Кампанія Apple прадставіла новую мадэль iPhone

Кампанія Apple прадставіла апошнюю мадэль свайго iPhone, у якім дададзеныя новыя аб’ектывы для лічбавых камэраў і прыбраны раз’ём для навушнікаў.

Галоўны выканаўчы дырэктар Цім Кук прадэманстраваў зьмены на штогадовай выставе кампаніі ў Сан-Францыска 7 верасьня.

Кук адзначыў, што адсутнасьць гнязда для навушнікаў дазволіла зрабіць новы iPhone 7 і 7 Plus цалкам вільготна- і пыланепранікальным. Карыстальнікі змогуць слухаць і размаўляць па iPhone праз бесправадныя навушнікі. Новыя аб’ектывы камэраў можна будзе выкарыстоўваць для звычайных здымкаў, але ў іх таксама будуць магчымасьці для тэлефота.

Цім Кук таксама прадставіў новы гадзіньнік кампаніі Apple, які мае магчымасьці для GPS і больш водатрывалую тэхналёгію, якая дазваляе плаваць зь імі.