У Менску адкрылі клясу з вывучэньнем польскай мовы. Гэта першая кляса ў сталічнай сыстэме адукацыі, дзе заняткі польскай мовы будуць абавязковымі. Яны будуць адбывацца дзьве гадзіны на тыдзень.
Польскую мову ў 1 клясе будзе вывучаць 21 дзіця. Школа N69 вызначыла асобнае памяшканьне, дзе будуць адбывацца ўрокі польскай мовы.
Як распавёў Свабодзе Марцін Вайцяхоўскі з Пасольства Польшчы ў Менску, дзякуючы намаганьням Консульскага аддзела кляса польскай мовы была адрамантаваная і абсталяваная новымі партамі. Дыпляматы перадалі таксама праектар, мультымэдыйную дошку і падручнікі польскай мовы. Настаўніца прайшла адмысловы курс падрыхтоўкі для выкладаньня польскай мовы.
Да гэтага часу ў менскіх дзяржаўных школах дзеці маглі вывучаць польскую мову толькі ў рамках факультатыўных заняткаў альбо гурткоў, як дадатковы і неабавязковы прадмет. Усяго ў Менску ў дзяржаўнай сыстэме адукацыі ёсьць некалькі такіх устаноў.