Лукашэнка: «Амбасадар ЗША абавязкова будзе»

Аляксандар Лукашэнка

Беларусь і ЗША дамовіліся вырашыць праблему адсутнасьці амбасадараў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША.

Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка 11 верасьня, адказваючы на пытаньне карэспандэнта «Свабоды» на ўчастку для галасаваньня ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце фізычнай культуры.

«Амбасадар абавязкова будзе, мы пра гэта ў прынцыпе дамовіліся. Калі — спытаеце ў амэрыканскага боку», — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік краіны пагадзіўся, што гэта ненармальна, што амбасадараў няма так доўга.

«Але я спадзяюся, мы гэта хутка вырашым, і вам не давядзецца езьдзіць у Вільню або Кіеў па візы. Хоць гэта пытаньне да ЗША, яны што ня могуць без амбасадара візы выдаваць? Амбасадар жа візы не выдае», — адзначыў Лукашэнка.

Адказваючы на пытаньне Reuters, ці сочыць ён за выбарамі ў ЗША, Лукашэнка сказаў, што амэрыканскае грамадзтва яшчэ не гатовае абраць жанчыну, «нават спадарыню Клінтан, хоць яна вопытны чалавек, была дзяржсакратаром». Пры гэтым Біла Клінтана Лукашэнка назваў сваім «блізкім сябрам». Лукашэнка дадаў, што Беларусь таксама не гатовая мець жанчыну-прэзыдэнта. Кіраўнік краіны адзначыў, што Дональд Трамп мае «моцныя пазыцыі і можа стаць прэзыдэнтам». Паводле Лукашэнкі, дынаміка росту яго рэйтынгу ўражвае, і Трамп можа перамагчы ня менш чым на 5-7%.