Зь пісьменьніцай, экс-старшынёй Саюзу пісьменьнікаў Вольгай Іпатавай мы сустракаемся цяпер толькі ўлетку, калі яна прыяжджае з Канады, дзе апошнім часам жыве. Сустрэліся і сёлета, паўспаміналі, пагаварылі пра набалелае.
— Спадарыня Вольга, раней вы казалі: вось падгадую ўнукаў у той Канадзе і вярнуся на радзіму канчаткова. Цяпер так ужо ня кажаце. Тэма вяртаньня перастала быць для вас актуальнай?
Радзіма заўжды ў маёй душы. Калі ў чалавека зьнікае пачуцьцё роднай зямлі, ён памірае душой.
— Не, яна для мяне застаецца вельмі актуальнай. Падняць на ногі ўнука — як напісаць кнігу. Вось я і казала раней — вярнуся, калі «дапішу кнігу». А дзеці ўсё «пішуць» тыя «кнігі». Хочацца ўсе «кнігі дапісаць», і тады можна будзе вярнуцца спакойна. На жаль, мае ўнукі ўжо не адчуваюць, што родная зямля іх — Беларусь. Для мяне ж радзіма заўсёды лепшая за чужыну, дзе жыць камфортна, але дзе ня можа быць утульна маёй душы. Бываючы ў Беларусі, я заўсёды еду ў Мір, дзе прыйшла на сьвет. Вось і днямі вярнулася адтуль, завезла ў тамтэйшы музэй некаторыя экспанаты, у тым ліку фотакарткі Мірскага замка, якія рабіла ў розныя гады. У Мірскім замку створаны выдатны, на мой погляд, эўрапейскага кшталтуі музэй, ён мяне моцна ўразіў. Душа мая ў тых мурах ізноў адпачывала, увогуле, адно зь першых маіх уражаньняў — гэта муры Мірскага замка. Радзіма заўжды ў маёй душы. Калі ў чалавека зьнікае пачуцьцё роднай зямлі, ён памірае душой.
— Ларыса Геніюш у адным зь лістоў успамінала, як ваш трохгадовы сын Руслан любіў сьпяваць беларускія песьні: «Ой ляцелі гусі з блоду» і «Золка Венела»... Як склаўся яго далейшы лёс?
— Руслан па прафэсіі — мэдык, онкагематоляг. Ён быў вымушаны зьехаць зь Беларусі, бо працы тут не знаходзіў. У яго сапраўды былі тут канфлікты, якія ўзьнікалі з-за маёй грамадзкай і палітычнай дзейнасьці. Сын быў вельмі засмучаны, з болем вялікім ад’яжджаў. Цяпер ён там працуе па спэцыяльнасьці і актыўна займаецца беларускім рухам. У Таронта ёсьць беларуская царква, дзейнічае Згуртаваньне беларусаў Канады, і ён там — адзін з самых актыўных сяброў. Канадзкія беларусы працягваюць справу, якую пачыналі Кастусь Акула, Вінцэнт і Раіса Жук-Грышкевічы, Мікола і Міхась Ганькі, мітрапаліт Мікалай. Яны пашыралі ў Канадзе веды пра Беларусь, пісалі і выдавалі кнігі, яны заўсёды жылі Беларусьсю. І добра, што зь іх адыходам справа не спынілася.
— Наколькі ведаю, ваша нявестка — кітаянка?
— Так. Цікава, што першы мой верш, надрукаваны яшчэ ў 1956 годзе ў газэце «Зорька», называўся «Кітайскім сябрам». Мы тады вельмі сябравалі з Кітаем, і я памятаю, у нашай школцы ў вёсцы Забельле Бешанковіцкага раёну віселі партрэты Сталіна і Мао Цзэдуна. Так што мне ў гэтым бачыцца пэўнае наканаваньне. Але ў мяне вельмі добрая нявестка.
— Калі два гады таму ў Віцебску зьявіўся помнік князю Альгерду, шмат хто ўспамінаў ваш раман «Альгердава дзіда». Маўляў, безь яго і помніка не было б. Конны помнік беларускаму князю ўспрымаўся як перамога патрыятычных сілаў. Але сёлета ў тым жа горадзе ўсталявалі помнік Аляксандру Неўскаму...
