6 верасьня актывісты «Маладога фронту» пачалі капаць акопы ў лесе пад вёскай Рудня-Споніцкая недалёка ад Веткі, за 25 км ад расейскай мяжы. Празь некалькі хвілін пасьля пачатку акцыі зьявілася група лесьнікоў, да іх далучыліся невядомыя людзі ў цывільным. Неўзабаве прыехалі дзьве машыны з узброенымі супрацоўнікамі міліцыі ў бронекамізэльках. Агулам на дваіх маладафронтаўцаў — 14 чалавек.
Міліцыя склала пратаколы на ўдзельнікаў акцыі: адзін за «парушэньне цэласнасьці подсьцілу і жывога надглебавага покрыва» (5 базавых велічыняў), другі за неадпаведнасьць нормам аптэчкі ў машыне актывістаў (столькі ж). За адміністрацыйнае правапарушэньне ў лесе ім пагражае дадатковы штраф да 20 базавых велічыняў.
Актывісты былі затрыманыя да высьвятленьня абставінаў: кіраўнік раёну выклікаў апэратыўную групу, бо ў машыне аднаго з удзельнікаў акцыі, лідэра «Маладога Фронту» Зьмітра Дашкевіча знайшлі страйкбольны аўтамат — ідзе праверка муляжу.
Дашкевіч заявіў міліцыянтам, што не разумее расейскай мовы. Для размовы зь ім міліцыя выклікала ў лес настаўніка беларускай мовы. Іншага актывіста,Сяргея Пальчэўскага, адвезьлі ў міліцыю для высьвятленьня асобы.
Пазьнней усіх адпусьцілі з пастарунку. Муляж забралі на экспэртызу.
Акцыя «Маладога фронту» зьвязаная з агрэсіяй Расеі адносна Ўкраіны: на думку яе ўдзельнікаў, беларусам таксама трэба быць гатовымі да адпору расейскай агрэсіі. За 76 км ад месца правядзеньня акцыі знаходзіцца расейскае мястэчка Клінцы, куды зь нядаўняга часу сьцягваюцца расейскія войскі.