Ганна Канапацкая кажа Свабодзе, што за ноч нічога не зьмянілася: падобна, што яна сапраўды праходзіць у парлямэнт. Але ці верыць яна, што выбары праходзілі справядліва, без махінацыяў?
«Цяпер я ведаю адно: і я, і мая каманда адпрацавалі ўсю кампанію ад першага да апошняга дня, — кажа верагодная дэпутатка. — У нас былі дзясяткі пікетаў, тысячы камунікацыяў з агромістай колькасьцю людзей.
Я ніколі не хавала таго, што прадстаўляю апазыцыйную партыю і што нашая каманда прапануе праграму, якая кардынальна адрозьніваецца ад цяперашняга курсу. Думаю, што менавіта гэты пасыл выклікаў станоўчую рэакцыю большасьці выбарнікаў».
Канапацкая ішла на выбары з праграмай АГП «Мільён працоўных месцаў». Але ў Палаце прадстаўнікоў яна будзе адзінай дэпутаткай партыі. Ці не давядзецца карэктаваць праграму?
«Я не адна. Мы на выбары ішлі камандай, мы працавалі камандай — і мы будзем працягваць працаваць камандай. Я не адна».