Гэта быў ужо трэці зварот кіраўніка ўкраінскай дзяржавы да дэпутацкага корпусу. Ці супадаюць думкі прэзыдэнта, парлямэнтарыяў і грамадзян Украіны пра разьвіцьцё дзяржавы? Радыё Свабода прадстаўляе галоўныя тэзы выступу Пятра Парашэнкі.
Адзінства, армія і дыпляматыя
Сваю гадзінную прамову Пятро Парашэнка пачаў зь віншаваньня з 25-гадовым юбілеем аднаўленьня незалежнасьці Украіны — гэта тое імгненьне, калі маюць аб’яднацца ўлада і апазыцыя, расейска- і ўкраінскамоўныя грамадзяне. «Мы ўсе маем памятаць, што ўсе мы — украінцы. Ва ўмовах, калі агрэсія Расеі супраць Украіны трывае, а вайсковая пагроза з Усходу ўсё яшчэ застаецца найбольш складным стратэгічным выклікам, пытаньне палітычнага адзінства і палітычнай кансалідацыі — гэта ёсьць пытаньні жыцьця і сьмерці нашай краіны. Гэта, уласна, галоўнае, што я хацеў сёньня сказаць», — адзначыў Пятро Парашэнка.
У той жа час прэзыдэнт Украіны перакананы, што тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны немагчыма аднавіць ваенным шляхам: «Па-першае, патэнцыял нашага войска толькі абарончы. Па-другое, вораг абкапаўся ў найбольш урбанізаваных і густанаселеных раёнах, дзе жывуць нашыя суайчыньнікі. Адзіны шлях у пытаньні аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці — палітыка-дыпляматычны. Але пры гэтым з апорай на абаронныя магчымасьці ВСУ».
Але, паводле яго слоў, цяпер праца ўкраінскіх дыпляматаў ускладняецца. Пятро Парашэнка не выключае, што пасьля выбараў у шэрагу эўрапейскіх краін да ўлады могуць прыйсьці прарасейскія палітычныя сілы, і тады пытаньне захаваньня санкцыяў супраць Расеі стане сапраўдным выпрабаваньнем.
«Не цяжка заўважыць прымяненьня Расеяю ў краінах Эўразьвязу неваенных мэтадаў гібрыднай вайны. Крэмль не хавае, што выкарыстоўвае эўрапейскія каштоўнасьці Захаду для яго ж — Захаду — разбурэньня. Я ўпэўнены, што Эўропа пераадолее гэтыя выклікі. Але на тактычным узроўні гэта ўскладняе задачу для нашай дыпляматыі. Пакуль што Эўропа гаворыць адзіным голасам, але ёсьць краіны, у якіх ужо можна пачуць расейскі акцэнт», — сказаў Пятро Парашэнка.
НАТО, вайсковая дапамога, менскія пагадненьні
Украінскі прэзыдэнт заявіў, што ўступ да Паўночна-Атлянтычнага альянсу застаецца стратэгічнаю мэтаю Ўкраіны: «Варта таксама разумець, што ў Альянсе таксама няма кансэнсусу адносна сяброўства Ўкраіны. Так, фармальна дзьверы адчыненыя, пачынаючы з бухарэсцкага саміту 2008 года, але гэтыя дзьверы — сэнсарныя: могуць і зачыніцца пры занадта рэзкім набліжэньні».
Не цяжка заўважыць прымяненьня Расеяю ў краінах Эўразьвязу неваенных мэтадаў гібрыднай вайны
Пятро Парашэнка спадзяецца, што ў выпадку адкрытай агрэсіі Расеі заходнія краіны дапамогуць Украіне зь лятальнаю зброяю, але найперш Украіна мусіць абапірацца на ўласныя сілы. «Мы высока цэнім падтрымку з боку заходніх партнэраў. Цяпер выконваецца больш за 40 імпартных кантрактаў на пастаўку ва ўкраінскую армію розных сродкаў абароны на агульную суму 1,5 мільярдаў даляраў. Але ў цэлым зразумела, што ў абароне Украіна ў першую чаргу павінна абапірацца сама на сябе, на ўласнае войска, на ўласны ваенна-прамысловы комплекс», адзначыў ён.
