Намесьнік старшыні Палаты Прадстаўнікоў лётаў у Варшаву на канфэрэнцыю «пра новую візію Эўропы»

Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Гумінскі (у цэнтры)

Намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Гумінскі прыняў удзел у міжнароднай канфэрэнцыі парлямэнтаў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы «Салідарнасьць і сувэрэнітэт».

Сустрэча праходзіла ў Варшаве 30-31 жніўня. У ёй узялі ўдзел прадстаўнікі 12 парлямэнтаў рэгіёну. Апрача Беларусі, гэта Польшча, Армэнія, Азэрбайджан, Босьнія і Герцэгавіна, Грузія, Чарнагорыя, Макэдонія, Малдова, Сэрбія, Украіна і Турэччына.



Галоўнымі тэмамі канфэрэнцыі — новая рэгіянальная супраца краінаў цэнтральна-эўрапейскага рэгіёна і ўмацаваньне шматбаковай супрацы нацыянальных парлямэнтаў у рэгіёне.

Імпульсам для арганізацыі канфэрэнцыі стала дэклярацыя «Эўропа салідарных дзяржаваў», якую атрымалі ўсе кіраўнікі нацыянальных парлямэнтаў у Эўропе, у тым ліку і беларускай Палаты Прадстаўнікоў.

У ёй, сярод іншага, гаворыцца:

«Салідарнасьць роўных, свабодных і сувэрэнных народаў, мір і супраца з суседзямі, дэмакратыя — павінны быць фундамэнтам суйснаваньня эўрапейскіх дзяржаў. Прыйшоў час, каб добры досьвед зь дзеяньняў NATO і эўрапейскіх супольнасьцяў былі выкарыстаныя сёньня ў Эўропе. Краіны Цэнтральнай Эўропы, якія далучыліся да структур дэмакратычнага Захаду пасьля распаду савецкага блёку, зьвязвалі вялікія надзеі, у прыватнасьці, з ЭЗ. Але яны ў вялікай меры застаюцца няспоўненымі».

Польскі бок, які арганізаваў сустрэчу, прапанаваў падчас канфэрэнцыі распачаць дыскусію пра новую канцэпцыю Эўропы паводле формулы «свабодныя са свабоднымі, роўныя з роўнымі».

На сустрэчы сьпікер польскага Сэйму Марэк Кухціньскі абвясьціў ідэю стварэньня форуму міжпарлямэнцкай дыскусіі наконт будучыні кантынэнту, у якім удзельнічалі б дзяржавы Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, незалежна ад іх прыналежнасьці да ЭЗ і Паўночнаатлянтычнага альянсу.


Што азначае ўдзел такога чыноўніка зь Беларусі ў міжнароднай канфэрэнцыі ў Польшчы? Карэспандэнту Свабоды пракамэнтаваў сытуацыю палітоляг Андрэй Ягораў:

«Мы крыху забываемся з-за таго пэрыяду дастаткова доўгай адсутнасьці кантактаў паміж Беларусьсью і Эўразьвязам, што час ад часу беларускія чыноўнікі бываюць на розных міжнародных канфэрэнцыях. Напрыклад, па запрашэньні АБСЭ. А любыя пацяпленьні адносінаў выклікаюць інтэнсыфікацыю візытаў як вышэйшых эўрапейскіх чыноўнікаў сюды, так і нашых чыноўнікаў туды. Апроч таго, тое, што цяпер адбываецца, не зьяўляецца вельмі афіцыйным. Гэта паўафіцыйныя кантакты. Гэта не афіцыйны візыт прадстаўніка беларускага парлямэнту ў Польшчу. Таму я не перабольшваў бы статус гэтага візыту. І на падставе вось такіх кантактаў нельга казаць пра легітымацыю з боку эўрапейцаў беларускага парлямэнту. Тым ня менш Польшча цяпер імкнецца ўсталяваць больш шчыльныя кантакты з афіцыйнымі беларускімі ўладамі і ў пэўным сэнсе выступаць пасярэднікам паміж Беларусьсю і ЭЗ. Але прыкладна тое ж самае было і ў папярэднюю хвалю пацяпленьня 2008-2010 гадоў».