Хто мае больш рацыі — Цапкала ці Канюк

Дыскусія паміж кіраўніком Парку высокіх тэхналёгій Валерам Цапкалам і генэральным пракурорам Аляксандрам Канюком — адлюстраваньне розных падыходаў ва ўладзе да прадпрымальніцтва.

Удзельнічаюць Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст і Ўладзімер Глод.

Цыганкоў: Яшчэ 25 жніўня кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій Валер Цэпкала даў даволі шчырае і гучнае інтэрвію газэце «Беларусь сегодня». Сярод іншага, там ён прапанаваў скасаваць з Крымінальнага Кодэксу артыкул аб «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці».


У згаданым інтэрвію Валерый Цапкала сказаў шмат прагрэсіўных і важных слоў. аб дастаткова жорсткіх, але зьменлівых будаўнічых нормах, якія прыводзяць да падаражэньня і падаўжэньня тэрмінаў будаўніцтва, і аб дыктаце прадстаўнікоў міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

А таксама заявіў, што ў беларускіх умовах Стыў Джобс і Стыў Возьняк ня тое, што не сталі б мільярдэрамі, а працуючы ў гаражы без рэгістрацыі, былі б даволі хутка арыштаваныя і пакараныя за дзейнасьць без падатковага кантролю і рэгістрацыі юрыдычнай асобы.

у сацыяльных сетках інтэрвію Цэпкалы ацэньвалі вельмі высока і ўхвальна

Публіка была ў захапленьні, у сацыяльных сетках інтэрвію Цэпкалы ацэньвалі вельмі высока і ўхвальна. Але імгненна прыйшоў адказ «з іншага боку». Генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк «катэгарычна не згодны» з тым, што з крымінальнага заканадаўства трэба прыбраць адказнасьць за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. «Вы ведаеце, як гэты артыкул называлася ў савецкі час? Хто старэйшы — ведаюць. Спэкуляцыя — скупка і перапродаж з мэтай нажывы», — нагадаў генпракурор Аляксандр Канюк. Што тычыцца незаконнага прадпрымальніцтва, гэты артыкул мае два моманты: без рэгістрацыі і з неадпаведным суб’ектам. Як мы можам яе выкінуць? Для чаго гэта Цапкала робіць? Гэта проста піяр-ход айцішніка«.

Відавочна, мы маем такі красамоўны доказ пэўнага разлому ўнутры кіроўнай эліты наконт шляхоў разьвіцьця краіны, наконт эканамічных і прадпрымальніцкіх свабодаў. Тое, што Цапкала адкрыта гаворыць пра такія рэчы — гэта ўжо, я лічу, даволі знамянальны крок, гэта ўжо пэўнае дасягненьне. Мяркую, яшчэ нават некалькі гадоў назад такое было б немагчымае.

адмена такога артыкулу можа разьняволіць неарганізаваную і некантралюемую масавую прадпрымальніцкую ініцыятыву людзей

Але мне здаецца, (і ў гэтым мой прагноз), што пры цяперашняй уладзе немагчыма скасаваньне гэтага артыкулу. Бо гэта кардынальным чынам разбурае ўсю існую ня толькі эканамічную, але і палітычную сыстэму. Гэта робіць непатрэбным усю вялізную структуру кантралюючых органаў. Гэта памяншае ўсе тыя вялізныя паўнамоцтвы беларускіх сілавікоў, якія яны маюць і якімі так любяць карыстацца. Нагадаю, што паводле розных ацэнак, каля паловы беларускіх зьняволеных пакараныя менавіта за эканамічныя злачынствы — часта за тыя дзеяньні, за якія ў іншых краінах яны мелі б альбо штраф альбо ўвогуле гэта не лічылася б ніякім парушэньнем.

Больш за тое, адмена такога артыкулу можа разьняволіць неарганізаваную і некантралюемую масавую прадпрымальніцкую ініцыятыву людзей, гэта зьменіць усю структуру беларускай эканомікі. Але, выглядае, што ўладам гэта ня трэба, — нагадаю, нягледзячы на ўсе правільныя словы пра разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу, доля малога і сярэдняга бізнэсу ў ВУП зьменшылася з 25 да 24 працэнтаў.
Так што ў бліжэйшыя гады, калі не будзе нічога надзвычайнага, пры цяперашняй уладзе такая адмена выглядае немагчымай.

Дракахруст: Мне не ўяўляецца гэта такім ужо немагчымым, таму што вось гэты дыялёг паміж спадаром Цапкалам і спадаром Канюком паказвае, што і за тым, і за іншым падыходам стаяць даволі істотныя сілы, і яны зараз уступілі ў клінч, які выйшаў на паверхню.

Калі казаць пра пазыцыю пракурора, то гэта не толькі чыстая ідэалёгія, якую спадар Канюк так нехлямяжа выказаў, маўляў, памятаеце, у савецкія часы было так. У савецкія часы і 58-ы артыкул быў, і ГУЛАГ. Многа чаго было. Але вось, скажам, рабацяга на трактарным заводзе можа і ўспрыняў тое, што гаворыць спадар Канюк, і сказаць: Ну правільна, я тут пашу, як пракляты, 8 гадзін, а нехта нешта прыдумаў, прадаў, дзяржаве падаткаў не заплаціў, стаў нейкім Джобсам — а падаткі як? Як утрымліваць пэнсіянэраў, шматдзетных маці і гэтак далей? За мае грошы? Пэўная сацыяльная клясавая лёгіка за гэтым безумоўна ёсьць.