Гісторыя ўсё расставіць па сваіх месцах. Калі камусьці хочацца ісьці да Аляксандра Неўскага — няхай ідзе. А калі хтосьці захоча ўскласьці кветкі князю Альгерду, хай ускладае. Хопіць ужо нам варагаваць.
— Наўрад ці мая кніга вырашыла справу з помнікам Альгерду. Але, сапраўды, калі яна выйшла, мы з кнігараспаўсюдніцай Людмілай Несьцяровіч правялі шмат сустрэчаў у Віцебску. Насілі цэлыя сумкі тых «Альгердавых дзідаў», выступалі па школах, бібліятэках, многа кніг тады разышлося. Што да Аляксандра Неўскага, то гісторыя ўсё расставіць па сваіх месцах. Калі камусьці хочацца ісьці да Аляксандра Неўскага — няхай ідзе. А калі хтосьці захоча ўскласьці кветкі князю Альгерду, хай ускладае. Хопіць ужо нам варагаваць.
— Вы аўтарка гістарычных раманаў і аповесьцяў «За морам Хвалынскім», «Альгердава дзіда», «Вяшчун Гедыміна», «Залатая жрыца Ашвінаў», «Знак вялікага магістра», «Ахвяры сьвяшчэннага дуба»... А што на самым пачатку змусіла вас зьвярнуцца да такой далёкай гісторыі?
— Мне хацелася нейкім чынам выказаць свой пратэст. Пратэст супраць таго, што нас змушалі жыць у чужой гісторыі, маліцца чужым багам. У 70-я гады што мы ведалі пра сваю мінуўшчыну? Уявіце сабе, пасьля маёй абсалютна бяскрыўднай аповесьці «Прадыслава» былі артыкулы ў «Советской Белоруссии» проста з разгромнымі фармулёўкамі. У тым ліку афіцыёзнага гісторыка № 1 Абэцадарскага. Сапраўдная беларуская гісторыя была тады пад забаронай. І вось гэта вымусіла мяне, філёляга па адукацыі, заняцца нашай мінуўшчынай. У ёй — такія асобы! Скажам, Усяслаў Полацкі — постаць, значная для ўсяго славянскана сьвету. А Эўфрасіньня Полацкая — для ўсяго хрысьціянскага сьвету. І я шторазу, калі прыяжджаю на радзіму, еду ў Полацк пакланіцца ёй.
— Вы згадалі Абэцадарскага. Сярод ягоных антызаслугаў — і цкаваньне гісторыка Мікалая Ўлашчыка, які так і ня змог вярнуцца на радзіму і працаваў над беларускімі летапісамі ў Маскве. У сваіх нядаўна выдадзеных мэмуарах Улашчык успамінае, як у студыі Беларускага тэлебачаньня вы падаравалі яму вялікі букет.
Усе грамы і маланкі, што сыпаліся на нашу рэдакцыю, Бураўкін прымаў на сябе, абараняў нас, і за яго сьпіной я магла спакойна працаваць.
— Я памятаю тую сустрэчу. Гэта быў запіс маёй перадачы «Ліра». Я паехала ў Маскву, спаткалася зь Мікалаем Мікалаевічам і запрасіла яго ў «Ліру». Трэба сказаць, што мае перадачы тады выклікалі вялікі розгалас — як у грамадзтве, так і сярод чынавенства. Я многае не змагла б зрабіць, каб мяне не прыкрываў сваім аўтарытэтам тагачасны старшыня Дзяржкамітэту па тэлебачаньні і радыё Генадзь Бураўкін. Усе грамы і маланкі, што сыпаліся на нашу рэдакцыю, Бураўкін прымаў на сябе, абараняў нас, і за яго сьпіной я магла спакойна працаваць. Для Мікалая Ўлашчыка было вялікай радасьцю прыехаць у Беларусь і выступіць перад вялікай тэлеаўдыторыяй. І для нас сустрэча зь ім таксама была радаснай. Я разумела, як яму цяжка ў Маскве займацца сапраўднай беларускай гісторыяй, якую і ў Беларусі мала хто ведаў. Праз Абэцэдарскага прайсьці было амаль немагчыма. Гэтая постаць у нашай гісторыі назаўсёды застанецца афарбаванай у чорны колер. Што ўжо казаць пра савецкія часы, калі нават сёньня беларускае грамадзтва не заўсёды разумее, што старажытная Літва — гэта і ёсьць Беларусь, а Літва сучасная была колісь Жамойцю. Мая сяброўка-літоўка, калі размаўляем на гістарычныя тэмы, так і гаворыць: мы былі няхрышчаныя, нас хрысьцілі праз 400 гадоў пасьля вас, пасьля Полацкага княства. Сёньняшнія літоўскія гісторыкі гэта добра ведаюць. Але, вядома ж, не пратэстуюць, калі ўсе вялізныя здабыткі ВКЛ адносяць сёньня да маленькай Жамойці. Так што нам неабходна яшчэ шмат працаваць, каб беларусы ўведалі сваё сапраўднае імя ў старажытнасьці, сваю гісторыю, сваю сапраўдную веліч.
