Украіна, Літва і Польшча рыхтуюць заяву з нагоды 17 верасьня 1939 году

Сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрій Парубій прапанаваў парлямэнтам Польшчы і Літвы выступіць з сумеснай ацэнкай падзей 17 верасьня 1939 году, наступствы якіх, паводле яго слоў, адчуваюцца ў гэтых краінах і сёньня.

— Два імпэрыялістычныя рэжымы камуністычны і нацысцкі — фактычна разьвязалі ў Эўропе вайну і гэтай вайной прывялі да ахвяр сярод палякаў, украінцаў і літоўцаў, — заявіў Парубій на сустрэчы парлямэнтаў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы «Салідарнасьць і сувэрэнітэт».

Паводле віцэ-сьпікера польскага Сэйма Рышарда Тэрлецкага, польскі бок у дадзены момант працуе над яго тэкстам. Палітык спадзяецца, што і іншыя ўсходнеэўрапейскія краіны таксама далучацца да супольнай заявы.

Паводле ініцыятара прыняцьця заявы Андрэя Парубія, той самы агрэсар, які ў 1939 годзе праводзіў рэпрэсіі супраць палякаў, украінцаў і літоўцаў, сёньня з такім жа імпэрыялістычным матывам праводзіць напады і агрэсіўную палітыку супраць Украіны.

— Калі тры парлямэнты прымуць такую заяву наконт падзей, што адбываліся на нашых землях і падкрэсьляць, што падобныя пагрозы існуюць і сёньня, то гэта дапаможа нам пераадолець адрозьненьні і ўзмацніць нас — зазначыў віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны.
17 верасьня 1939 года СССР далучыўся да ІІ сусьветнай вайны, напаўшы на Польшчу. Землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, якія ад 1921 году знаходзіліся ў складзе Польшчы, былі далучаны да БССР і УССР на падставе пакту Молатава-Рыбэнтропа. На падставе гэтага ж дакумэнта ў 1940 годзе да Савецкага саюзу былі далучаныя Літва, Латвія й Эстонія. Пасьля 17 верасьня на захопленых СССР тэрыторыях пачаліся масавыя рэпрэсіі, ахвярамі якіх сталі сотні тысяч чалавек.