Але і другі бок не так ужо пазбаўлены аргумэнтаў і ня толькі ідэалягічных, маўляў, капіталізм — нашая сьветлая будучыня. ПВТ у год экспартуе прадукцыі на мільярд даляраў. Так выглядае, што нагодай для інтэрвію Цэпкалы насамрэч быў вядомы «наезд» пракуратуры і падаткавікоў на трэцюю па вялічыні фірму ў ПВТ. Можна, канешне, ўсіх разагнаць, пасадзіць, а мільярд хто будзе прыносіць? Для мяне канчатковы вынік гэтага змаганьня нявызначаны. Тым больш, што зараз і ў межах Эўразійскага саюзу таксама вельмі модныя тэорыі пра індустрыяльны прарыў. Пакажам усяму сьвету, якія мы крутыя. А хто гэта будзе рабіць?

А гэтым людзям трэба ж плаціць. І ў гэтым роля прыватнага сэктару таксама павінная нейкая быць. Так што я думаю, што гэта сапраўды барацьба, і за кожным з бакоў стаяць пэўныя аргумэнты, якія маюць значэньне і для тых людзей, якія прымаюць рашэньні.

Глод: Хто мае больш рацыі — Цапкала ці Канюк? Нездарма кажуць, што сапраўднае становішча лепш бачна людзям з боку, які раней не сустракаліся з нейкімі зьявамі ці праблемамі. Дык, вось каля 80% замежных прадпрымальнікаў, якія працуюць у Беларусі, не задавальняе існуючы ў краіне бізнэсовы клімат. Такія вынікі дало апытаньне, праведзенага па ініцыятыве Кансультатыўнай рады па замежных інвэстыцыях пры беларускім Саўміне. Пра нейкую змову тут казаць не выпадае — апытаныя бізнэсоўцы прадстаўлялі 11 краін сьвету — Бэльгію, Вялікую Брытанію, Кітай, Польшчу, Расею і г.д.

Вельмі шмат нараканьняў выклікаюць нестабільнасьць і зарэгуляванасьць беларускага заканадаўства, а таксама адсутнасьць гарантыяў уласнасьці і права ўласнасьці на зямлю. Інвэстараў не задавальняе незразумелы мэханізм ацэнкі кошту уласнасьці. Яны паказалі ў тым ліку і на занадта частыя і не заўсёды абгрунтаваныя праверкі кантралюючых органаў. Карацей, усё гэта ўпісваецца ў тую беларускую рэчаіснасьць, пра якую гаворыць спадар Цэпкала.

Адмена артыкулу пра незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць тычыцца шмат каго, бо ад гэтай прававой нормы пацярпелі многія. Мабыць, найбольш яскравы прыклад бізнэсоўца ў сфэры ІТ-тэхналёгіяў і нерухомасьці Віктара Пракапені. Яму выстаўлена абвінавачаньне паводле часткі 3 артыкула 233 Крымінальнага кодэксу — гэта незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць, учыненая арганізаванай групай, з атрыманьнем прыбытку ў асабліва вялікім памеры. Ахвярай нібыта незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці стаў і рэдактар часопіса «Arche» Валер Булгакаў.

апошняе слова, канешне, за Лукашэнкам, але ўжо тое, што такое пытаньне ўздымаецца, агучваецца, дае падставу думаць пра тое, што нешта пакрысе, але ўсё ж у нашай краіне зьмяняецца

Вось гэты артыкул Крымінальнага Кодэксу дае магчымасьць даволі шырокага ўжываньня, і пакараньня людзей з бізнэсовай ініцыятыўнай жылкай. Што да прагнозу, я схіляюся да варыянта Юрыя Дракахруст, чым да Віталя Цыганкова. Тое, што з гэтай заявай выступіў Цэпкала, мяне таксама не проста зьдзівіла — наадварот, я быў упэўнены, якраз Цапкала можа так зрабіць. Па-першае, усё ж была першы намесьнік міністра замежных спраў, былы амбасадар Беларусі ў ЗША. І хоць цяпер у яго пасада іншая, тым не менш ён ведае, што робіцца ва ўладных кабінэтах і якім чынам трэба здабываць грошы.

І я думаю, што ён невыпадкова выбраў час для такой размовы. Ён разумее, што мабыць зараз існуе такі момант, у кантэксьце агульнай выбарчай лібэралізацыі, паляпшэньня адносінаў з Захадам, калі можна паставіць такое пытаньне. Я так думаю, што апошняе слова, канешне, за Лукашэнкам, але ўжо тое, што такое пытаньне ўздымаецца, агучваецца, дае падставу думаць пра тое, што нешта пакрысе, але ўсё ж у нашай краіне зьмяняецца.