17 футбалістаў і трэнэраў праходзяць па справе дамоўленых матчаў

Трэніроўка зборнай Беларусі па футболе. Ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт зафіксаваў прынамсі чатыры матчы ў Першай і Найвышэйшай лігах, якія былі дамоўленыя. Цяпер па крымінальнай справе праходзяць 14 футбалістаў — удзельнікаў чэмпіянату Беларусі па футболе, два былыя футбалісты, адзін трэнэр і яшчэ адна асоба, якая арганізоўвала дамоўленыя матчы.

Сьледчы камітэт працягвае расьсьледаваньне крымінальнай справы аб дамоўленых матчах у чэмпіянаце Беларусі па футболе, паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Юлія Ткачова, прэс-сакратар Сьледчага камітэту.

У матэрыялах крымінальнай справы сьледзтва зафіксавала прадстаўленьне і атрыманьне ўзнагароджаньня за аказаньне ўплыву на вынікі трох матчаў першай лігі і аднаго матчу найвышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе: «Баранавічы» — «Ашмяны» (5 чэрвеня 2016 году), «Прамень» — «Гомельжэлдартранс» (25 чэрвеня 2016 году), «Прамень» — «Ашмяны» (2 лiпеня 2016 году), «Іслач» — «Дынама Брэст» (30 траўня 2016 году).

У якасьці падазраваных і абвінавачаных па крымінальнай справе праходзяць 17 грамадзянаў Беларусі — два былыя футбалісты, 14 футбалістаў з клюбаў «Іслач», «Ашмяны» і «Прамень», былы трэнэр «Іслачы». Таксама пад сьледзтвам знаходзіцца грамадзянін Украіны. Ён перадаваў грошы футбалістам, якія павінны былі забясьпечыць патрэбны вынік. Пасьля гэтага на вынікі матчаў ставіліся буйныя сумы ў замежных букмэкерскіх канторах.

Для правядзеньня сьледчых дзеяньняў тэрмін папярэдняга расьсьледаваньня працягнуты да сьнежня 2016 году.

Ткачова адзначыла, што некаторыя футбалісты самастойна зьявіліся з пакаяньнем, а таму могуць прэтэндаваць на спыненьне крымінальнага перасьледу ў дачыненьні да іх на падставе арт. 30 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя з дамоўленымі матчамі цягнецца з пачатку лета 2016 году. Спачатку затрымалі Андрэя Жукава, кіраўніка дэпартамэнту судзьдзёўства і інспэктаваньня асацыяцыі «Беларуская фэдэрацыя футболу». Потым стала вядома пра ўдзел у дамоўленых матчах футбалістаў «Праменя» і «Ашмянаў». У жніўні пра датычнасьць да дамоўленых матчаў абвясьцілі ў клюбе «Іслач».