Актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віктар Гарбачэўскі 17 верасьня напісаў на сваёй старонцы ў Facebook: «Сёньня ў Кобрыні шляхам небясьпечнага і дакладнага манэўраваньня зьнішчаны помнік кату Беларусі — Сувораву. Ура! Так значна лепш. Дзякуй кіроўцу Берасьцейскага мясакомбінату».
У сацыяльных сетках зьявіўся здымак здарэньня. (Фота: Улад Салей, Кобрынь)
Сам Гарбачэўскі апублікаваў здымак, на якім відаць, што бюста каля ваенна-гістарычнага музэю ўжо няма.
Летась у сакавіку на іншым бюсьце Суворава ў Кобрыні актывісты павесілі плякаты «Я — расейскі акупант».
«Я ўдзельнічаў толькі ў захопніцкіх войнах. Я спальваў беларускія вёскі, а іх жыхароў ператвараў у сваіх рабоў. Мае рукі па локаць у крыві вашых продкаў», — было напісана на плякаце.
Пад камандаваньнем Суворава расейскія войскі здушылі паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. Пасьля здушэньня паўстаньня, у 1795 годзе адзін са старэйшых беларускіх паркаў «Кобрыньскі ключ» на загад расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ быў «пажалаваны» Сувораву.
Цяпер ў Кобрыні ёсьць вуліца імя Суворава, аднайменны парк, дом-музэй Суворава, два бюсты (да сёньня было тры), помнік у поўны рост і гатэль «Сувораў».