«Паўднёвага патоку» ня будзе. Расея вырашыла будаваць газаправод праз Турэччыну, а не праз Баўгарыю

Расея не абмяркоўвае магчымасьці будаўніцтва газаправода па дне Чорнага мора праз Баўгарыю, заявіў міністар энэргетыкі РФ Аляксандар Новак.

Паводле ягоных слоў, будаўніцтва газаправоду па дне Чорнага мора — «Паўднёвага патоку» — сёньня не абмяркоўваецца.

«Па Баўгарыі не абмяркоўваем цяпер, у нас „Паўднёвага патоку“ няма», — цытуе Новака РІА «Новости».

У той жа час Расея і Турэччына аднаўляюць перамовы па праекце газаправоду «Турэцкі паток». Намесьнік кіраўніка «Газпрома» Аляксандар Мядзьведзеў заявіў, што разам са сваім начальнікам Аляксеем Мілерам яны прымуць удзел у працы над праектам, перадае 24news.com.ua.

«Яны [перамовы] ўжо фактычна ідуць, гэты працэс пачаўся яшчэ на сустрэчы міністра эканомікі Турэччыны і міністра энэргетыкі Расеі. Былі дасягнутыя дамоўленасьці пра аднаўленьне гэтага працэсу», — заявіў Аляксандар Мядзьведзеў.

Аднак, як піша Euroobserver, будучыня ў абодвух праектаў нявызначаная праз падзеньне попыту на газ, нізкія цэны і заканадаўчыя складанасьці з будаўніцтвам трубаправодаў.