Гурневіч: За што люблю футбол, дык гэта за тое, што яго можа камэнтаваць кожны, нават такі дылетант як я. Але матч быў не штодзённы, таму я сачыў за гульнёй.
У рэйтынгу ФІФА Беларусь на 72 пазыцыі, Францыя на сёмай. Таму нягледзячы на лік, адказ відавочны — выйграла Беларусь. І гэта не была выпадковасьць. Каманда трэнэра Хацкевіча стрымала віцэ-чэмпіёнаў Эўропы і гэта вынік цяжкой працы. Аддача на полі была максымальнай і вынік адпаведны. Абарона ў беларусаў была добрая. Ёсьць пытаньні да атакі, французы не хваляваліся каля сваёй брамкі, не было для іх небясьпечных момантаў. Але зь іншага боку і забіць мячык у нашыя такія тытуляваныя футбалісты ня здолелі. Нездарма матч адбыўся напярэдадні Дня беларускай вайсковай славы, бітвы пад Воршай, дзе беларусы перамаглі ў разы магутнейшае маскоўскае войска. У гэтым выпадку нічыя, і здабыты беларусамі бал, гэта перамога.
Выйграла Беларусь ня толькі ў спартыўным спаборніцтве. Тое, што адбывалася на трыбунах, выклікала ня меншыя эмоцыі
Выйграла Беларусь ня толькі ў спартыўным спаборніцтве. Тое, што адбывалася на трыбунах, выклікала ня меншыя эмоцыі, чым гульня. Больш дзесятка тысяч людзей у бел-чырвона-белай форме нацыянальнай зборнай. Дарэчы, дэбютная форма і выглядае вельмі прыстойна. Сьпевы «Трох чарапахаў», «Воінаў сьвету», крычалкі «Жыве Беларусь», цішоткі з Пагоняй — гэта знак таго, што справа датачыць ня гета, а ўсё нашмат больш сур’ёзна.
Глод: Гульня Беларусь-Францыя скончылася з лікам 0:0. У такіх выпадках у мае часы звычайна казалі так: перамагла дружба. У дадзеным выпадку я не магу вярнуцца да гэтага старога штампу, а хачу сказаць, што сапраўды гэты вынік безумоўна на карысьць нашай краіны і каманды.
футбольныя заўзятары ў сваёй бальшыні прыхільнікі дэмакратычных поглядаў
Паколькі атмасфэру на стадыёне мой калега апісаў, я хацеў бы пагаварыць пра футбол і патрыятызм. Гэта вельмі цікавая тэма, бо выхаваньне патрыятызму праз спорт і найперш праз футбол робіцца паўсюдна, і ў Эўропе, і на іншых кантынэнтах — ва ўсім сьвеце. Як сустракалі зусім нядаўна нацыянальную каманду Партугаліі на радзіме пасьля таго, як яна стала чэмпіёнам Эўропы? Гэта ж было сьвята ўсёй нацыі, сьвята ўсёй краіны! Але ў Партугаліі, як і ў іншых дэмакратычных краінах, устойлівая патрыятычная еднасьць. У Беларусі наадварот. Лукашэнка раскалоў грамадзтва, і што цікава: футбол, палітыка — я заўважыў, што дэмакратычная супольнасьць вельмі прыхільна ставіцца да футболу. Нават хутчэй наадварот: футбольныя заўзятары ў сваёй бальшыні прыхільнікі дэмакратычных поглядаў. І гэта невыпадкова. Я думаю, што гэта робіцца таму, што яны стараюцца падтрымаць сваю каманду ня толькі ў Беларусі, але і на выездах. Яны езьдзяць за сваёй камандай у Парыж, у Ратэрдам, Львоў, Барсэлёну — згадайце зборную Беларусі, БАТЭ, менскае «Дынама». І там яны бачаць, як жывуць людзі, наколькі яны больш свабодныя за беларусаў. І, зразумела, беларускім заўзятарам хочацца жыць гэтак сама, як жывуць галяндцы, італьянцы, гішпанцы, іншыя народы.
Кожная перамога — гэта амаль кожная новая паездка. Новае параўнаньне свайго і чужога жыцьця. Таму так важны кожны посьпех. Лік 0:0 — гэта, безумоўна, пасьпяховы лік для нашай каманды і вельмі добры крок у той атмасфэры, пра якую казаў Дзьмітры Гурневіч. Пра тыя сьпевы, сьцягі, тую еднасьць, якая была на трыбунах. Гэта тое, што можа стаць выхаваньнем беларускага патрыятызму ў самым лепшым значэньні гэтага слова. Калі беларус нарэшце адчувае сябе сапраўдным беларусам.
Цыганкоў: Гэты матч быў незвычайным і па спартовым, і па палітычным аспэкце.
Ніколі не было такой еднасьці заўзятараў і футбалістаў. Арганізатары Нацыянальнай зборнай зрабілі некалькі крокаў насустрач грамадзкасьці, якія былі высока ацэненыя і ў спартовай, і агульнапалітычнай прэсе, і самімі заўзятарамі. Яны праводзілі адкрытыя трэніроўкі, публічную прымерку новай формы. І форма гэтая прывабіла людзей і выклікала такі энтузіязм, элемэнты вышыванкі, сымбаль белых крылаў. Яны паказвалі, што ім важная думка заўзятараў, і яны гатовыя працягнуць ім сваю руку, каб тыя працягнулі ім сваю.
Гэта паказвае, што ў футболе важныя ня толькі канкрэтныя ўменьні, але і душэўны настрой спартоўцаў, адчуваньні іхняй неабходнасьці людзям. Нездарма ўсе каманды любога прафэсійнага ўзроўню дома гуляюць лепш, бо трыбуны называюць нашым 12-м гульцом.
фанацкія групоўкі зьяўляюцца больш нацыяналістычнымі, другія больш анархісцкімі, але ў цэлым яны, безумоўна, больш беларускацэнтрычныя, чым беларусы ў сярэднім
Ва ўчорашнім матчы гэты гулец быў бадай на самым высокім узроўні, можа быць гэта быў галоўны герой учорашняга матча.
Я б сказаў, што заўзятары — гэта прыхільнікі патрыятычных поглядаў. Ужо наконт дэмакратыі ў іх могуць быць разыходжаньні. Адны фанацкія групоўкі зьяўляюцца больш нацыяналістычнымі, другія больш анархісцкімі, але ў цэлым яны, безумоўна, больш беларускацэнтрычныя, чым беларусы ў сярэднім. У тым ліку ў футболе яны могуць праяўляць свой патрыятызм, гэта тое месца, дзе гэта можна рабіць легальна, не баючыся затрыманьняў. Палітычны момант — упершыню за апошнія гады на беларускім стадыёны луналі бел-чырвона-белыя сьцягі. Ня проста майкі з Пагоняй, а менавіта сьцягі, і ніводзін амонавец не прымусіў іх схаваць.