Антыдопінгавае агенцтва заяўляе пра атаку расейскіх хакераў

Закіды Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва адрынае прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў.

Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва (скарочана — WADA) абвінаваціла расейскіх хакераў у кібернападзе на сваю базу дадзеных. Паводле заявы WADA, расейская група кібершпіянажу, якая завецца Царская каманда, або таксама Fancy Bear, атрымала доступ да сыстэмы дадзеных з мэдыцынскай інфармацыяй шэрагу спартоўцаў, у тым ліку прыватнага характару. Дадзеныя ўжо былі выкладзеныя ў інтэрнэт з пагрозамі далейшых публікацый.

Паводле генэральнага дырэктара агенцтва Аліўе Ніглі, гэта падрывае давер да Расеі ў пытаньнях аднаўленьня антыдопінгавай сыстэмы.

У WADA адзначаюць, што ўцечка, апублікаваная ў аўторак, зьяўляецца працягам гісторыі з крадзяжом у пачатку жніўня пароля сыстэмы Адамс інфарматара WADA Юліі Сьцяпанавай, якая дала ключавыя паказаньні пры расьсьледаваньні выпадкаў прымяненьня допінгу ў расейскай лёгкай атлетыцы.

Закіды Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва адрынае прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў. Паводле яго, дачыненьне афіцыйнай Масквы ці нейкіх расейскіх службаў да хакерскіх нападаў на WADA выключанае.