Якія крыніцы ў Беларусі цудадзейныя

Славутая «Блакітная крыніца» ля Слаўгарада. Фота Тацяны Валодзінай

Маляўнічыя рэкі і азёры — Дзьвіна, Дняпро, Нёман, Прыпяць, Нарач, Сьвіцязь і мноства іншых — даўно сталі своеасаблівымі сымбалямі Беларусі. Але менавіта крыніцы займалі і займаюць у жыцьці і культуры беларусаў вельмі адметнае месца. Цуд «жывой вады», якая прабіваецца з-пад зямлі, не замярзае ўзімку, не перасыхае летам, а бясконца струменіць, дорачы людзям крыштальную чысьціню, уражвае і сучаснага чалавека. Якія крыніцы беларусы лічаць цудадзейнымі? Як і чаму яны шанавалі і шануюць сьвятыя крыніцы? Якую гісторыю мае гэты ўнікальны фэномэн беларускай этнічнай традыцыі? Гутарка з этнакультуролягам Уладзімерам Лобачам.

Вячаслаў Ракіцкі і Ўладзімер Лобач у студыі Радыё Свабода

Вячаслаў Ракіцкі: У розных кутках Беларусі можна сустрэць каплічкі, крыжы, абразы, усталяваныя побач з крыніцамі, якія лічацца ў народзе сьвятымі і цудадзейнымі. Што сталася падставай, каб ушаноўваць крынічную ваду? Калі пачаўся яе культ у беларусаў?

Уладзімер Лобач: Багомленьне і ўшанаваньне крыніцаў — унівэрсальная рыса культуры чалавецтва, бо крынічная вада ўвасабляла сабой ідэі чысьціні, здароўя, руху, жыцьця. Не выключэньне і беларусы. Культ крыніцаў на беларускіх землях мае даўнюю гістарычную традыцыю. Сярод іншых праяваў язычніцтва ён асуджаўся яшчэ ў ХІІ стагодзьдзі тураўскім эпіскапам Кірылам. Пры гэтым у павучаньнях Кірылы Тураўскага ўзгадваюцца дзьве асноўныя катэгорыі водных культавых аб’ектаў, найбольш пашыраныя і ў наш час, — калодзежы і ўласна крыніцы, якім прыносіліся ахвяры:

«Ни жрем бездушным идолом... не служим бо твари паче Творца, не чтем огня, не работаем солнцу, не даём требы горам, ни кладязем с источники».

Культавы «Дзявічы калодзеж» ля вёскі Жыхары Полацкага раёну. Фота Ўладзімера Лобача

Ракіцкі: Трэба разумець, што ў раньнім сярэднявеччы хрысьціянская царква даволі жорстка асуджала ўшанаваньне крыніцаў як відавочную праяву паганства?

Лобач: Так. Аднак устойлівасьць і шырокая распаўсюджанасьць культу крыніцаў была настолькі моцная, што хрысьціянская царква мусіла зьмяніць сваю тактыку ў дачыненьні да гэтай традыцыі, і замест асуджэньня адаптаваць яе да сыстэмы ўласных каштоўнасьцяў. На сёньняшні момант «сьвятыя крыніцы» вядомыя ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Пры гэтым іх значная частка ўключаная ў сыстэму народна-рэлігійных практык і знаходзіцца пад патранатам царквы, пераважна праваслаўнай. Такім чынам, устойлівасьць традыцыі ўшанаваньня крыніцаў абумоўленая сымбіёзам паганскіх і хрысьціянскіх уяўленьняў пра сакральны статус вады і крыніцаў у прыватнасьці.

Ракіцкі: Калі казаць пра сучасны стан гэтага фэномэну беларускай культуры, тады пра якую колькасьць «сьвятых крыніцаў» можа ісьці гаворка?

Лобач: Можна меркаваць, паводле сучасных дадзеных, што агульная колькасьць крыніцаў, якія шанаваліся і працягваюць ушаноўвацца як сьвятыя ў ХХ — пачатку ХХІ стагодзьдзя, складае больш за 200. Пры гэтым амаль кожная палявая экспэдыцыя выяўляе новыя крыніцы, якія маюць ці мелі ў недалёкім мінулым сакральны статус. Такім чынам, сьпіс культавых крыніцаў Беларусі застаецца прынцыпова адкрытым для далейшага папаўненьня.

