Міністар адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў на прэс-канфэрэнцыі заявіў, што цікаўнасьць школьнікаў і студэнтаў да вывучэньня беларускай мовы расьце, перадае БЕЛТА.
Тым часам колькасьць клясаў і школаў зь беларускай мовай не павялічылася. Міністар тлумачыць гэта тым, што ў пытаньні адкрыцьця беларускамоўных клясаў зыходзяць з жаданьняў бацькоў.
У Беларусі на 2014–2015 навучальны год па-беларуску навучалася 10,5% дзяцей у дашкольнай адукацыі (2,4% у гарадах, 56,4% у сельскай мясцовасьці), 14,5% школьнікаў (зь іх 89,3% у сельскай мясцовасьці) і 0,1% студэнтаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Закрыцьцё вясковых беларускамоўных школ называюць аптымізацыяй.
Па-беларуску і па-расейску адначасова навучаліся яшчэ 16,9% школьнікаў і 41,1% студэнтаў. Доля беларускай мовы ў беларуска-расейскім навучаньні не называецца.
Your browser doesn’t support HTML5
Разам з тым Жураўкоў паведаміў, што ў Беларусі плянуецца ўдасканаліць сыстэму цэнтралізаванага тэставаньня. Так, мае зьявіцца дадатковая частка С для профільных клясаў, пасьля таго як будзе «добра ўкаранёнае профільнае навучаньне». З 2017 году, кажа міністар, сэртыфікаты ЦТ можна будзе выкарыстоўваць два гады.