WADA заявіла, што хакеры так званай Царскай каманды апублікавалі дадзеныя 25 спартоўцаў, у тым ліку са Злучаных Штатаў, Нямеччыны, Чэхіі, Даніі, Польшчы, Румыніі і Расеі. WADA лічыць, што напады на яе базу дадзеных праводзяцца ў адплату за даклад агенцтва, паводле якога расейская дзяржава спансіравала і пакрывала допінг у спорце.
Прадстаўнік Алімпійскага камітэту Расеі Віталь Сьмірноў заявіў, што рана рабіць высновы пра тое, кім па нацыянальнасьці зьяўляюцца хакеры. А прэс сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Расея можа дапамагчы WADA змагацца з хакерамі, калі агенцтва напіша адпаведны запыт.
Расейскі баксёр, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Рыё-дэ-Жанэйра Міша Алаян здаў станоўчы допінг-тэст у апошні дзень спаборніцтваў Гульняў. Заключэньне Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва апублікавала група хакераў Fancy Bear, якая ўзламала базу дадзеных WADA. З дакумэнтаў вынікае, што ў крыві Алаяна быў знойдзены стымулятар туамінагептан.
Акрамя Алаяна ў новым сьпісе ўдзельнікаў Гульняў у Рыё, чые допінг-тэсты далі станоўчы вынік, 10 амэрыканскіх, 5 брытанскіх, 5 нямецкіх, адзін дацкі, адзін польскі, адзін чэскі і адзін румынскі спартоўцы.
Раней хакерская групоўка Fancy Bear апублікавала дакумэнты, згодна зь якімі Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) дазволіла асобным спартоўцам прымаць забароненыя прэпараты пры адпаведных мэдычных паказаньнях. У сацыяльных сетках зьявіліся копіі мэдыцынскіх дадзеных амэрыканскіх тэнісістак Сырэны і Вінус Уільямс, а таксама гімнасткі Сымоны Байлз.
WADA абвінаваціла ва ўцечцы інфармацыі расейскіх хакераў. У Крамлі абверглі дачыненьне Масквы да падобных дзеяньняў.