30 жніўня ва ўзросьце 74 гадоў памерла легенда чэхаславацкай спартовай гімнастыкі Вера Часлаўска.
За сваю актыўную спартовую кар’еру яна заваявала для сваёй краіны 140 мэдалёў, стала шматразовай чэмпіёнкай Алімпійскіх гульняў, сьвету і Эўропы.
Для чэскіх грамадзян яна назаўсёды засталася сьмелай спартсмэнкай, якая на Летніх Алімпійскіх гульнях у Мэхіка ў 1968 годзе пры ўручэньні мэдалёў выказала свой пратэст супраць савецкай акупацыі Чэхаславаччыны, адвярнуўшыся і апусьціўшы галаву пры гуках савецкага гімну.