Цыганкоў: Упершыню пра свой намер вылучацца на пасаду Старшыні Руху ня так даўно заявіў Юрась Губарэвіч, у тым ліку ў «Інтэрвію тыдня» на Свабодзе. І вось 13 верасьня на сваёй старонцы у Фэйсбуку Алесь Лагвінец паведаміў, што таксама ўступае ў барацьбу за пасаду Старшыні Руху. «Буду вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду Старшыні Руху „За Свабоду“ і гатовы быць яго лідэрам і кандыдатам нумар 1 ва ўсіх бліжэйшых выбарчых кампаніях», — напісаў Лагвінец і заклікаў «ставіць „лайкі“ тых, хто лічыць, што мне варта і я варты быць Старшынёю нашага Руху». Дарэчы, на гэты момант пад допісам каля 300 упадабаньняў, што даволі шмат для беларускага Фэйсбуку.
Увечары свой допіс напісаў і Юры Губарэвіч. Праўда, у ім не было ніякіх словаў пра суперніцтва за пасаду Старшыні. Губарэвіч пісаў пра вынікі парлямэнцкай кампаніі і далейшыя пляны Руху. Магчыма, пэўнай ускоснай адсылкай да пытаньня спаборніцтва за пасаду Старшыні арганізацыі можна лічыць наступныя словы Губарэвіча: «Рух „За Свабоду“ — пасьлядоўная праэўрапейская і незалежніцкая сіла, у якую асабліва апошнім часам прыйшло шмат новых людзей. Рух ніколі ня быў арганізацыяй адной асобы, у нас заўжды панавалі прынцыпы супольнай працы, агульных зацікаўленасьцяў і ўзаемадапамогі. Менавіта агульныя каштоўнасьці і стратэгія дзеяньняў для нас заўсёды былі вышэй за асабістыя амбіцыі і палітычныя інтарэсы асобных людзей».
Лагвінец відавочна больш эмацыйны, гарачы, рэзкі, Губарэвіч больш спакойны, памяркоўны, разважлівы
Нават гэтыя цытаты кажуць пра тое, наколькі розныя характары маюць гэтыя палітыкі. Лагвінец відавочна больш эмацыйны, гарачы, рэзкі, Губарэвіч больш спакойны, памяркоўны, разважлівы.
Абодва правялі даволі яркія кампаніі падчас гэтых выбараў — хаця, канешне, канцэрт Лявона Вольскага, які арганізаваў Лагвінец, цяжка чым-небудзь перабіць. Губарэвіч, наколькі я разумею, любіць працаваць з рэгіёнамі, рэальнымі справамі павялічваць колькасьць сваіх паплечнікаў менавіта сярод сяброў Руху. Лагвінец робіць стаўку на шырокую народную папулярнасьць, у тым ліку па-за межамі Руху.
Часам заяўляюць, што ў дэмакратычных партыях не мяняецца кіраўніцтва. Але гэта не зусім так. У тым самым БНФ неаднаразова былі даволі драматычныя змаганьні за пасаду старшыні. Сацыял-дэмакраты неаднаразова расколваліся на розныя партыі, выбіралі новых кіраўнікоў. Пэўная «стабільнасьць» найбольш прыкметна назіраецца хіба толькі ў АГП і партыі левых «Справядлівы сьвет»
Так што, тэарэтычна кажучы, барацьба за лідэрства — гэта дэмакратычны і неабходны працэс. І галоўнае — каб гэтая адкрытая дэмакратычная працэдура прывяла да ўзмацненьня Руху, а ні ў якім разе не да нейкага расколу і крыўдаў.
У любым выпадку можна пажадаць, каб у выніку адкрытай барацьбы двух цяперашніх намесьнікаў перамог лепшы. Ці прынамсі, той, каго самі актывісты Руху палічаць лепшым.
Гурневіч: Адкрытая публічная барацьба паміж Алесем Лагвінцом і Юрасём Губарэвічам сьведчыць ня столькі пра замену Аляксандра Мілінкевіча на пасадзе старшыні Руху «За свабоду», колькі пра пачатак падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. І ўчора ў Фэйсбуку Алесь Лагвінец напісаў, што гатовы быць лідэрам Руху і кандыдатам нумар 1 ва ўсіх бліжэйшых выбарчых кампаніях.
Прозьвішча Алеся Лагвінца гучала сярод патэнцыйных кандыдатаў ужо падчас апошняй прэзыдэнцкай кампаніі. Юрась Губарэвіч некалькі дзён таму ў размове зь Віталём таксама сказаў, што яму неаднаразова паступалі прапановы вылучацца на прэзыдэнта і што ён разглядае такую магчымасьць у пэрспэктыве.
Найлепшы трамплін на прэзыдэнцкія выбары — гэта пасада лідэра ў партыі ці руху...