— Але ці можна гэтага дамагчыся грамадзкімі высілкамі, безь дзяржаўнага спрыяньня?
Без напоўненага ветрам нацыянальнай гісторыі ветразя ніводная нацыя ня зможа плыць у шырокі сьвет.
— Безь дзяржаўнага спрыяньня гэтага дамагчыся будзе вельмі складана. Бо нацыянальная інтэлігенцыя ў нас, на жаль, нешматлікая. А скуль ёй быць шматлікай? Ні беларускага дзіцячага садка, ні сапраўднай беларускай школы, ні беларускіх унівэрсытэтаў у нас, па-сутнасьці, няма. Я глядзела цяперашнія падручнікі па гісторыі. Вядома ж, сёньняшняя гістарычная адукацыя лепшая, чым была пры Абэцадарскім, але не настолькі лепшая, каб стаць ветразем для нацыі. А без напоўненага ветрам нацыянальнай гісторыі ветразя ніводная нацыя ня зможа плыць у шырокі сьвет.
— Рэкамендацыю ў Саюз пісьменьнікаў вам даў Васіль Быкаў. Хто яшчэ паўплываў на фармаваньне вас як асобы?
— Найперш назаву Янку Брыля, які сябраваў з маім бацькам яшчэ з партызанскіх часоў. Гэта і згаданы вамі Васіль Быкаў, і Данута Бічэль, і Міхась Васілёк, і незабыўны Аляксей Карпюк, які проста цягнуў мяне ў беларускую літаратуру. Як я радавалася, калі, скажам, на ўроку матэматыкі, якую я цярпець не магла, раптам адчыняліся шырока дзьверы, і Аляксей Нічыпаравіч, не зважаючы на настаўніцу, камандаваў: «Вольга, на выхад!» Гэта значыла, што гарадзенскія пісьменьнікі едуць выступаць і бяруць з сабой мяне. Міхась Васілёк у «Гарадзенскай праўдзе» друкаваў мае першыя вершы... Сёньня мне няёмка перад іх памяцьцю, я адчуваю, што пры жыцьці не сказала ім тых слоў удзячнасьці, якія яны заслужылі.
— Ваш папярэднік на пасадзе старшыні Саюзу пісьменьнікаў Уладзімер Някляеў успамінаў, як яго папракалі дзеячы беларускай эміграцыі за празьмерна востры канфлікт з Лукашэнкам ды яго атачэньнем. Вы ж тады (1998-2002 гады) таксама знаходзіліся «на перадавой». Кампрамісы з уладай былі магчымыя?
Жыць толькі ў сваёй шкарлупіне для мяне заўсёды было непрымальна.
— На той момант улада патрабавала, каб пісьменьнікі сталі на калені і падтрымалі яе па ўсіх пазыцыях. Што было проста немагчыма. Думаю, пісьменьнікам удалося захаваць сваю годнасьць. Як цяжка ні даводзіцца сёньня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, але ён жыве і змагаецца за беларускасьць. Пісьменьнікі, магчыма, дрэнныя палітыкі. Але яны працягваюць змагацца за нацыянальную культуру, ствараюць гэтую саму культуру, а для дзяржавы гэта — палітыка. Што да папрокаў з-за мяжы. Адтуль падзеі заўсёды бачацца іначай. Калі б тыя, хто папракаў, жылі тут, яны разважалі б па-другому. Кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў не выступала супраць улады як такой, мы проста хацелі, каб улада спрыяла нацыянальнай культуры. Такой была пазыцыя Някляева, такой была і мая пазыцыя. Жыць толькі ў сваёй шкарлупіне для мяне заўсёды было непрымальна. Пісьменьнік мусіць жыць адным жыцьцём са сваім народам.