Як паведаміла «Інтэрфаксу» крыніца ў мэрыі, улады ня лічаць забойства апазыцыйнага палітыка «вялікай падзеяй», на месцы якой можна ўсталёўваць памятныя шыльды. Акрамя таго, выказваюцца засьцярогі, што гэта можа «раскалоць грамадзтва».
13 верасьня паведамлялася, што ў мэрыю Масквы перададзеныя 30 тысяч подпісаў за ўсталяваньне невялікай шыльды на месцы гібелі апазыцыйнага палітыка на Вялікім Маскварэцкім мосьце з надпісам: «На гэтым месцы 27 лютага 2015 году быў забіты Барыс Нямцоў. Вечная Памяць».
Пасьля забойства палітыка на мосьце стыхійна ўзьнік «народны мэмарыял», які ўлады гораду неаднаразова спрабавалі ліквідаваць, а актывістаў затрымлівалі. Летам мінулага году Масгардума адмовіла ва ўстаноўцы памятнага знаку на месцы забойства Нямцова, заявіўшы, што гэта можа стаць «яблыкам разладу».