Найлепшы трамплін на прэзыдэнцкія выбары — гэта пасада лідэра ў партыі ці руху. Узгадайце сытуацыю пра Казуліна і сацыял-дэмакратаў у 2005 годзе, калі ён быў абраны старшынём БСДП. Плёткі пра падобны намер узначаліць БНФ хадзілі пра Андрэя Саньнікава. Рух «За свабоду» — гэта добрая пляцоўка. Арганізацыя афіцыйна зарэгістраваная, вядомая на Захадзе дзякуючы Аляксандра Мілінкевічу, і ў палітыцы з кепскага боку пра сябе не заявіла. У яе няма іміджу радыкальнай.
Зрэшты, абодва намесьнікі Мілінкевіча добра пасуюць на кандыдатаў у прэзыдэнты. У кожнага ёсьць свае плюсы. У Лагвінца — эўрапейская адукацыя, ён валодае замежнымі мовамі і свабода адчувае сябе ў сьвеце. Ён энэргічны і крэатыўны. Юрася Губарэвіча на пачатку мінулага стагодзьдзя назвалі б пазытывістам. Гэта чалавек працы ад падмурку, працавіты палітык, які прайшоў шлях ад рэгіянальнага актывісты да лідэра аднаго з буйнейшых апазыцыйных рухаў у краіне. Як мне падаецца — шчыры і адважны чалавек.
Цяпер трэба трымаць кулакі, каб канкурэнцыя паміж імі за крэсла старшыні руху была «фэйр плэй» і каб не ляцелі шчэпкі. Асабіста я ў гэта веру. Калі так і будзе, то адсутнасьць інтрыг — гэта таксама плюс для іх падчас прэзыдэнцкай кампаніі.
Глод: На мой погляд, далейшы лёс руху «За свабоду» безумоўна залежыць ад таго, хто будзе кіраваць гэтай арганізацыяй. Маё бачаньне сытуацыі такое: калі рух ачоліць спадар Губарэвіч, то арганізацыя будзе працаваць па цяперашніх лякалах. Нейкія зьмены, канечне, будуць, як гэта амаль заўжды адбываецца, калі да кіраўніцтва прыступае новы чалавек. Але казаць пра тое, што рух «За свабоду» пры Губарэвічу чакаюць істотныя пераўтварэньні, не выпадае. Ён будзе працягваць той генэральны курс, які ўсталяваўся пры лідэрстве Аляксандра Мілінкевіча.
калі старшынём абяруць Алеся Лагвінца, то, я думаю, рух можа істотна зьмяніцца. Я маю на ўвазе, стаць больш палітызаваным, больш радыкальным
А вось калі старшынём абяруць Алеся Лагвінца, то, я думаю, рух можа істотна зьмяніцца. Я маю на ўвазе, стаць больш палітызаваным, больш радыкальным. Паглядзіце, як па-рознаму вялі Губарэвіч і Лагвінец свае перадвыбарныя кампаніі. Губарэвіч правёў яе ў традыцыйным стылі. А кампанія Лагвінца будавалася на адкрытых і нават правакацыйных выкліках уладам. Да таго ж, як мне падаецца, Лагвінец чалавек больш эмацыйны, а значыць і больш непрадказальны.
Ёсьць яшчэ некалькі момантаў. Спадар Цыганкоў казаў, што цяперашні кіраўнік руху, спадар Мілінкевіч, не выказвае свайго стаўленьня. Але невядома, як будзе сябе паводзіць Мілінкевіч падчас выбарчай канфэрэнцыі. Магчыма, ён у сваім слове ўсё ж выкажа, каго б ён хацеў бачыць. І давайце паглядзім на пасады, якія займаюць Губарэвіч і Лагвінец. Фармальна Губарэвіч стаіць на прыступку вышэй за Лагвінца, бо ён першы намесьнік старшыні руху «За Свабоду», а Лагвінец проста намесьнік. Магчыма, і драбяза, але слушна, што Губарэвіч працуе з рэгіёнамі. Ён больш ведае сытуацыю ў рэгіёнах, і калі справа дойдзе да галасаваньня, а канфэрэнцыя ж будзе прадстаўленая дэлегатамі з усіх рэгіёнаў Беларусі, то хутчэй за ўсё падтрымка будзе на баку Губарэвіча.
І апошняе, што гэта сур’ёзная пляцоўка на будучыню, уключаючы прэзыдэнцкія выбары. Бо сапраўды ў руху ёсьць адно станоўчае адрозьненьне ад партыі — партыі гэта маленькія маргінальныя арганізацыі, якія ў краіне мала ведаюць, а калі ведаюць, то не паважаюць, а рух «За Свабоду» надпартыйная структура, па статуту больш асьветніцкая, і для кар’еры маладых людзей, а абодва яны маладыя, добрая пляцоўка. Нам застаецца глядзець, як гэтыя маладыя людзі будуць сябе паводзіць сёньня і да наступных прэзыдэнцкіх выбараў.