Ці справіцца Беларусь са сваімі даўгамі

Наколькі небясьпечным зьяўляецца даўгавы цяжар краіны, ці здолее Беларусь выплачваць даўгі, не зьвяртаючыся па зьнешнія пазыкі?

Удзельнічаюць Уладзімер Глод, Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч.

Глод: Дзяржаўны доўг Беларусі па стане на 1 жніўня 2016 году склаў 35,9 мільярда рублёў. За сем месяцаў ён павялічыўся за на 3 мільярды, або на 9,3%. Таксама ўзрос і зьнешні дзярждоўг. Ад пачатку году ён павялічыўся на 847 мільёнаў і цяпер складае 13,3 мільярды даляраў ЗША.


Наколькі крытычны існы ўзровень доўгу для беларускай эканомікі? Экспэрты цьвердзяць, што сам па сабе памер даўгоў не страшны. Клясычны прыклад тут — Злучаныя Штаты Амэрыкі. Зьнешні доўг гэтай краіны наблізіўся да 20 трыльёнаў даляраў. Але Амэрыка не чакае ніякай фінансавай катастрофы. Нават калі заўтра ўсе краіны вырашаць прад’явіць ёй свае патрабаваньні, гэтага не адбудзецца, паколькі ў гэтым выпадку даўгі будуць абясцэненыя, як і валютныя актывы прад’яўніка.

На сёньня Беларусь ня можа самастойна абслугоўваць бягучыя даўгі без іх рэфінансаваньня і без прыцягненьня зьнешніх крэдытаў

Нягледзячы на такі вялікі абʼём зьнешняга доўгу ЗША, яго абслугоўваньне каштуе ня больш за 2%. Гэтая лічба супастаўная з амэрыканскай інфляцыяй, што значыць — фактычна ўсе пазыкі абыходзяцца Штатам бясплатна. Таму і расьце ВУП штогод дзесьці на 3%, што вельмі неблагі паказьнік. Фінансавыя экспэрты адзначаюць: пра стан фінансаў той ці іншай краіны трэба разважаць, сыходзячы найперш не з аб’ёму яе пазыкаў, а з таго, як яна спраўляецца з пагашэньнем крэдытаў. Па сутнасьці праблема ў тым, ці здольная краіна самастойна, без староньняй дапамогі, абслугоўваць свой доўг?

На сёньня Беларусь ня можа самастойна абслугоўваць бягучыя даўгі без іх рэфінансаваньня і без прыцягненьня зьнешніх крэдытаў. Болей за тое, прапорцыя паміж доўгам і ВУП узрастае ня толькі за кошт росту саміх пазыкаў, але і за кошт скарачэньня ВУП у даляравым эквіваленце. Да таго ж калі браць зьнешнія пазыкі, напрыклад, у кітайцаў ці расейцаў, то плаціць за карыстаньне імі на рынкавых умовах даволі дорага. Таму беларускія ўлады і стараюцца атрымаць больш прымальныя крэдыты, найперш ад Міжнароднага валютнага фонду.

Каб вяртаць даўгі, патрэбная валюта. А валюту можна атрымаць за кошт павелічэньня беларускага экспарту на рынкі іншых краінаў. Схема зусім нескладаная. Але каб яна працавала, Беларусі патрэбныя структурныя рэформы, якія з цягам часу прывядуць да сурʼёзнага росту эфэктыўнасьці эканомікі. З цяперашняй эканомікай, з неэфэктыўным дзяржсэктарам спадзяваньняў на зьмяншэньне дзярждоўгу няма. Таму аналітыкі так упэўнена заяўляюць: калі нічога не мяняць, то даўгі будуць толькі нарастаць.

Зыходзячы з гэтага ў мяне пытаньне да вас, калегі: ці здольнае цяперашняе кіраўніцтва Беларусі на радыкальныя рэформы эканомікі? Альбо ўсё будзе як раней — а менавіта ўсё абмяжуецца пошукам зьнешніх крыніцаў рэфінансаваньня пазыкаў.

Амаль усе разьвітыя краіны павялічваюць доўг

Карбалевіч: Хачу нагадаць, што ў перадвыбарчай праграме Лукашэнкі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году ёсьць пункт, у якім кіраўнік дзяржавы абяцае зьменшыць замежны доўг. Такі ж пункт ёсьць і ў Праграме на пяцігодку, прынятай Усебеларускім народным сходам сёлета. Сапраўды, як казаў, Уладзімер Глод, праблема замежнага доўгу існуе ў шмат якіх краінаў. Нядаўна я даваў інтэрвію адной эўрапейскай тэлекампаніі, казаў як раз пра рост замежнага доўгу. Пасьля запісу журналіст мне кажа, што вы не моцна нас зьдзівілі. Амаль усе разьвітыя краіны павялічваюць доўг. Сапраўды, у некаторых зь іх, напрыклад, у Японіі замежны доўг перавышае лічбу 200% ВУП. Даўгавы пухір надзьмуваецца і некалі ён павінен лопнуць, спарадзіўшы новую хвалю сусьветнага крызысу. Але вернемся да Беларусі. Вастрыню беларускай даўгавой праблемы надае некалькі чыньнікаў.