Паломніцтва да «Блакітнай крыніцы» на Макавей (14.08.2008). Фота Тацяны Валодзінай

Ракіцкі: А ў якіх рэгіёнах Беларусі найболей сьвятых крыніцаў? Дзе найбольш вераць людзі ў сьвятую крынічную ваду?

Лобач: Трэба адзначыць, што насамрэч на тэрыторыі Беларусі крыніцы, у тым ліку і культавыя, распаўсюджаныя нераўнамерна. Гэта тлумачыцца геамарфалягічнымі асаблівасьцямі розных рэгіёнаў краіны. Для Беларускага Падзьвіньня, а таксама Падняпроўя характэрны складаны ўзгоркавы рэльеф, які абумоўлівае выхад грунтавых водаў на паверхню і, адпаведна, тлумачыць вялікую колькасьць крыніцаў у гэтых рэгіёнах. А вось на тэрыторыі Берасьцейшчыны лякалізавана найменш культавых крыніцаў, што ў значнай ступені тлумачыцца яе геафізычнымі характарыстыкамі. Большая частка тэрыторыі разьмяшчаецца ў межах Палескай нізіны зь яе аднатыпным пляскатым рэльефам. Гэта абумовіла той факт, што выхад грунтовых водаў на паверхню тут выяўлены слаба.

Ракіцкі: Але ж колькасьць крыніцаў Беларусі не паддаецца падліку, і далёка ня ўсе яны лічацца ў народзе сьвятымі. Якім жа чынам людзі распазнавалі цудадзейныя крыніцы?

Лобач: Чалавек традыцыі ня быў вольны па сваёй прыхамаці назваць тую ці іншую крыніцу «сьвятой». Ён мог толькі правільна прачытаць знакі, якія даваліся вышэйшымі сіламі. Размова ідзе пра міталягічны прэцэдэнт, які і абумовіў надзвычайныя ўласьцівасьці канкрэтнай крыніцы. На сьвятую ваду можа ўказаць людзям прадстаўнік боскай сфэры, як тое адлюстравана ў паданьні пра знакамітую Янаву крыніцу ля вёскі Чарневічы на Глыбоччыне:

Крыніца Сьвятога Яна ля вёскі Чарневічы Глыбоцкага раёну. Вадасьвяцьце ў дзень Яна Галавасека (11.ІХ. 2008). Фота Ўладзімера Лобача

«Ну вот, гавораць, што ішоў чалавек у бор і будзець ён сеч бор. Сячэць ёлку, з гэтай ёлкі пашла кроў. Тады аказаўся чалавек. Кажыць: „Я — Іян-крысьціцель. Я должан жыць на вадзе тут“. Гэта расказывалі даўнія, старыя дзяды-пра¬дзеды. Ну, а тады на гэта месца прыхадзілі людзі. Там вада цякла, прыхадзілі. Тады граф Лужыцкі прыехаў, у яго нехта быў сьляпы там. Нехта там быў зь дзяцей. Ну, і па¬мог гэтай вадой. І вада гэта зразу памагла. І стаў відзець там бальны гэты. І ён пастроіў тады капліцу на гэтым месцы».

На Краснапольшчыне, паводле паданьня, цудадзейную крыніцу адкрывае людзям сама Божая Маці:

«На крыніцу ідуць людзі, там жа бацюшка памоліцца, усе ідуць і бяруць. Казалі, што святая вада і памагае ад усіх балезняў. Патаму што ішла Мацерь Божая, адна жэншчына наша відзела тут яе, каса, гаворя, длінная ў яе такая, яна ідзець, а за ёй вада цячэць. І, дзе астанавілася, там на этым месці стала крыніца».

Ракіцкі: Вы зьвязваеце сьвятасьць крыніцаў зь міталёгіяй. Мо тады і розныя цуды здараліся на месцах цудадзейных крыніцаў?

Лобач: Так. Знакам сьвятасьці крыніцы магла быць дзівосная мэтамарфоза, зьвязаная зь ёю — храм, які нібыта праваліўся на тым самым месцы, дзе забруіла вада. Часам у крыніцу ператвараецца дзяўчына, што ратавалася ад злодзеяў і, каб не загінуць ганебнай сьмерцю, воляю Бога разьлілася крынічнай вадой. Часта сустракаецца матыў, калі сьведчаньнем цудадзейнасьці крыніцы становіцца раптоўнае збаўленьне чалавека ад хваробы.

