Як паведамляе прэс-служба МА, асноўныя задачы вучэньня — «адбіцьцё нападаў незаконных узброеных фармаваньняў і дывэрсійна-выведных групаў патэнцыяльнага праціўніка, іх пошук, блякаваньне, прымус да здачы або зьнішчэньне».
«Упершыню ўдзельнікі камандна-штабнога вучэньня будуць выконваць пастаўленыя перад імі задачы практычна на ўсіх палігонах Узброеных сілаў — Лосьвіда, Гожаўскі, Лепельскі, Асіповіцкі, Барысаўскі, Обуз-Лясноўскі, Даманаўскі, а таксама на тэрыторыі Полацкага раёну Віцебскай вобласьці, Горацкага раёну Магілёўскай вобласьці і ў пунктах сталай дысьлякацыі», — паведамляюць у Міністэрстве абароны.
Полацкі і Горацкі раёны непасрэдна мяжуюць з Расейскай Фэдэрацыяй. Абароннае ведамства Беларусі паведамляе, што да вучэньня далучаныя органы кіраваньня, Узброеныя сілы, падразьдзяленьні МУС і МНС, Дзяржаўны памежны камітэт, КДБ і Сьледчы камітэт.
«Усяго да 7500 чалавек, да 60 баявых танкаў, да 220 баявых браняваных машын і да 50 артылерыйскіх гармат, мінамётаў і РСЗА. У інтарэсах рашэньня задач вучэньня з запасу прызвана каля 450 ваеннаабавязаных», — паведамляюць у Міністэрстве абароны.
Алесін: Беларускія вучэньні на мяжы з Расеяй — адпрацоўка супрацьдзеяньня гібрыднай агрэсіі
Маштабныя вучэньні Ўзброеных сіл Беларусі на ўсходніх межах краіны маюць сваёй мэтай адпрацоўку сцэнару супрацьдзеяньня гібрыдным пагрозам, прыклад якіх — падзеі ў Крыме і на Данбасе.
Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе сказаў беларускі ваенны экспэрт Аляксандар Алесін.
«Тут адпрацоўваецца сцэнар супрацьдзеяньня гібрыдным пагрозам. Адным з варыянтаў такой гібрыднай вайны сталі падзеі ва Ўкраіне — у Крыме і на Данбасе», — кажа ён.
Алесін падкрэсьлівае, што падобныя вучэньні трэба ўспрымаць у шырокім сэнсе — як рэалізацыю новай ваеннай дактрыны Беларусі.
«Гэта рэалізацыя палажэньня нашай ваеннай дактрыны, якая цяпер прадугледжвае супрацьдзеяньне гібрыдным агрэсіям. Мы памятаем, што ў дактрыне цэлы сцэнар расьпісаны магчымага разьвіцьця падзей: гэта і сацыяльная напружанасьць, і беспарадкі, і „каляровая рэвалюцыя“, і, як найвышэйшая стадыя, гібрыдная вайна. Гібрыдная вайна прадугледжвае ўзаемадзеяньне ўнутранай пятай калёны са зьнешнім ворагам, які наўпрост сам не вядзе вайну, але распальвае канфлікт, падкідваючы грошы і зброю, і вядзе інфармацыйную вайну. То бок гэта гібрыдная агрэсія. А дзеля таго, каб супрацьстаяць такой комплекснай агрэсіі, у ваеннай дактрыне якраз і прадугледжана ўзаемадзеяньне ўсяго сілавога блёку — КДБ, МУС і Памежнага камітэту», — кажа экспэрт.
Алесін лічыць, што цяперашнія вучэньні беларускага войска сьведчаць пра тое, што кіраўніцтва Беларусі чакае гібрыднай агрэсіі з боку Расеі ў бліжэйшай будучыні.
«Я думаю, што вучэньні, якія праводзіць беларуская армія зараз, гэта хутчэй для падтрыманьня тонусу ў сілавым блёку, бо няма нічога больш згубнага для арміі і сілавых структураў, чым расслабленасьць», — мяркуе ваенны аналітык.
Алесін таксама ня думае, што Крэмль на дадзены момант выношвае пляны разьвязаць гібрыдную вайну супраць Беларусі.
«Я думаю, што сам канфлікт ва Ўкраіне быў вельмі нечаканы для беларускага кіраўніцтва. Падзеі разьвіваліся па нэгатыўным сцэнары, і гэта настолькі моцна ўразіла вышэйшае вайскова-палітычнае кіраўніцтва Беларусі, што яны ня толькі зьмянілі ваенную дактрыну, але і сталі праводзіць рэгулярныя вучэньні.
Наколькі я разумею, цяпер праводзяцца прафіляктычныя мерапрыемствы — апёкшыся на малацэ, на ваду дзьмуць. Але гэта як зачыняць стайню, калі конь ужо зьбег.
Расея, думаю, ня будзе паўтараць папярэднія мадэлі. Пуцін непрадказальны, ён будзе дзейнічаць там, дзе, як ён адчуе, у праціўніка ёсьць слабіна.
Застаецца толькі гадаць, дзе будзе наступны крок расейскіх апэрацыяў. Але, я думаю, Беларусі ў гэтым пляне нічога не пагражае. Расеі больш выгадна мець стабільную Беларусь, спакойную тэрыторыю, якая можа служыць надзейнай перадавой мяжой для Расеі.
Атрымаць яшчэ адну канфліктную зону на сваіх заходніх межах для Расеі надзвычай нявыгадна. Гэтага не дазваляе ёй ні яе цяперашні ваенны рэсурс, ні эканамічны стан, ні міжнародная сытуацыя.
Думаю, у плянах Расеі няма дэстабілізацыі Беларусі. Ім хапае Ўкраіны», — кажа экспэрт.