Навумчык: Беларускія мусульмане адсьвяткавалі Курбан-байрам. Фотарэпартаж на гэты, між іншым, можна паглядзець на сайце Свабоды.
Мне падалося, што гэтая падзея — нагода паразважаць, чаму ў Беларусі адсутнічаюць праявы ісламскага радыкалізму, увогуле міжнацыянальнай напружанасьці. Нягледзячы на тое, што Беларусь мяжуе з Эўразьвязам, у прыпамежных раёнах шмат выхадцаў з усходніх краінаў, якія жадаюць перабрацца ў Заходнюю Эўропу. Ну, звычайна заслугу ў гэтым прыпісвае сабе ўлада.
Але, шчыра кажучы, цяжка назваць на эўрапейскім кантынэнце якую-небудзь краіну, дзе ў наш час улада сьвядома правакавала б міжнацыянальныя канфлікты (хаця ёсьць сумны досьвед былой Югаславіі, але я кажу пра цяперашнія гады). Адносна тэмы стаўленьня да правоў нацыі з боку ўлады ў Беларусі мы хутчэй маем адмоўны прыклад — маючы на ўвазе стаўленьне ўлады да правоў тытульнай нацыі, да правоў беларусаў, да беларускай мовы, да нацыянальнага школьніцтва, кнігадрукаваньня і гэтак далей.
Прычыны, мне падаецца, больш глыбокія.
Найперш — гістарычныя. Мы ведаем, што татары больш як шэсьць стагодзьдзяў жывуць на беларускай зямлі, татараў запрашалі ў Вялікае Княства Літоўскае, яшчэ параўнаўча нядаўна на Паркавай магістралі (потым праспэкт Машэрава, цяпер Пераможцаў) можна было бачыць мячэць.
Галоўныя прычыны міжнацыянальнага міру ў Беларусі — палягаюць як у старажытнай, гэтак і ў найноўшай гісторыі краіны.
Таму ёсьць досьвед трывалых талерантных узаемаадносінаў. У першыя дні працы першага адносна дэмакратычна абранага парлямэнту Беларусі, ВС-12, была створаная Камісія па міжнацыянальных адносінах, якую ўзначальваў прафэсар, член дэпутацкага Дэмклюбу Міхаіл Сьлямнёў, — куды ўваходзілі і камуністы, і прадстаўнікі БНФ. Не магу не сказаць і пра вельмі станоўчую ролю аднаго з лідэраў татарскага адраджэньня ў Беларусі — які адначасна быў актывістам і апошняй хвалі беларускага нацыянальнага Адраджэньня, Ібрагіма Канапацкага (1949-2005). Ён быў адным з ініцыятарам правядзеньня першага Усебеларускага зьезду мусульманаў у 94 годзе, рэдактарам часопісу «Байрам», які выходзіў і на беларускай мове. Вось гэта вельмі важны момант: Канапацкі як лідэр татараў не супрацьстаяў беларускаму нацыянальнаму руху, увогуле дэмакратычнаму руху, а быў адным з яго актывістаў.
Таму мне падаецца, што галоўныя прычыны міжнацыянальнага міру ў Беларусі — палягаюць як у старажытнай, гэтак і ў найноўшай гісторыі краіны.
Карбалевіч: Тут ёсьць некалькі прычынаў. Па-першае, беларусы — людзі добразычлівыя і талерантныя ў пляне стаўленьня да іншых народаў. І гістарычны досьвед да гэтага прымушаў. Доўгае жыцьцё на памежжы двух цывілізацый, рэлігій, існаваньне тут мяжы аселасьці габрэяў прывучыла да мірнага суіснаваньня. Другі фактар. Насельніцтва Беларусі дастаткова аднароднае, гамагеннае. Паводле перапісу 2009 году 84% — беларусы. То бок, беларусы тут моцна дамінуюць, ніяк пагроз гэтаму дамінаваньню з боку іншых нацыянальнасьцяў няма. Таму і нейкіх фобій, страхаў, што нейкія мігранты прыйдуць і будуць тут свае парадкі наводзіць, (а такія настроі існуюць у некаторых краінах Эўропы) няма. Самая вялікая нацыянальная меншасьць — рускія (8%). Ніякай фрустрацыі яны не адчуваюць, расейская мова тут дамінуе. Іншыя меншасьці тут — невялікія. Адзінай нацыянальнай праблемай, якая ўзьнікла у Беларусі за гады незалежнага існаваньня — гэта гісторыя з палякамі. Прычым, нават не з усімі палякамі, а з Саюзам палякаў, які, дарэчы, аб’ядноўвае невялікую колькасьць палякаў, якія тут пражываюць. Але тут праблема хутчэй палітычная, чым нацыянальная.
Мусульмане ў Беларусі моцна абеларусіліся.