Сьвятая крыніца ля вёскі Красналучка Лепельскага раёну. Фота Ўладзімера Лобача

Ракіцкі: Я ня раз мыўся крынічнай вадою Янавай крыніцы ля Чарневічаў, піў яе, прывозіў у Менск. Асабліва 7 ліпеня, на Яна, калі там адбываецца традыцыйны фэст. Мой жа род адтуль. І, як усе мясцовыя людзі, веру ў тое, што тая вада і раны гоіць, і амалоджвае. Дае здароўе. Увогуле, калі гаворка вядзецца пра сьвятыя крыніцы, то асабліва падкрэсьліваюцца іх гаючыя ўласьцівасьці. Ад якіх хваробаў, паводле народных уяўленьняў, дапамагае вада культавых крыніцаў?

Лобач: На ўсёй тэрыторыі Беларусі звышнатуральныя ўласьцівасьці сьвятых крыніцаў выяўляюцца ў іх надзвычайных лекавых здольнасьцях, якія мясцовае насельніцтва характарызуе, як правіла, абагульнена і формульна: «ад усякіх хваробаў», «ад усяго памагае», «для здароўя». Разам з тым вада большасьці культавых крыніцаў разглядаецца як эфэктыўны сродак пры хваробе вачэй ці немачы, атрыманай празь візуальны кантакт (сурокі). Падобныя ўяўленьні не выпадковыя і ўзыходзяць да архаічных плашчыняў індаэўрапейскай культуры, дзе крыніца ўвасабляла «вока» з таго сьвету, ідэальна чыстае і незамутненае. Паралельна са здольнасьцямі крынічнай вады дапамагаць пры хваробе вачэй могуць вылучацца і дадатковыя лекавыя ўласьцівасьці, якія і складаюць спэцыфіку той ці іншай культавай крыніцы. Так, жанчыны, якія мелі праблемы з нараджэньнем дзяцей або хацелі забясьпечыць лёгкія роды, абракаліся і ахвяраваліся ля Сарочынскай сьвятой крыніцы ў Вушацкім раёне, дзеля чаго праходзілі на каленках ад царквы да капліцы, пабудаванай над крынічнай вадой, і ахвяравалі ёй грошы, ручнікі ці фартухі. Так пра гэта расказваюць мясцовыя жыхары:

«Ад гэтай цэркаўкі на каленях паўзлі да тэй каплічкі. Ну, чысцілі, я і сама чысціла. Вот бальшынство бярэменныя і труды гэткія... Дык каб лягчэй радзіць...»

Ракіцкі: Ці існуюць правілы паводзінаў людзей ля сьвятых крыніцаў і нормы ўзаемадачыненьняў зь імі, ці можна проста набраць гаючай вады, не пільнуючыся нейкіх прадпісаньняў? У тых жа Чарневічах я назіраў, як людзі без усялякага абраду набіраюць бітоны сьвятой вады.

Служба ў дзень Сьвятога Ільлі (02.08.2009) ля культавай крыніцы «Ільлінка» ля вёскі Стайкі Вушацкага раёну. Фота Ўладзімера Лобача

Лобач: Безумоўна, узаемадзеяньне чалавека са сфэрай сакральнага было жорстка рэгляментаванае традыцыяй. Характар рытуальных дзеяньняў ля культавых крыніцаў мае ў аснове прынцып дараабмену, калі атрыманьне «долі» (здароўя) у выглядзе «сьвятой вады» прадугледжвала ахвяру (дар) з боку чалавека. Гэта адлюстравана і вось у такой замове:

«Крынічка Магдалена, стаіш па калена, дарую я цябе хлебам і соллю, надары рабую кароўку добрым здароўем, жоўтым маслам, белым сырам».

На сёньняшні час крыніцам найчасьцей ахвяруюць грошы, але даўней у якасьці дароў прыносілі хлеб, воўну, лён, на крыжах вешалі ручнікі ці павязвалі фартухі. У выпадку цяжкіх хваробаў практыкавалася і абраканьне — выкананьне асабістага зароку чалавека, які мог рэалізоўвацца ў разнастайных формах: паломніцтва-выпрабаваньня (нашча, пешкі ці нават на каленках, у строга вызначаны час), усталяваньня крыжа, упарадкаваньня крыніцы ці ўзьвядзеньня ля яе капліцы.