«Падкрэсьліваю, што мы будзем прытрымлівацца менскіх пагадненьняў, як бы цяжка нам гэта не давалася. І менавіта гэта дазволіла нашай дыпляматыі выйграць вясной і летам вялікую барацьбу за падаўжэньне санкцый (супраць Расеі) ЭЗ, ЗША, Канады, Японіі, Аўстраліі, многіх іншых краін сьвету. Але пры гэтым я падкрэсьліваю, што мы не саступілі ні адной прынцыповай для Украіны пазыцыі», — заявіў Пятро Парашэнка.
Паводле яго, вяртаньне Данбасу будзе нялёгкім і трывалым: «Працэс рэальнага, а не фармальнага аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці, рэінтэграцыя жыхароў акупаванай часткі Данбаса ва Ўкраіну, вяртаньне ўкраінскага сувэрэнітэту на ўвесь Данбас, мы павінны разумець, будзе нялёгкім, пакутлівым і доўгім. І шлях да пачатку гэтага працэсу паводле агульнага меркаваньня нашых партнэраў, адкрывае менавіта і толькі менскі працэс».
Рэформы, сацыяльна-эканамічны стан, барацьба з карупцыяй
Кіраўнік украінскай дзяржавы перакананы, што пачатыя ў краіне рэформы з часам дадуць свой плён. «Сапраўднае паляваньне на карупцыянераў пачалося, і шанец патрапіць у гэтыя сеткі мае кожны, у каго ёсьць грэх за душой. Але ўзьнікае пытаньне: чаму гэтых зрухаў не бачыць украінскае грамадзтва? Таму што прайшло занадта мала часу, каб паверыць, што гэта ніякая не кампанейшчына, не піяр, а гэта сурʼёзная сыстэмная праца. Пакуль гэта ўсё нагадвае спартыўную рыбалку: злавілі, паказалі, адпусьцілі. Ключавое слова „пасадзілі“ магчыма толькі пры наяўнасьці судовага прысуду. А потым нашы праваахоўныя органы могуць даваць справаздачу перад грамадзтвам. А значыць, сама судовая сыстэма, рэформа якой залежыць і ад гэтай залі, мае надаць завершанасьці ўсёй сыстэме барацьбы з карупцыяй. На яе ўкараненьне спатрэбіцца некалькі гадоў, але пасьля завяршэньня ўсе ўкраінцы атрымаюць новую судовую сыстэму: сумленную, незалежную, справядлівую», — адзначыў Пятро Парашэнка.
Зьніжэньне ж узроўню заможнасьці грамадзян прэзыдэнт патлумачыў агрэсіяй Расеі: «Выбачайце за эмоцыю, але павінен сказаць, што падзеньне ўзроўню жыцьця людзей, беднасьць, фінансавыя праблемы пераважнай большасьці ўкраінцаў — вялікая сацыяльная цана расейскай агрэсіі. Усё гэта цяжкім каменем ляжыць на сэрцы. З аднаго боку я не ведаю прыкладаў у гісторыі, калі ў краіне, на тэрыторыі якой ідуць баявыя дзеяньні, квітнела эканоміка. Але падкрэсьліваю. Мы з вамі зрабілі ўсё, што маглі, каб пазьбегнуць дэфолту, забясьпечыць макраэканамічную стабілізацыю, утрымаць крытычны мінімум сацыяльных гарантый, і ў рамках супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі, павінны былі пайсьці на жорсткія і непапулярныя рэформы, асабліва ў тарыфнай сфэры».
Царква і дзяржава
Пятро Парашэнка падзякаваў парлямэнту за зварот да Ўсяленскага Патрыярха Барталамей пра неабходнасьць аўтакэфаліі Украінскай праваслаўнай царквы. «Спадзяюся, яго сьвятасьць нас вельмі добра пачуе і прыме да ўвагі апытаньні грамадзкай думкі, якая паказвае, што ўсё большая колькасьць праваслаўных грамадзян хочуць мець, як гэта прынятае ў большасьці праваслаўных краін, адзіную, памесную, аўтакэфальную ўкраінскую царкву. І ў той жа час я хачу запэўніць, што аўтакэфалія абсалютна не азначае зьяўленьня дзяржаўнай царквы. У канстытуцыйных прынцыпах узаемадзеяньня дзяржавы з рэлігійнымі арганізацыямі не зьменіцца ні адной коскі, а свабода сумленьня нічым, нікім і ні для каго ня будзе абмежаваная», — гарантаваў прэзыдэнт Украіны.