Па-першае, тэмпы росту замежнага доўгу. Ён расьце вельмі хутка. Без вонкавых пазыкаў Беларусь сёньня проста ня можа існаваць. Другі момант. Крызыс у беларускай эканоміцы без нейкага прасьвету наперадзе. Не бачна пэрспэктыў, каб вяртаць пазыкі. Экспарт падае, замежныя інвэстыцыі ня ідуць. Нацбанк дазволіў зьменшыць долю абавязковага продажу валюты на біржы, і пакуль незразумела, як гэта адабʼецца на фінансавым рынку.

Каб вярнуць старыя даўгі, улады бяруць новыя

Трэці момант. Растуць ня толькі замежныя пазыкі, але і ўнутраныя. Улады выпускаюць аблігацыі, якія купляюць юрыдычныя і фізычныя асобы. І тут таксама доўг павялічваецца. Чацьвёрты момант. Хутка на Беларусі павісьне 10-мільярдны доўг за АЭС, які фінансуе Расея. Пакуль толькі невялікая частка гэтых грошай улічваецца ў якасьці доўгу, бо будаўніцтва станцыі толькі напачатку. Каб вярнуць старыя даўгі, улады бяруць новыя. Гэта называецца рэструктурызацыя доўгу. Ствараецца крэдытная піраміда. Расьце залежнасьць ад вонкавых крэдытораў. На што спадзяюцца беларускія ўлады? Думаю спадзяюцца неяк дамовіцца з Расеяй, каб яна сьпісала даўгі. Расея так рабіла зь некаторымі краінамі-крэдыторамі, ў разьвіцьці адносін зь якімі яна была зацікаўленая.

дзяржава ня можа абанкруціцца па ўнутраных даўгах, яна проста перакладзе цяжар доўгу з адных груп насельніцтва на іншыя

Дракахруст: Я згодны, што становішча сапраўды вострае і робіцца ўсё больш вострым. Але ўсё спазнаецца ў параўнаньні, і сытуацыя ў Беларусі лепшая, чым у многіх іншых краінах сьвету. Па-першае, варта сказаць пра лідэраў сусьветнай эканомікі, пра тыя ж ЗША. У іх ёсьць магчымасьць сплачваць свой доўг, але тыя дэбаты, якія адбываюцца ў амэрыканскім кангрэсе, у мінулым годзе кангрэс хацеў увогуле паставіць мяжу зьнешняга запазычаньня, сьведчаць пра тое, што там да гэтага ставяцца ня так ужо спакойна і паблажліва. Рост зьнешняй запазычанасьці — вялікая праблема нават і для ЗША.

Гэта праблема і для Беларусі. Пытаньне з унутраным доўгам прасьцейшае, дзяржава ня можа абанкруціцца па ўнутраных даўгах, яна проста перакладзе цяжар доўгу з адных груп насельніцтва на іншыя. А вось каб сплачваць зьнешні доўг, патрэбная канвэртуемая валюта. Яе можна альбо зарабіць альбо запазычыць. У Беларусі, дзякаваць Богу, не было такіх выпадкаў, як з Расеяй у 1998 годзе, як з Грэцыяй ці Ўкраінай летась — не было дэфолту, калі адпаведныя краіны заявілі, што ня ў стане плаціць па зьнешніх даўгах. Беларусь усё ж нейкім чынам, нешта займаючы, дамаўляючыся, такой сытуацыі не зьведала.

Мы з вамі, калегі, зацікаўленыя ў тым, каб у Беларусі адбыліся структурныя рэформы. Але ў той жа Ўкраіне значная частка гэтых рэформаў ужо праведзеная, большая частка ўкраінскай эканомікі — прыватная, Украіна — чалец Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, што ёсьць прызнаньне рынкавага характару ўкраінскай эканомікі. Але там зьнешні доўг складае 95% ВУП і Ўкраіна даўно фінансуе яго пераважна са зьнешніх пазыкаў.

Яна таксама рэфінансуе цяперашнія даўгі за кошт новых і не надта адрозьніваецца ад Беларусі. І гаварыць пра тое, што структурныя рэформы — гэта нейкі «залаты ключык», што ў нас правядуцца структурныя рэформы і будзе нам шчасьце, не зусім правільна. Я так разумею, што ў цяперашняй сытуацыі беларускія ўлады ўсё ж спадзяюцца на тое, што крызыс як прыйшоў, так і сыйдзе, а тады пойдзе ў рост ВУП, экспарт, і магчыма неяк з даўгамі атрымаецца расплаціцца.