Пасьля публікацыі Свабоды былы баявік «ДНР» быў вымушаны зьехаць зь Беларусі

Раман Джумаеў

Як даведалася Свабода, пасьля публікацыі інтэрвію з былым баевіком «ДНР» Раманам Джумаевым ён быў вымушаны зьехаць зь Беларусі і цяпер жыве ў Расеі.

У сакавіку 2016 году Свабода апублікавала інтэрвію з 25-гадовым грамадзянінам Ўкраіны Раманам Джумаевым, які амаль год ваяваў на Данбасе на баку «ДНР» у складзе групоўкі «Пятнашка». Летам 2015 году Джумаеў пакінуў Данбас, пераехаў Беларусь, у Мар’іну Горку, дзе працаваў мэнэджэрам па продажах у краме.

Ва Ўкраіне на яго была заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 260 частка 5 КК Украіны (удзел у незаконных узброеных фармаваньнях).

У інтэрвію Свабодзе ў сакавіку Джумаеў выказваў меркаваньне, што ў Беларусі яму нічога не пагражае, бо беларускія законы ён не парушаў. У магчымасьць сваёй экстрадыцыі ва Ўкраіну ён ня верыў. «Ну, калі яна (Украіна — РС) будзе накіроўваць запыт (на экстрадыцыю — РС), то тады трэба на многіх адпраўляць. Я тут ужо шмат людзей сустрэў, якія былі і ў „ДНР“, і ў „ЛНР“. Нашых тут на самай справе шмат», — казаў тады ён.

Некалькі месяцаў таму на старонцы Рамана Джумаева «Ўкантакце» было зьменена месца пражываньня — замест Менску цяпер там пазначана Масква.

Джумаеў заявіў Свабодзе, што ў Беларусі ён сустрэў нэгатыўную рэакцыю на сваё інтэрвію і вымушаны быў пакінуць краіну. «Так, давялося зьехаць у Маскву», — зазначыў ён.

Ад разгорнутага камэнтару Джумаеў адмовіўся, таму незразумела, ці зьвязаны ягоны ад’езд выключна з грамадзкай рэакцыяй на ягоныя прызнаньні ў размове са Свабодай, ці пасьля гэтага да яго ўзьніклі пытаньні з боку праваахоўных органаў.

Адказваючы на пытаньне Свабоды пасьля публікацыі інтэрвію Джумаева ў сакавіку 2016 году, кіраўнік апарату старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны Аляксандар Ткачук заявіў, што СБУ адсочвае грамадзянаў Украіны, якія ўчыняюць супрацьпраўныя дзеяньні супраць украінскай дзяржавы, незалежна ад іх месцазнаходжаньня.

У той жа час Аляксандар Ткачук ня даў канкрэтнага адказу на пытаньне, ці будзе Служба бясьпекі Ўкраіны зьвяртацца да кампэтэнтных органаў Беларусі з запытам аб экстрадыцыі Рамана Джумаева.