«Яшчэ 20 гадоў дыктатуры народ ня вытрывае»

Хто прыйдзе да ўлады ва Ўзбэкістане пасьля сьмерці Іслама Карымава і ці есьць надзеі на зьмену рэпрэсіўнага рэжыму?

На пытаньні Свабоды адказвае лідэр узбэцкай апазыцыі Мухамад Соліх, які жыве ў выгнаньні.

У сьнежні 1991 году дэпутат Вярхоўнага Савету Ўзбэкістану, заснавальнік партыі «Эрк» (Свабода) Мухамад Соліх быў адзіным супернікам Іслама Карымава на прэзыдэнцкіх выбарах. Паводле афіцыйных дадзеных, ён атрымаў 12,7% галасоў выбаршчыкаў, па падліках незалежных назіральнікаў — большасьць галасоў. Студэнцкая дэманстрацыя прыхільнікаў Соліха пасьля выбараў была расстраляная, апазыцыйныя газэты зачыненыя, на лідэраў апазыцыі былі заведзены крымінальныя справы.

У ліпені 1992 году Соліх склаў зь сябе дэпутацкія паўнамоцтвы на знак пратэсту супраць рэпрэсій. У красавіку 1993 году быў арыштаваны за «дзяржаўную здраду», але пад ціскам сусьветнай грамадзкасьці быў вызвалены з-пад арышту з умовай аб нявыезьдзе з Ташкенту. Аднак яму ўдалося ўцячы ў Турцыю. З тых часоў ён жыве ў Стамбуле.

Супрацоўнікі ўзбэцкіх спэцслужбаў неаднаразова плянавалі замах на яго жыцьцё, трое яго братоў былі арыштаваныя ва Ўзбэкістане.

— Мы ведаем прыклад Туркмэністану, дзе пераход улады ад Ніязава да зусім на той момант невядомага Бердымухамедава прайшоў гладка і ніякіх істотных зьменаў у стылі праўленьня і ў палітычнай сыстэме не адбылося. Ці можна чакаць такога ж сцэнару ва Ўзбэкістане, ці вы адчуваеце цяпер натхненьне і думаеце, што могуць адбыцца вялікія перамены?

Узбэцкі народ вельмі стаміўся ад дзяржаўнага тэрору.

— Прадказаць, вядома, адразу нельга, пачакаем некалькі дзён, як складзецца абстаноўка з разьмеркаваньнем месцаў. Я думаю, што яны ўжо дамовіліся. Чуў, што ўжо ўсталяваўся нейкі кансэнсус паміж прэмʼер-міністрам Мірзіёевым і яго намесьнікам Азімавым, што яны будуць у будучыні камандаваць парадам ва Ўзбэкістане. Але любое можа здарыцца, таму што за 27 гадоў узбэцкі народ вельмі стаміўся ад дзяржаўнага тэрору, стаміўся ад нявызначанасьці, ад галечы. Пасьля сыходу дыктатара могуць адбыцца зусім нечаканыя падзеі. Таму што сындром Андыжану ўжо паступова сыходзіў на працягу апошніх двух-трох гадоў, страх, які навёў Карымаў у 2005 годзе, расстраляўшы мірную маніфэстацыю ў Андыжане, ужо амаль што растаў да гэтага дня. Людзі да канца жыцьця Карымава адкрыта выказваліся супраць яго, не баяліся выказваць сваё меркаваньне на вуліцах, у школах, у дзяржаўных установах. Так што ўсяго можна чакаць у будучыні. Калі народ будзе патрабаваць свае правы, як і павінна быць, то старая карымаўская палітыка ўжо ня будзе няздатная ні да чаго ва Ўзбэкістане, там павінна зьмяніцца становішча. Мы спадзяемся, што сытуацыя зьменіцца да лепшага.

— У 1991 годзе вы былі галоўным супернікам Карымава на прэзыдэнцкіх выбарах. Уявім, што ён тады прайграў. Ці былі перадумовы да таго, каб Узбэкістан стаў па-сапраўднаму вольнай дэмакратычнай краінай? Ці ён усё роўна непазьбежна б прыйшоў да той ці іншай формы дыктатуры?

На працягу 27 гадоў Карымаў ганяўся за мной, каб забіць мяне.

— Я адкрыта вам скажу: мы не былі гатовыя ўзяць уладу, хоць вельмі вялікую падтрымку мы атрымалі ад узбэцкага народу. Але мы маральна не былі гатовыя да ўлады. Мы рыхтаваліся за тыя пяць гадоў, якія ён быў прэзыдэнтам, застацца ў апазыцыі і рабіць канструктыўную апазыцыю, рыхтавацца да сапраўднай улады празь пяць гадоў. Каманда была параўнальна маладая, нявопытная, таму мы не спадзяваліся на такі вялікі посьпех, які раптам прыйшоў. Калі мы пайшлі на выбары, мы ўбачылі, што амаль што выйграем без адзінай капейкі. Людзі з інтэлігенцыяй на чале самі зьдзівіліся, калі ўбачылі нечаканы посьпех. Але мы не былі гатовыя да ўлады. Таму нельга зараз прадказваць, што было б, калі б мы прыйшлі да ўлады. Сёньня мы гатовыя. На працягу 27 гадоў усё яшчэ няма, акрамя нас, нейкай арганізацыі, якая мае станоўчы імідж сярод народу. Таму на працягу ўсіх гэтых 27 гадоў Карымаў ганяўся за мной, каб забіць мяне, тры ці чатыры разы рабіў спробу зьнішчыць мяне. Дзякаваць богу, я застаўся жывы. Мы спадзяемся вярнуцца на радзіму, далучыцца да мірнага працэсу стварэньня і ўдзельнічаць у свабодных выбарах ва Ўзбэкістане.

— Апошняя спроба замаху на ваша жыцьцё была зусім нядаўна, у сьнежні летась?

— Так, цалкам дакладна, у Стамбуле была такая спроба, але прадухілілі. Яны сядзяць цяпер у турме, пасадзілі іх. Адзін з іх — афіцэр узбэцкай спэцслужбы.

— Праўленьне Карымава адрозьнівалася крайняй жорсткасьцю да палітычных апанэнтаў, прычым самых розных поглядаў. Многія вашы паплечнікі былі арыштаваныя ва Ўзбэкістане. Колькі цяпер палітвязьняў, у прыватнасьці, сярод прыхільнікаў вашай партыі, маглі б вы нейкія імёны назваць?


— Я адразу магу назваць імя майго брата Мухамада Бекжона, ён ужо 17 гадоў сядзіць у турме. Двое братоў былі выпушчаныя па хваробе, адзін сядзеў 14 гадоў, другі 13 гадоў, гэта значыць трое братоў у мяне сядзелі. І яшчэ тысячы людзей сядзяць за свае перакананьні, за сваё іншадумства ва Ўзбэкістане. Ня сотні, а тысячы, не перабольшваю я. Калі хто-небудзь з акружэньня Карымава прыйдзе да ўлады і будзе тая ж палітыка, то тады, вядома, у народа застаецца адзіны шлях — гэта шлях паўстаньня. Таму што ня дай бог яшчэ 20 гадоў дыктатуры, гэтага народ ня вытрывае.