31 жніўня будзе апублікаваны шорт-ліст намінантаў на літаратурную прэмію Ежы Гедройця. У панядзелак, 29 жніўня ўвечары зьбіралася журы і цягам некалькіх гадзін шляхам кансэнсусу вызначыла 6 твораў з 29, зь якіх ужо будуць абірацца пераможцы. Да афіцыйнага апублікаваньня на сайце прэміі, якое адбудзецца днём 31 жніўня, журы і сакратарыят Беларускага ПЭН-цэнтру дамовіліся не разгалошваць кароткі сьпіс намінантаў на прэмію. І абяцаньне цьвёрда выконваюць: не паддаваліся на правакацыйныя пытаньні, ніхто нават не намякнуў, хто трапіў у шорт-ліст. Так што інтрыга захаваецца да серады.
Ігар Бабкоў, ляўрэат прэміі Ежы Гедройця 2014 году, сябра журы 2015 і 2016 году, пагадзіўся распавесьці Свабодзе пра некаторыя падрабязнасьці абмеркаваньня:
Мне крышачку шкада, што сама вось гэтая кухня, якая, можа, нават цікавейшая, чым усе гэтыя сьпісы, яна не фіксуецца, ня будзе фігураваць, ня будзе прыгадвацца.
— Засядалі даволі доўга, прыходзілі да кансэнсусу даволі цяжка. Сама працэдура кансэнсусу, якая сёлета была зацьверджаная ў статуце, запатрабавала значна больш часу, больш энэргіі, аргумэнтацыі, спрэчак. Вядома, прасьцей было б проста прагаласаваць і параўнаць рэйтынгі (хоць гэта мы таксама рабілі). Але параўнаньне рэйтынгаў было толькі адпраўным пунктам для шырокай дыскусіі і пра асобныя творы, і ў цэлым пра аўтараў, і пра падыход да літаратуры. Мне крышачку шкада, што сама вось гэтая кухня, якая, можа, нават цікавейшая, чым усе гэтыя сьпісы, яна не фіксуецца, ня будзе фігураваць, ня будзе прыгадвацца. Хаця, можа, хтосьці ва ўспамінах калі-небудзь напіша, як выбіралі, як дыскутавалі.
— Вось вы сказалі, што раней намінанты на прэмію абіраліся таемным галасаваньнем, цяпер — шляхам кансэнсусу. Распавядзіце пра саму працэдуру кансэнсусу — як гэта ўсё выглядала?
— Выглядала ўсё, здавалася б, вельмі проста. Кожны сябар журы прапанаваў свой сьпіс з шасьці фіналістаў, і ў залежнасьці ад таго, хто часьцей узгадваўся ў гэтых сьпісах, сфармавалі такі доўгі сьпіс фіналу. Туды ўвайшло дзевяць твораў, і з гэтых дзевяці трэба было выбраць шэсьць. Прычым ня проста галасаваньнем вызначыць, хто набраў больш, хто менш, а каб усе шасьцёра сябраў журы — і беларускія, што знаходзіліся на паседжаньні, і польскія праз скайп — пагадзіліся. І тут узьніклі такія розначытаньні: былі адназначныя фаварыты, якія адразу траплялі ў фінал — здаецца, іх было 4 ці нават 3. А што да ўсіх астатніх, тут давялося дыскутаваць, дамаўляцца, ісьці на кампраміс.
Было нават крыху сьмешнае галасаваньне — вызначалі антырэйтынг, ад якіх твораў сябры журы маглі б адмовіцца ці пайсьці на кампраміс.
Было нават крыху сьмешнае галасаваньне — вызначалі антырэйтынг, ад якіх твораў сябры журы маглі б адмовіцца ці пайсьці на кампраміс. Гэта, напэўна, сапраўды крыху сьмешна і больш складана, але ўсё ж такі больш сэнсоўна, чым проста галасаваньне. Тут і адказнасьць за выбар калектыўная. Таму што ў мінулых галасаваньнях вось гэтая мэханіка і незразумеласьць, хто каму колькі дае, прыводзіла да таго, што пераможцы былі нечаканымі для ўсіх: усе падлічвалі галасы, а потым разводзілі рукі і дзівіліся: а як гэта так атрымалася?