Вось запіс з Вушацкага раёну:

«Тут, у Матырыне, быў хлопец. І то лі прыўраждзёны, ну ня відзеў, малады чалавек, і ня відзеў, сьляпы. А тады яму прысьніўся сон, што дапаўзі да крыніцы, да Ліньня, і дастань вады, і напійся, і памыйся — і будзеш відзець. Ну і што вы думаеце, дык поўз чалавек гэты на каленьках, эта даўно дужа было, але гэта было дзесьвіцельна верна, чалавек гэты поўз на каленьках. Ішоў чалавек упярод ужо, а ён поўз за ім. Дапоўз да тый крыніцы, дастаў, папіў вады, памыўся, і чалавеку адкрыліся вочы».

Сьвятая крыніца «Ізус» ля вёскі Вішкавічы Чашніцкага раёну. Фота Ўладзімера Лобача

Ракіцкі: Савецкая эпоха, вядомая як час «ваяўнічага атэізму», характарызуецца скрайне нэгатыўным і рэпрэсіўным стаўленьнем да любых праяваў рэлігійнасьці. Як закранула барацьба з рэлігіяй народную традыцыю ўшанаваньня сьвятых крыніцаў?

Лобач: Асноўны ўдар з боку савецкіх актывістаў прыпаў на культавую атрыбутыку сакральных крыніцаў. Капліцы, крыжы, абразы ля крыніцаў былі зьнішчаныя практычна на ўсёй тэрыторыі краіны. Гэтаксама былі забароненыя і царкоўныя службы ля вясковых сьвятыняў. Нягледзячы на гэта, людзі працягвалі таемна наведваць культавыя крыніцы, парадкавалі іх, прыносілі ахвяры. Сьвядомае апаганьваньне культавай крыніцы ўсьведамлялася вясковай грамадой як цяжкі грэх, сапраўднае злачынства. Асабліва асуджаліся «свае» людзі, аднавяскоўцы, якія пагадзіліся зрабіць такі ўчынак. Паказальная гісторыя знакамітай крыніцы Пяцінкі ў вёсцы Мікуліна на беларуска-расейскім памежжы (былы Аршанскі павет, цяпер — Руднянскі раён Смаленскай вобласьці:

«Значыць, раньшэ камуністы былі, аны Богу ня верылі. Ну і вот, у нас быў Дарожкін, прэдседацель, а быў такі Бешэнчук, на трактары работаў. Ён яму заплаціў што там, і паслаў яго: Ідзі зарый крынічку. Пяцінку эту. І ён (трактарыст) паехаў, і зарыў. Ну і што вы думаеце? І тот жа ж год і жонка памёрла, і скот памёр, увесь падох, і сына забілі! І ён астаўся адзін. А вот Бог пакараў як! Тут ужо ніхто не салгець, ніхто ня выдумаець!».

Ракіцкі: Сотні шанаваных крыніцаў — гэта сапраўдныя дыямэнты культурнага ляндшафту Беларусі. Але ці існуе дзяржаўная праграма дзеля зьберажэньня гэтай унікальнай культурнай спадчыны? Што можна і варта зрабіць, каб гэтая традыцыя захоўвалася?

Лобач: На жаль, падобнай дзяржаўнай праграмы па зберажэньні і захаваньні культавых крыніцаў Беларусі няма. Добраўпарадкаваньне сьвятых крыніцаў збольшага застаецца справай мясцовай грамады, уладаў на ўзроўні сельсавету ці прыхадзкіх сьвятароў. Пэўную актыўнасьць у гэтым кірунку выяўляюць розныя прыродаахоўныя фонды. Аднак даволі часта аздабленьне вясковых сьвятыняў адбываецца з выкарыстаньнем штучных матэрыялаў, без уліку мясцовых культурных традыцыяў. Значная колькасьць колішніх сьвятыняў дагэтуль у занядбаным стане. Гэта робіць надзвычай актуальным пытаньне ўключэньня ўсіх без вынятку культавых крыніцаў у сьпіс аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Бо яны — унікальнае сьведчаньне гарманічнага суіснаваньня чалавека і адухоўленай прыроды.