавых аб’ектаў заарастрыйцаў, пра якіх гаварылася ў папярэдняй частцы.
Жыцьцё ў пустэльнай сьпякоце цячэ нашмат спакайней: тут няма нэрвовага рытму Тэгерану, студэнцкай актыўнасьці Ісфагану ці паломніцкай таўкатні Шыразу. Дарослыя зь цікавасьцю разглядаюць залётных турыстаў, соты раз цікавяцца, ці «Іран хуб» («Іран прыгожы?»), дзеці заходзяцца ў сьмеху, гледзячы на свае выявы ў маніторы фотаапарату.
За шклянкай гарбаты і пад акорды народных музыкаў іранцы любяць пасядзець у кампаніі — збольшага мужчынскай, бо жанчына ў гэты час займаецца хатнімі справамі — і, тактоўна абыходзячы палітыку, абмеркаваць надзённыя пытаньні. Іншая справа, што палітыка раз-пораз сама патрабуе ахвяраў, зацягваючы сваіх «падвопытных» у вір чарговай авантуры.