У Беларусі няма такой сытуацыі, якая ёсьць нават у Расеі. Так, у Маскве пражывае толькі 40% рускіх. У некаторых сфэрах там цалкам дамінуюць нерускія. Напрыклад, на рынках, ці сярод дворнікаў. І гэта выклікае пастаянныя канфлікты. У Беларусі у гэтым пляне ўсё стабільна. Мігранты, уцекачы сюды ня едуць асабліва, бо беднасьць. Адзіны прыклад — украінцаў шмат прыехалі пасьля канфлікту ў Данбасе. Але нейкіх асаблівых міжнацыянальных праблем гэта не выклікала.
А мусульмане тут моцна абеларусіліся. Пра ісламскіх радыкалаў мы чулі толькі з зяваў КДБ, і то вельмі сумнеўных, больш падобных на піяр, чым на існаваньне нейкай рэальнай пагрозы.
Глод: Я нядаўна дзесьці чуў (ня ведаю, наколкі гэтая інфармацыя праўдзівая), што ў Эўропе ёсьць толькі дзьве краіны, дзе мусульмане добра інтэграваныя. Гэта — Босьнія і Беларусь. Цяпер мусульманаў у Беларусі, паводле розных падлікаў, ад 20 да 30 тысячаў.
Ня толькі мусульмане, але і прадстаўнікі розных канфэсіяў добра адчуваюць сябе ў Беларусі. Усе схільныя да асыміляцыі. Тыя, хто прыяжджаюць сюды, пачуваюць сябе спакойна. Канечне, тут вельмі моцны гістарычны падмурак, пра што казалі і Сяргей Навумчык і Валер Карбалевіч. Фактычна ў Беларусі ніколі не было значных міжканфэсійных канфліктаў. Беларусь традыцыйна з’яўляецца поліканфэсійнай краінай. Гэтым яна адрозьніваецца як ад Польшчы, дзе яўна пераважае каталіцтва, так і ад Расеі, дзе яўная большасьць праваслаўных вернікаў. У Беларусі ж заўсёды было даволі шмат праваслаўных, католікаў і пратэстантаў. Тут, у адрозьненьні ад Расеі, была Рэфармацыя. А міжканфэсійны мір быў прапісаны яшчэ ў Трэцім статуце Вялікага княства Літоўскага.
Падчас улады Саветаў у Беларусі зьнішчаліся ўсе канфэсіі, і таму сярод іх была ўзаемападтрымка. Цікава, што калі Праваслаўнай Царкве пасьля Другой сусьветнай вайны давалі магчымасьць існаваць, хоць і пад жорсткім кантролем, то Каталіцкай не дазвалялі дзейнічаць на большай частцы тэрыторыі рэспублікі. Але ёсьць шмат прыкладаў, калі праваслаўныя падтрымлівалі католікаў. І наадварот.
Цяпер спэцыялісты характарызуюць рэлігійную сытуацыю ў Беларусі, як сытуацыю дыялёгу і ўзаемнага паразуменьня, хоць некаторыя праблемы ў гэтым дыялёгу захоўваюцца. Спадар Карбалевіч казаў пра сытуацыю з Саюзам палякаў. Ёсьць тут яшчэ адна рэч, якая пакуль, скажам так, не дае пажару. Аднак засьцярога тут існуе. Гэта тычыцца стаўленьня Праваслаўнай Царквы да актыўнай місіянэрскай дзейнасьці каталікоў і пратэстантаў. Бо ў Маскоўскага Патрыярхату ёсьць такое паняцьце як кананічная тэрыторыя, у якую ўваходзіць і Беларусь. Таму калі, прынамсі, пратэстанты тут вядуць сваю місіянэрскую дзейнасьць, то ў Маскве лічаць, што яны дзейнічаюць на яе кананічнай тэрыторыі. Прычым, і гэта важна, грунт гэтых непаразуменьняў фармуецца не ў Беларускай Праваслаўнай Царкве, а ў Расеі.
Міжканфэсійны мір быў прапісаны яшчэ ў Трэцім статуце Вялікага княства Літоўскага.
А пазыцыя Рускай Праваслаўная Царквы такая: у сувязі з падзеямі ва Украіне, праблемай грэка-католікаў, прыезд у Беларусь Папы непажаданы. У выніку атрымліваецца так: як Беларуская Праваслаўная Царква мы не супраць, мы зацікаўлены ў дыялёгу, але як частка Рускай Праваслаўнай Царквы — мы не хочам прыезду Папы. Грамадзкая дзейнасьць Беларускай Праваслаўнай Царквы падтрымліваецца дзяржавай, бо ёсьць такая ўстаноўка: праваслаўная царква — гэта частка дзяржаўнай ідэалёгіі. Таму на прысягу ў войска, міліцыю, на асьвячэньне будынкаў, на сьвяты запрашаюць, як правіла, праваслаўных сьвятароў. Што тычыцца грамадзкай, у прыватнасьці, дабрачыннай дзейнасьці Каталіцкага Касьцёлу, то яна магла б быць разгорнута ў Беларусі ў значна большай ступені.
Карбалевіч: З пачатку незалежнасьці Беларусі колькасьць беларусаў у Беларусі павялічваецца ў працэнтным складзе. То бок іншыя этнічныя групы памяншаюцца, а беларусы павялічваюцца. І гэта ва ўмовах глябалізацыі трошкі дзіўна.