Было такое, калі хто-небудзь зь сябраў журы пачынаў сьвядома гуляць у камбінаторыку, ставіць на апошняе месца відавочнага фаварыта ці наадварот, і гэта прыводзіла да блытаніны. А паколькі галасаваньне было таемнае, гэта прыводзіла да дэзарыентацыі і пэўнай разгубленасьці журы. А цяпер усё абсалютна ясна і празрыста.
— Ігар, а асабіста для вас нейкіх сюрпрызаў, зьдзіўленьня не было — можа, хтосьці абсалютна нечакана трапіў у шорт-ліст?
Тое, што выйшаў наперад Віктар Казько — гэта пэўная камбінаторыка сябраў журы, якія, нічога нікому не сказаўшы, проста зрабілі некалькі матэматычных фінтоў.
— У мінулым годзе ў мяне было адназначнае зьдзіўленьне, таму што мая тройка мінулагодняя была — Альгерд Бахарэвіч, Сяргей Дубавец, Віктар Марціновіч. Я быў упэўнены, і думаць ня думаў, што ўсё складзецца інакш, і дыскусіі не паказвалі, што гэтая тройка парушыцца. Больш за тое, усё паказвала, што выбар будзе паміж Дубаўцом і Бахарэвічам. І тое, што выйшаў наперад Віктар Казько — гэта пэўная камбінаторыка сябраў журы, якія, нічога нікому не сказаўшы, проста зрабілі некалькі матэматычных фінтоў.
— Але заўтра, калі кароткі сьпіс будзе абвешчаны, вы зьдзівіце публіку, ці ўсё больш-менш прадказальна?
— Ня ведаю нават... Кагосьці ня зьдзівім, кагосьці зьдзівім. Урэшце, праблема зьвялася да таго, хто ад каго змог адмовіцца і хто настойваў на такіх безумоўных кандыдатах.
Адзінае скажу, што... Але не, не скажу — дачакаемся заўтра.
***
Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця была заснаваная цяпер ужо былым амбасадарам Польшчы ў Беларусі Лешакам Шарэпкам пры фінансавай падтрымцы «Ідэя-банку» і Калегіюму Ўсходняй Эўропы ва Ўроцлаве. Уручаецца яна з 2012 году за творы, напісаныя на беларускай мове. Памер першай прэміі — 10 тысяч эўра.
Папярэднія пераможцы: Павал Касцюкевіч з кнігай «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімер Някляеў з кнігай «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» (2013), Ігар Бабкоў з кнігай «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько з кнігай «Час зьбіраць косьці» (2015).
Пераможцу вызначае журы, якое складаецца зь беларускіх і польскіх літаратараў, перакладчыкаў, крытыкаў.
Сёлета ў журы Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця ўвайшлі: Ігар Бабкоў — беларускі празаік і філёзаф, ляўрэат прэміі Гедройця 2014 году; Анджэй Бжэзецкі — польскі журналіст, аўтар кніг пра Беларусь, галоўны рэдактар часопіса «Nowa Europa Wschodnia»; Сяргей Дубавец — беларускі пісьменьнік, журналіст; Малгажата Ноцунь — польская журналістка, аўтарка кніг пра Беларусь, намесьніца рэдактара часопіса «Nowa Europa Wschodnia»; Людміла Рублеўская — беларуская пісьменьніца, літаратурны крытык; Ганна Янкута — беларуская перакладчыца, літаратурны крытык.
Першая прэмія імя Гедройця ўручалася 4 сакавіка 2012 году, ва Ўсясьветны дзень пісьменьніка. Потым тэрміны крыху зрушыліся — летась урачыстая цырымонія ўганараваньня прайшла 2 чэрвеня, сёлета ўручэньне прэміі Гедройця адбудзецца ў сярэдзіне кастрычніка.